Вы тут

Постаці эпохі Аляксея Глебава


«Услаўляючы чалавека» — так называецца выстава твораў народнага мастака БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, скульптара і педагога Аляксея Глебава, якая адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. У 2023-м адзначаецца 115 гадоў ад дня нараджэння майстра, які зрабіў вялікі ўнёсак у фарміраванне і станаўленне беларускай скульптурнай школы. Зусім юным разам з сябрамі Глебаў, «папоўскі сын» з сяла на Смаленшчыне, здзейсніў мару — паступіў у знакамітую Віцебскую мастацкую вучэльню. Быў адлічаны з-за паходжання... Вандраваў, падзарабляў... Папрацаваў нават у знакамітым тэатры МХАТ у Маскве. Але дзякуючы свайму настаўніку Міхаілу Керзіну вярнуўся ў Мінск, удзельнічаць у афармленні Дома ўраду.


Талент маладога скульптара быў заўважаны. Ён працаваў і ў манументальнай пластыцы, і ў сюжэтна-тэматычных кампазіцыях, ствараў камерныя станковыя творы, удала адлюстроўваў героіка-грамадзянскую тэму, але мог выказацца і лірычна-паэтычна. Па экспазіцыі можна прасачыць творчы шлях майстра ад 1940-х да апошніх гадоў жыцця, а памёр ён у 1968-м, убачыць знакамітыя, пазнавальныя ягоныя працы — вядома, найперш гэта велічнае адлюстраванне Францыска Скарыны, якое стала хрэстаматыйным. Дзяржаўную прэмію за яго скульптару прысудзілі ўжо пасмяротна. Пазнавальная і мадэль гарэльефа «Партызаны Беларусі», які Глебаў зрабіў для манумента Перамогі ў Мінску. Вайна для скульптара была не проста тэмай: ён ваяваў на фронце ў якасці кулямётчыка, у бітве за Маскву цяжка паранены, потым працаваў у штабе партызанскага руху.

Якуб Колас і Янка Купала, героі Вялікай Айчыннай вайны і Грамадзянскай вайны, спартсмены, артысты, навукоўцы... Шматлікімі скульптурамі Аляксей Глебаў ствараў партрэт сваёй эпохі. Але на выставе можна пабачыць і ягоныя партрэты — у скульптуры, у графіцы, у фота і кінаматэрыялах, зробленыя сучаснікамі, сябрамі і вучнямі. Можна не толькі паглядзець асабістыя дакументы скульптара, чыё імя носіць Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж, былая вучэльня, але і пачуць ягоны голас у запісу з фондаў Белтэлерадыёкампаніі.

Аляксей Глебаў пражыў не надта доўга — франтавое раненне ў лёгкае сказалася. Але ягоная творчасць стала класікай і прадоўжылася ў шматлікіх вучнях.

Выставу можна наведаць да 13 жніўня.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.