Вы тут

Кніга Уладзіміра Васько «Зігзагі лёсу»


У розных кутках Беларусі, як і дзесяцігоддзі назад, працуе нямала цікавых, яркіх паэтаў, нямала празаікаў, прачытаўшы адзін верш, адкрыўшы адно-другое апавяданне якіх, пачынаеш шукаць іншыя творы гэтых аўтараў. Яны, здараецца, не часта друкуюцца ў рэспубліканскай літаратурна-мастацкай перыёдыцы. Бывае, што ў Мінску зусім не выходзяць іх кнігі... Наклады тых зборнікаў, якія яны ўсё ж часам выдаюць за свой уласны кошт, — у межах 50 — 200 асобнікаў. І рэцэнзенты заўважаюць далёка не ўсе выданні... 


Шкадую, што не патрапіла мне раней на вочы кніга Уладзіміра Васько «Зігзагі лёсу» (выйшла ў гродзенскім выдавецтве «ЮрСапрынт» у 2017 годзе), паэта і празаіка, які даўно жыве ў Лідзе. Зараз — на пенсіі. А раней працаваў у лідскай раённай газеце, настаўнічаў на Дзятлаўшчыне. Нарадзіўся Уладзімір Васько ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. 

«Зігзагі лёсу» — кніга, якая «апавядае пра асабісты жыццёвы шлях аўтара, яго эмацыянальнае і разумовае ўспрыняцце людзей, з якімі сустракаўся, прыроды, навакольнага свету». У. Васько ўзнаўляе словам сваю памяць, пачынае з самага маленства (нарадзіўся пісьменнік 2 студзеня 1937 года). Адкрыта, шчыра паказвае, якія яго акружалі блізкія, як складваўся побыт у розныя дзесяцігоддзі, якімі былі першыя крокі на ніве творчасці. Вось дзе сапраўды пераконваешся, што кожнае жыццё цікавей іншага рамана. А мо і ёсць наша жыццё — самы яркі і сапраўдны, самы дасканалы раман?! І справа не ў прыгодах, не ў тым, што на шляху былі цікавыя сустрэчы ці вандроўкі. Усё, відаць, у іншым — у здольнасці чалавека, аўтара выкласці самае патаемнае, самае інтымнае, асабістае і ўзвесці яго ў ранг цікавага адлюстравання часу і чалавека ў часавай прасторы. 

«Жыццё ў каморцы. Вайна» — першы раздзел, першы «зігзаг»... «У мяне вельмі рана прачнулася памяць. Помню нават цяпер, як я маленькім ляжаў у калысцы, сплеценай з лазы дзедам з Шаршнёў Пятром Ігнатавічам Белушам, а мама калыхала гэтую калыску і спявала мне песні. <...> Дзіцячым розумам хацеў улавіць сэнс слоў калыханкі, але не ўсё мне ўдавалася. Затое разумеў сэнс размоў у хаце. Мама жалілася роднай сястры Веры, якая прыязджала з Шаршнёў у адведкі, што так многа работы, а малы ўсё не спіць. Клопаты бліз печы і па гаспадарцы з’ядалі ўвесь час мамы. А я не спаў таму, што вельмі любіў слухаць матчыныя песні. Але пра сябе думаў: „Ну раз у вас шмат работы і вы хочаце, каб я спаў, то буду спаць“. І засынаў. Не кемлю, праўда, у якім узросце тады быў: год, паўтара ці два. 

Яшчэ я помню, як з калыскі любіў разглядаць сучкі ў бярвеннях сцяны. Жылі мы да Вялікай Айчыннай вайны (ды і ў вайну) у каморцы з адным акном. На непабеленых сценах надта выразна выступалі сучкі рознай формы: маленькія, кругленькія, з капеечную манету, і авальныя, прадаўгаватыя, накштал невялікага курынага яйка. Гэтыя сучкі былі для мяне своеасаблівымі карцінкамі, якімі я падоўгу мог любавацца, таму таксама не хацеў засынаць. А для мамы быў лішні клопат...» 

Успаміны пра маленства, дзяцінства, першыя гады вучобы ў школе, першае каханне, пра першы апублікаваны верш (а гэтым творам была «Песня о советской жизни», надрукаваная ў Жалудоцкай раённай газеце «За Радзіму») вельмі кранальныя, хаця і лаканічныя, падаюцца глыбіннымі, уражлівымі. Сваё жыццё адлюстроўвае сапраўдны пісьменнік, які не толькі пільна ўглядаецца ў мінулыя дні, а яшчэ паказвае ўсю палітру перажыванняў, эмацыйных узрушэнняў, здавалася б, даўно забытых дзён. Мне нават здаецца, што многія старонкі маглі б выліцца ў аповесць. А мо нават — і не ў адзін, а ў некалькі мастацкіх твораў. 

Паслядоўна паказваючы сваю армейскую службу, студэнцтва, гады настаўніцтва, Уладзімір Васько падрабязна расказвае пра свае творчыя памкненні, пра тое, як перайшоў у паэзіі з рускай мовы на родную беларускую. У часы студэнцтва Уладзімір пазнаёміўся з многімі гродзенскімі літаратарамі. І тымі, хто вучыўся разам з ім у Гродзенскім педагагічным інстытуце, і з старэйшымі таварышамі, якія працавалі ў «Гродзенскай праўдзе» альбо працавалі ў іншых месцах. Пра гэта — у раздзелах «Пад аўрай Васіля Быкава», «Данута Бічэль», «Трохі пра Апанаса Цыхуна», «Уладзімір Шурпа», «Аляксей Пяткевіч»... Сустрэчы з пісьменнікамі — і ў храналагічна пазнейшых апісаннях. З цікавасцю чытаюцца і такія аповяды, як «Знаёмства з Алегам Лойкам», «Сустрэча з Янкам Брылём», «Згадка пра Івашэвіча» (Іван Пятровіч Івашэвіч у гісторыі літаратуры вядомы як паэт Пятро Граніт), іншыя старонкі. У раздзеле пра Пятра Граніта — і сустрэча з Максімам Танкам, які добра ведаў Івана Пятровіча Івашэвіча. Дарэчы, калі зазірнуць у дзённікі Максіма Танка, то ў запісе ад 27 сакавіка 1969 года можна прачытаць наступнае: «...Прыехаў П. Граніт з маладым паэтам Васько...» А вось пра сустрэчу — у «зігзагу» Уладзіміра Васько: «...У шасцідзесятых гадах вялікая ўвага надавалася палітвучобе. Іван Івашэвіч вёў палітгурток на ферме ў Зачэпічах, а я ў райспажыўсаюзе. І аднойчы нас, як і іншых такіх жа, выклікалі на рэспубліканскі семінар. Да адкрыцця яго заставалася больш, як паўтары гадзіны і Іван Пятровіч кажа: 

  • Давай зойдзем да Максіма Танка. Ён жыве вунь у тым доме, каля галоўпачтамта. 
  • Ні за што, — адмовіўся я. — Хто я такі, каб ісці ў кватэру да такога славутага паэта, як Максім Танк? Ідзі адзін, калі хочаш. 
  • Ну, тады пабудзь тут. Я доўга не затрымаюся.

<...> праз некалькі мінут Іван Пятровіч вяртаецца назад. Ён наблізіўся і з усмешкай кажа:

  • Пайшлі да Танка. 

Я зноў заўпарціўся.

  • Сказаў, каб без Васько назад не прыходзіў. Хоча цябе бачыць. Пайшлі! 
  • Ну, раз так, то трэба паслухацца. 

І мы рушылі ў бок дома беларускага класіка. Я, канечне, хваляваўся, але куды дзенешся, не быць жа ўцекачом у такую, магчыма, гістарычную часіну? Мы падняліся, здаецца, на чацвёрты паверх. Івашэвіч націснуў на кнопку. Дзверы адчыніў сам Максім Танк. Ён правёў нас па даўгім калідоры ў свой пакой, прапанаваў сесці каля стала. Сам сеў насупраць. Івашэвіча ён ведаў многа гадоў, а вось я для яго быў навічком. І Яўген Іванавчі пацікавіўся, дзе я працую, што пішу. 

  • Я чытаў твае вершы ў „Маладосці“, — прамовіў ён. — Неблагія. Прачытай што-небудзь новае. 

Я па памяці пачаў чытаць тое, што лічыў лепшым. 

  • Добра, — падбадзёрыў Максім Танк. — Але старайся не паўтараць тэм, на якія ўжо пісалі іншыя аўтары. Шукай свае новыя, свежыя. А каб не паўтарацца, трэба больш чытаць твораў і старэйшых і маладых паэтаў. 

Загаварылі пра зборнік вершаў для дзяцей Івана Івашэвіча. Максім Танк сказаў:

  • Надрукуй свае творы на машынцы і пашлі ў выдавецтва... Я патэлефаную хлопцам і папрашу, каб выбралі ўсё самае лепшае і выдалі кнігу...» Дарэчы, той сакавіцкі дзень быў для самога Танка няпростым. Працытуем увесь дзённікавы запіс ад 27 сакавіка 1969 года: «А хваробы не ўступаюць. Магчыма, Любашы прыйдзецца легчы ў бальніцу, бо тромбафлебіт усё больш дае аб сабе знаць. І ніякія лекі не памагаюць. І ў мяне зноў вярнулася арытмія. Быў доктар. Загадаў ляжаць...» І Максім Танк усё ж не шкадуе часу, прымае старога знаёмага і маладога паэта, гутарыць, знаходзіць словы, якія пасля ў свядомасці, памяці Уладзіміра Васько застануцца на многія дзесяцігоддзі. 

«Зігзагі лёсу» Уладзіміра Васько — шчырая споведзь пра час і пра сябе літаратара, які праз усё жыццё паяднаны з Гродзеншчынай, яе мілымі Шчучынскай, Дзятлаўскай, Лідскай старонкамі. Прыемна, што ў кнізе згадваюцца імёны шмат каго з мясцовых паэтаў, празаікаў, імёны тых, хто лічыў і лічыць творчасць неад’емным складнікам свайго жыцця. І не важна, што не ўсе яны маюць уласную кнігу. Уладзімір Васько кожнага з іх лічыць роўным паплечнікам на творчай ніве. Старонкі пра літаратурнае жыццё на Лідчыне, у другіх раёнах — гэта яшчэ і біяграфія беларускага прыгожага пісьменства ў рэгіёне. «Зігзагі лёсу» — і асабісты і грамадскі летапіс мастацкіх, літаратурных падзей і з’яў у рэгіёне. 

... Першая кніга Уладзіміра Васько — зборнік вершаў «Прасветленасць» нараджэннем з 1981 года. Ён выйшаў у серыі «Першая кніга паэта» выдавецтва «Мастацкая літаратура». У розныя гады пабачылі свет кнігі У. Васько «Кругаварот жыцця», «На схілах берагоў», «Лясная рапсодыя», «Неабдымнае». І галоўным лейтматывам літаральна кожнай з іх з’яўляецца прыцягненне паэта, празаіка да роднай зямлі. Як вось і ў гэтым вершы — «Зямля Беларусі»: «Я жыву ў самым цэнтры/ сусвету, Еўропы і часу./ Думкі гэтай ніхто і нідзе/ не аспрэчыць бадай./ Тут дабро і спагада/ навекі злучыліся разам./ Людзі кажуць: „Вазьмі“/ і саромяцца вымавіць: „Дай!“/ Ад духоўных нядугаў/ тут лечаць і Нёман і Свіцязь./ Забяры хто адгэтуль мяне — / я — даразу ж памру./ О, Зямля Беларусі,/ Я праведнік твой непахісны і віцязь./ Ты сумленна жывеш — / і ад сораму я не згару». 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.