Вы тут

Як будуць святкаваць Дзень Незалежнасці ў Мінску


Традыцыйна маштабная праграма мерапрыемстваў з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адкрыецца ўрачыстым сходам і канцэртам ад майстроў мастацтваў «Краіна маёй мары», які пачнецца ў Палацы Рэспублікі 30 чэрвеня ў 17:30.


— У аснову гэтага канцэрта закладзена ідэя, што ўсе мары павінны спраўджвацца ў нашай краіне, — падкрэслівае начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч. — Праграма мерапрыемства раскрывае такія важныя і знакавыя паняцці, як патрыятызм, незалежнасць, гістарычная памяць, сямейныя і духоўныя каштоўнасці, мір і стваральная праца. Сімвалічна, што на адной сцэне выступяць як вядучыя артысты краіны, так і таленавітая моладзь.

Рэжысёрам канцэрта майстроў мастацтваў «Краіна маёй мары» выступае Агата Мацко. Гледачоў чакае шмат прэм’ер новых цікавых музычных кампазіцый у выкананні вядучых артыстаў беларускай эстрады і оперы, а таксама прадстаўнікоў розных рэгіёнаў Беларусі. Таксама шырока будзе прадстаўлена наша таленавітая моладзь — акцёры тэатраў і кіно з усіх куткоў Беларусі.

У фае другога паверха Палаца Рэспублікі разгорнецца выстава «Хлеб. Мір. Стварэнне». Экспазіцыя з 10 блокаў будзе прысвечана гісторыі збожжавых культур і хлебапячэння, рэгіянальным і сартавым разнавіднасцям хлябоў, сучасным дасягненням Рэспублікі Беларусь у справе забеспячэння харчовай бяспекі.

Свята працягнецца ў Вялікім тэатры оперы і балета, дзе адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання работнікаў культуры і гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі «Мастацтва Беларусі ў свеце і стварэнні». Рэжысёрам канцэрта выступае галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Ганна Маторная. Таксама будзе арганізавана выстава «Культура Беларусі сёння», дзе можна пазнаёміцца з дасягненнямі нашай культуры. Што датычыцца канцэртнай праграмы, там будуць прадстаўлены нумары ў выкананні не толькі зорак Вялікага тэатра, але і артыстаў беларускай эстрады, таксама будуць прадстаўлены і рэгіёны.

Тэмай года міру і стваральнай працы прасякнуты абсалютна ўсе мерапрыемствы Дня Незалежнасці, куды плануецца запрасіць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане, ветэранаў працы, прадстаўнікоў Узброеных Сіл і рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычнага корпуса, а таксама вядомых спартсменаў, дзеячаў культуры, абласныя дэлегацыі.

Дзень Незалежнасці непасрэдна 3 ліпеня адкрые традыцыйнае ўскладанне кветак на Кургане Славы. У ім возьмуць удзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дэлегацыі абласцей і сталіцы, удзельнікі акцыі «Цягнік памяці», якая ўжо праходзіць па ўсёй краіне.

— Традыцыйна адкрые праграму ўрачыстае ўскладанне вянкоў і кветак да манумента Перамогі ў 10 раніцы. Тут жа адбудзецца сімвалічнае завяршэнне гарадской акцыі «Каляндар і кніга памяці»,— удакладніў начальнік упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Віталь Брэль.

— У мерапрыемстве прымуць удзел кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі грамадскасці Мінска, вядомыя дзеячы культуры, спартсмены і многія іншыя. Хэдлайнерам канцэртнай праграмы стане папулярны расійскі гурт Filatov & Karas. Мерапрыемства пачнецца ў 21.00. Будзе арганізавана яго прамая трансляцыя, — дадала Іна Адамовіч.

Нязменна маштабная канцэртная праграма чакаецца ля Палаца спорту, пачынаючы ўжо з 1 ліпеня. З 13:00 будзе гучаць фонавая музыка, якую з 14:00 і да 21:30 зменіць канцэрт маладых выканаўцаў. Фальклорна-творчы накірунак будзе мець святочная праграма 2 ліпеня: з 14:00 да 21:00 каля Палаца спорту пройдзе канцэрт «У адзінкавым карагодзе». У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на пляцоўцы адбудзецца канцэрт «Славім імя тваё — Беларусь» (з 12:00 да 23:00). Завершыць святочную праграму на Дзень Незалежнасці гала-канцэрт «Формула міру» і акцыя «Праспяваем гімн разам», якія пройдуць на пляцоўцы ля стэлы «Мінск — горад-герой».

— Эфектным упрыгожваннем фінала свята будзе феерверк, які прагрыміць 3 ліпеня ў 23:00 у 6 пунктах сталіцы — над музейна-паркавым комплексам «Перамога», у парку Паўлава, на набярэжнай парку «Дразды», на пляцоўках ля «Чыжоўка-Арэны» і Нацыянальнай бібліятэкі, у скверы Янкі Купалы (сёлета ён зменіць пляцоўку парку Уга Чавеса), — адзначыў Віталь Брэль.

Будзе, што паглядзець і прыхільнікам ваеннай тэхнікі. У Мінску 3 ліпеня Міністэрства абароны разгорне тэматычныя пляцоўкі ва ўсіх сталічных раёнах: гэта паркі Перамогі, экстрэмальных відаў спорту, Паўлава, 60-годдзя Кастрычніка, Курасоўшчына і Лошыцкі, а таксама ля «Чыжоўка-Арэны», Нацыянальнай бібліятэкі і ў скверы Мулявіна. Дзясятая тэматычная пляцоўка будзе разгорнута каля Кургана Славы.

Як паведаміў начальнік 2-га аддзела ўпраўлення інфармацыі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кісель, такім чынам жыхары і госці нашай краіны змогуць азнаёміцца з найноўшымі ўзорамі ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, узорамі ваеннай формы і экіпіроўкі. Будзе арганізавана праца фотазон, трэнажораў, кропак прафарыентацыі, правядзенне спартыўных і ваенных конкурсаў. Таксама можна будзе ўбачыць выступленні кінолагаў са службовымі сабакамі, воінаў-чыгуначнікаў, воінаў супрацьміннага цэнтра, вайсковых творчых калектываў і аркестраў. Акрамя таго, вайскоўцы прыгатуюць смачную салдацкую кашу і прапануюць яе ўсім жадаючым. На Кургане славы можна будзе паспрабаваць і свежаспечаны хлеб.

— Праца ваенна-патрыятычных пляцовак у дні дзяржаўных святаў ужо стала добрай традыцыяй. Нашы грамадзяне, асабліва самыя юныя беларусы, з нецярпеннем чакаюць і вельмі рады сустрэчам з вайскоўцамі беларускай арміі. Менавіта таму мы заўсёды стараемся ўсяляк разнастаіць і насыціць нашы пляцоўкі цікавымі і эксклюзіўнымі экспанатамі, конкурсамі і спаборніцтвамі ваенна-патрыятычнай накіраванасці, — падкрэслівае Аляксандр Кісель. — Запрашаем усіх беларусаў і гасцей нашай краіны 3 ліпеня наведаць месцы правядзення святочных мерапрыемстваў — добры настрой, насычаная праграма, шмат сюрпрызаў і эксклюзіў вам гарантаваныя, а актыўным удзельнікам конкурсаў будуць уручаны памятныя сувеніры.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.