Вы тут

Янка Брыль: Працяг сустрэч


Па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выдавецтва «Мастацкая літаратура» прадаўжае выданне Збору твораў Янкі БРЫЛЯ (1917 — 2006) ў дзесяці тамах. Пабачыў свет восьмы том.


Выданне рыхтуецца ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, які ўваходзіць у склад Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Склад рэдакцыйнай калегіі выдання наступны: А. І. Лакотка, І. В. Саверчанка, Н. І. Семашкевіч, В. А. Шніп, А. А. Васілевіч. Рэдактар восьмага тома — А. А. Васілевіч. Падрыхтоўка тэкстаў і каментарыі да тома Вольгі Карачун і Валерыя Назарава. У восьмы том увайшлі 15 нарысаў і 20 літаратурных партрэтаў, створаных пісьменнікам за амаль паўстагоддзя (1955 — 1998). З выдавецкай анатацыі да восьмага тома: «Аўтар шчодра дзеліцца з чытачом неардынарнымі інтэлектуальнымі і ідэйна-светапогляднымі набыткамі, багатым жыццёвым досведам, вобразнымі назіраннямі, уключаючы іх у парадыгму мноства творчых стасункаў, асабістага жыцця, блізкага акружэння, значнага кола сяброў і знаёмых з Беларусі і замежжа».

Нарысы прысвечаны падарожжам Янкі Брыля па замежжы і Беларусі, асобам, якія стрэліся пісьменніку па жыцці. У першы раздзел уключаны: «Польскі дзённік» (твор напісаны па выніках падарожжа ў суседнюю краіну ў рамках дэкады беларускай культуры 30 верасня — 9 кастрычніка 1955 г.); «Павел Арсеньевіч» (нарыс расказвае пра Паўла Арсеньевіча Жалезняковіча, першага сакратара Любчанскага райкама КП Беларусі, партызанскага камісара, дзеяча камуністычнага падполля ў час акупацыі Беларусі панскай Польшчай), «На тым баку планеты» (з канадскіх уражанняў лета 1960 г.), «Волга ўпадае...» (паводле ўражанняў падчас падарожжа па Волзе ў 1967 г.), «Душа — не падарожніца» (паводле ўражанняў ад 16-дзённага наведвання пісьменнікам поўдня Індыі ў 1967 г.), «Хвалі і сосны» (аб падарожжы ў Ялту), «Знаёмства з ГДР» (падарожжа 1969 г.), «У нас в горах...» (з нагоды святкавання 100-гадовага юбілею з дня нараджэння армянскага пісьменніка Аванеса Туманяна на яго радзіме ў 1969 г.) і іншыя не меней цікавыя творы.

У літаратурным, літаратурна-крытычным раздзеле восьмага тома чытача чакаюць сустрэчы з Валянцінам Таўлаем, Міхасём Лыньковым, Алесем Адамовічам і яшчэ з многімі пісьменнікамі розных пакаленняў, з якім Янку Брыля звязвалі зацікаўленне, захапленне іх творчасцю, а часам і добрае, шчырае сяброўства.

Тыраж выдання — 600 экзэмпляраў. Таму спяшайцеся набыць восьмы том Збору твораў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. Гэты кніжны набытак — на гады. Знаёмства з нарысамі і літаратурнымі партрэтамі сапраўднага класіка беларускай літаратуры дапаможа па-новаму зірнуць на аўтара рамана «Птушкі і гнёзды» і многіх іншых мастацкіх твораў, якія надоўга застануцца ў біяграфіі беларускага прыгожага пісьменства.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.