Вы тут

Гутарка пра творчасць з пісьменнікам Паўлам Гушынцом


Нядаўна адзначаўся Дзень медыка, і гэта стала нагодай пагутарыць пра творчасць і тое, як удаецца сумяшчаць захапленне і прафесію, з папулярным, запатрабаваным сёння пісьменнікам Паўлам Гушынцом, які працуе ў сферы медыцыны. Многія кнігі П. Гушынца заснаваны на рэальных фактах, гісторыях, якімі падзяліліся пацыенты альбо сведкам якіх яму пашчасціла стаць. Актыўна выступае П. Гушынец і ў дзіцячай літаратуры, агучвае ўласныя творы ў аўдыяпраекце Белкнігі «Чытанка». Як усё паспець, дзе знаходзіць натхненне, што дапамагае не губляць час дарэмна — пра гэта сённяшняя гутарка.


Павел Гушынец.

— Захапленне літаратурай у вас было ўжо ў юнацтве, але ўсё ж абралі іншы шлях. Як так склалася?

— Сапраўды, пісаў і друкаваўся ў раённай газеце «Хімік» — супрацоўнічалі з Лявонціем Неўдахам. Марыў у той час пра гістфак альбо журфак. Але калі паўстала пытанне, куды паступаць, выбраў медыцыну, таму што разумеў: прафесія гэтая заўжды запатрабаваная і прынясе стабільны даход. Літаратура засталася захапленнем.

— Сярод пісьменнікаў часта сустракаюцца надзвычай адчувальныя да чужога болю людзі. Як літаратар пачувае сябе ў гэтым плане ў медыцыне?

— У хірургіі, дзе болю зашмат, цяпер не працую. У «баявых» аддзяленнях працаваў толькі ў маладосці, ва ўзросце 19—20 гадоў. Тады ўсё ўспрымалася прасцей. Так, падчас дзяжурства ў рэанімацыі часам здаралася, што за ноч было да шасці смярцей, і гэта не адчувалася як асабістая трагедыя: ты прыйшоў на працу і робіш усё, што можаш. Цяпер я ў камерцыйнай медыцыне, начальнік аддзела продажаў у гігіене харчавання, працую з антыбіётыкамі ў малацэ, напрамую з пацыентамі сустракаюся рэдка.

— У кнігах вы апісалі многае з таго, што вам распавядалі. Над чым працуеце цяпер і кім бачыце сябе ў літаратуры ў будучыні?

— Спрабую сябе паўсюль. Так, нядаўна Выдавецкім домам “Звязда” зрабілі праект па фэнтэзі. Гэтыя напрацоўкі былі яшчэ з юнацтва — цяпер на іх аснове ствараю па тры кнігі ў год.

Маю і ваенны праект пад назвай «Дзеці вайны», пішу ўжо трэцюю кнігу. У Барысаўскай бібліятэцы ёсць цудоўны чалавек, архіварыус, які перадаў мне некаторыя матэрыялы пра Барысаўскае гета — па іх і пішу кнігу. Мне цікава гэтая тэма, а за яе пакуль ніхто ўсур’ёз не браўся, былі толькі некаторыя краязнаўчыя спробы. У школе нам выкладалі гісторыю без эмацыянальнай афарбоўкі, а праз сведкаў тых падзей, якім было тады гадоў па пяць-шэсць, можна ўбачыць рэальных людзей. Часам распавядаюць такія рэчы, якіх нідзе больш не пачуеш і якія ўсё пераварочваюць. Пачынаеш разумець: не бывае гісторыі чорна-белай, яна заўжды каляровая… Здараецца, і злодзей мае нешта светлае ў душы і робіць нешта правільна, і, наадварот, самы добры чалавек часам здольны на дрэнныя ўчынкі…

Шукаю сябе і ў навуковай фантастыцы. Напісаны дзве часткі з трох задума­ных. Пачалося ўсё яшчэ ў 90-я гады, калі выпадкова падчас студэнцкай вандроўкі трапіў у зону адсялення ў Драгічынскім раёне. Мяне гэта вельмі ўразіла — узнікла задума своеасаблівага рамана накшталт «Сталкера».

Мне часта пішуць чытачы з усяго свету, часам просяць адправіць ім кніжку. Так, дасылаў выданні ў Сеул, Канаду, Германію. А ў Казахстане па маім апавяданні на ваенную тэматыку дзеці зрабілі монаспектакль — атрымалася вельмі пранікнёна і цікава: яны самі знайшлі, спампавалі і перанеслі на сцэну… У Санкт-Пецярбургу па адным з маіх расповедаў выпускнікі інстытута кінематаграфіі напісалі сцэнарый і знялі фільм…

— Калі казаць пра падлеткаў, то, на вашу думку, чым цяпер іх можна за­цікавіць?

— Да падлетка рэальна дастукацца праз фэнтэзі, дарослую казку. Трэба, каб ён асацыіраваў сябе з героем.

— Акрамя ўсяго, вы ўдзельнічалі ў праекце «Чытанка», агучвалі творы для дзяцей…

— Са мной звязаліся стваральнікі праекта і прапанавалі паспрабаваць. Мне падалося гэта цікавым, і я выклаў сваё агучанае апавяданне для дзяцей. Да таго часу чытаў толькі творы для дарослых на канале YouTube.

Разумеў, што дзяцей трэба зацікавіць, таму працаваў з голасам, вылучаў пэўныя моманты. На дзіцячых сустрэчах часта чытаю свае творы — то-бок, маю пэўныя напрацоўкі: дзесьці спыняюся, у іншым месцы змяняю голас ці дадаю эмацыянальную афарбоўку — тут зрабіў тое ж самае, толькі не перад гледачамі, а перад экранам.

— А што любіце самі чытаць?

— У мяне прынцып: пастаянна павышаць свой узровень. Кожная чацвёртая кніга для абавязковага чытання — не тая, якая цікавая, а тая, якую абавязкова трэба ведаць: якасная, хоць і цяжкая, інтэлектуальная класіка, напрыклад, Кафка, Маркес — мозг трэба развіваць, трэніраваць, выхоўваць у сабе складанае спажыванне… Адзін з апошніх, каго прачытаў, — пісьменнік індыйскага паходжання Салман Рушдзі.

— Вы чалавек надзвычай заняты і ўсё ж часта выступаеце на дзіцячых літаратурных імпрэзах…

— Атрымліваю ад дзяцей эмацыянальны зарад. Як шчыра яны захапля­юцца: «Пісьменнік прыехаў!» — адчуваю сябе жывым класікам… (смяецца. — Заўв. аўтара).

— Колькасць напісанага вамі ўражвае. Як удаецца ўвесь час заставацца «ў плыні»?

— Натхненне трэба выхоўваць. Я ўвесь тыдзень у прадчуванні часу, калі ў суботу раней за ўсіх устану, сяду за камп’ютар і напішу тое, што назапасілася за тыдзень. Калі загараешся ідэяй — усё кідаеш і пачынаеш запісваць. Так, у мяне ёсць серыя пад назвай «Абрыўкі» — запісваў тое, што «прыходзіла», на ўсім, што траплялася пад руку, — на сурвэтках, чэках, на рукаве, на кавалку карты, нават на шпалерах аднойчы занатаваў кавалак апавядання!

Цяпер у мяне стос прыгожых блакнотаў, чорны чарнільны «Паркер» — і я эстэцтвую, атрымліваю задавальненне! Прыдумляю, запісваю, а ў камп’ютары потым «сшываю» гэтыя кавалкі.

— Вы — аўтар і гумарыстычных твораў. У дактароў зазвычай гумар злёгку цынічны альбо нават чорны…

— Так, і гэта — абарона псіхікі. Калі вы не будзеце з гумарам ставіцца да таго, што адбываецца навокал, папросту звар’яцееце! Але бывае, што нават гумар не абароніць. Так, я не змог бы працаваць у дзіцячым анкацэнтры, у дзіцячым хоспісе… Схіляю галаву перад тымі ўрачамі, якія могуць утрымаць сваю нервовую сістэму ў такой працы…

— Раскажыце пра найцікавейшыя выпадкі з вашай медыцынскай практыкі.

— Адну з практык у медуніверсітэце праходзілі ў інфекцыйнай бальніцы. Выкладчык пазнаёміў нас з гісторыяй, якую, па яго перакананні, інакш як цудам назваць нельга. Яна пра дзяўчыну лёгкіх паводзінаў з усімі тыповымі атрыбутамі накшталт наркотыкаў і пад. Маладзіца 17—18 гадоў трапіла ў турму па крымінальным артыкуле на вялікі тэрмін. У турэмнай бальніцы яна даведалася пра дзве рэчы: што яна цяжарная і што ў яе ВІЧ — і жыць ёй засталося зусім мала. Наступныя дзесяць гадоў яна паклала на тое, каб нарадзіць і вырасціць гэтае дзіця. Цалкам змянілася, датэрмінова выйшла на волю праз тры гады, стала іншым чалавекам: пачала прымаць лекі, знайшла працу. Мы з ёю сутыкнуліся, калі яе дачцэ было ўжо 13 гадоў. Такім чынам, пацыентка з дыягназам пражыла 14 гадоў — гэта на той час лічылася амаль немагчымым. Была аптымістычна настроеная, вельмі пазітыўна на ўсё глядзела, на занятках дэманстравала свае лімфавузлы студэнтам… А колькі выпадкаў, калі анкахворыя жылі нашмат больш тэрміну, спрагназаванага дактарамі! Доктар не лечыць, а дапамагае паправіцца, многае залежыць ад чалавека, яго веры.

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.