Вы тут

Касым Нурбадаў: ліставанне і сустрэчы


Два гады назад агаломшыла вестка з Ашхабада пра тое, што памёр вядомы дзіцячы пісьменнік. 30 красавіка 2021 года ва ўзросце 69 гадоў... Інтэрнэт-крыніцы, якія напісалі пра гэта праз некалькі дзён пасля смерці, падкрэслілі, што ў апошні час паэт пакутаваў ад цяжкай хваробы. Хаця дакладную прычыну і не назвалі. Пахавалі Касыма Нурбадава ў яго роднай вёсцы Аджыял Эсэнгулінскага раёна Балканскага велаята. І туркменскі празаік і перакладчык Максат Бяшымаў, з якім мы знаёмы ўжо недзе каля дзесяці гадоў, не адразу напісаў пра тое, што здарылася. Бо і сам, жывучы паблізу ад Касыма Нурбадава, зусім не ў першы дзень даведаўся пра бяду. Такая сёння рэчаіснасць...


На здымку: Касым Нурбадаў, Алесь Карлюкевіч, Алесь Бадак. Ваколіцы Ашхабада. 2009 год

Сярод паэтаў і празаікаў, якія працавалі ў туркменскай нацыянальнай літаратуры ў 1960-1990-я гады, была асаблівая, прыкметная кагорта добрых знаўцаў дзіцячай псіхалогіі. Прадстаўнікі розных пакаленняў, яны сур’ёзна заявілі аб сабе і ў родным Туркменістане, і на прасторах Савецкага Саюза. Каюм Тангрыкуліеў, Нуры Байрамаў, Азат Рахманаў, Агагельды Аланазараў, Курбан Чаліеў, Пірнепес Авезліеў, Бабаніяз Каюмаў, Касым Нурбадаў... Мне пашчасціла на сустрэчы і знаёмствы шмат з кім з туркменскіх дзіцячых пісьменнікаў. 

І ці не самы яркі з іх — Касым Нурбадаў. Нараджэннем з 1951 года, ён працаваў у літаратуры і да канца другога дзесяцігоддзя новага стагоддзя. Лічы, паўвека рупіўся над пошуках сваіх галоўных мастацкіх вобразаў... Праўда, ужо ў XXI стагоддзі не так часта друкаваўся, як гэтага хацелася чытачам, ды і яму самому. На тое ёсць свае прычыны, у якіх мне, пазіраючы на сённяшнюю літаратурную сітуацыю ў Туркменістане з Беларусі, разабрацца няпроста. Прыйшло кіраваць, фарміраваць думку ў літаратурных мас-медыя, у кнігавыдавецкай справе новае пакаленне. Мо іх раўнадушнае стаўленне да бліскучага дзіцячага пісьменніка і звязана з поўным неразуменнем ролі дзіцячай літаратуры, дзіцячага чытання ў выхаванні грамадства, праектаванні будучыні?..

А пазнаёміўся я з Касымам Нурбадавым недзе напрыканцы 1985 ці напачатку 1986 года, калі пачаў наведвацца ў ашхабадскае выдавецтва «Магарыф». Хасанаўскі перавулак, дом 16... Там якраз тады месцілася сапраўдная гарачая кузня туркменскай дзіцячай літаратуры. Выдавецтвам кіраваў Нарклыч Атаеў. Мілы, сімпатычны чалавек сталага, перадпенсійнага ўзросту. Касым сядзеў у кабінеце насупраць дырэктара — праз прыёмную. І працаваў у выдавецтве галоўным рэдактарам. Звычайна дзверы да яго былі заўсёды адчынены…

Той час — другая палова 1980-х — быў сапраўдным узлётам літаратара, якому яшчэ споўнілася ўсяго толькі 35 гадоў... За плячыма — вучоба на філалагічным факультэце Туркменскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Махтумкулі. Да 1983 года Касым працаваў настаўнікам туркменскай мовы і літаратуры, дырэктарам сельскай школы. Друкавацца пачаў у 1966 годзе: першая публікацыя — верш «Мая крынічка» у рэспубліканскім часопісе «Піянер». У 1979 годзе выйшаў з друку першы паэтычны зборнік — «Едыген» («Мядзведзіца»). Праз год маладога літаратара прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. У 1985 годзе была выдадзена яго кніга — «Дзеніз хуўдусі» («Калыска мора»), а ў 1989-м — зборнік вершаў «Белыя чайкі»... 

Кнігі Касыма Нурбадава выходзілі і ў Маскве. У перакладзе на рускую мову. У выдавецтвах «Детская литература» і «Малыш». Друкаваліся яго творы ў літаратурна-мастацкім часопісе «Ашхабад», які выходзіў у Туркменістане па-руску. А яшчэ Касым быў частым аўтарам «Малыша» («Корпе»), які выдаваўся на дзвюх мовах — рускай і туркменскай. «Малыш» па праву можна назваць часопісам-сябрам нашай беларускай «Вясёлкі». 

У тыя свае 1985 — 1988 «ашхабадскія гады» я спакваля выходзіў на журналісцкі парсцяг, які звязваў бы мяне з літаратурнымі клопатамі. Мастацкая літаратура цікавіл як агульнаграмадская, агульнакультурная з’ява, як шырокая з’ява ў прасторы культуры і выхавання чалавека-асобы. Так з-пад пяра пачалі выходзіць інтэрв’ю, артыкулы, карэспандэнцыі, якія друкаваліся і ў вайсковым друку (я служыў у рэдакцыі салдацкай «шматтыражкі» «За Родину»; пісаў для газеты «Фрунзевец» — яна выходзіла ў Ташкенце; часам адносіў матэрыялы ў ашхабадскую газету сярэднеазіяцкіх пагранічнікаў «Дзержинец»), і ў ашхабадскіх абласных і рэспубліканскіх выданнях. У полі зроку былі здабыткі, творчая пазіцыя такіх пісьменнікаў, як Керым Курбаннепесаў, Каюм Тангрыкуліеў, Рахім Эсэнаў, Бібі Араздурдыева, Ата Атаджанаў, Чары Маталаў, Васіль Шаталаў, Агултэч Аразбердыева, Мікола Калінковіч, Міхась Карпенка, Мікалай Данілаў, Алаберды Хаідаў, Аляксандр Аборскі, Бердыназар Худайназараў, Агагельды Аланазараў, Тыркіш Джумагельдыеў, Ашыр Назараў... Часам яшчэ пісаў пра іх для «Ташаузской правды» — абласной газеты ў Ташкенце, якую рэдагаваў наш зямляк-беларус, паэт Міхась Карпенка, які і ў Ашхабадзе і ў суседнім ад Ташаўза ўзбекскім Нукусе (сталіца аўтаномнай рэспублікі Каракалпакстан) выдаў нямала паэтычных зборнікаў на рускай мове. Пачынаў пісаць Міхась Карпенка па-беларуску, калі яшчэ вучыўся ў Гродзенскім культурна-асветніцкім вучылішчы. Адна з першых яго публікацый — у «Гродзенскай праўдзе»... 

Касым быў для мяне па многіх пытаннях сапраўдным шчырым дарадцам. Ад яго я ведаў перш-наперш, што з кніг рыхтуецца да выхаду ў свет у «Магарыфе», ды і ў выдавецтве «Туркменистан» таксама. Цікавымі былі мне і ацэнкі, меркаванні, якія гучалі з вуснаў Касыма Нурбадава пра туркменскую літаратуру ўвогуле, пра туркменскіх дзіцячых пісьменнікаў, у прыватнасці. 

Ён ніколі не быў шматслоўным. І ніколі не спяшаўся з вострымі ацэнкамі. Гаварыў заўсёды разважліва. І калі сам быў у нечым не зусім перакананым, то не баяўся перапытаць, а часам и проста прагаварыць услых, каб упэўніцца ў сваёй праваце. 

На памяці — эпізод з выпускам у «Магарыфе» анталогіі беларускай дзіцячай літаратуры на туркменскай мове. Тэксты для перакладу прывёз у Ашхабад беларускі паэт Алесь Емяльянаў. Ён тады працаваў літкансультантам у Саюзе пісьменнікаў БССР. А прадмовы, звестак пра аўтараў у рукапісе не было. Касым, параіўшыся з Нарклычам Атаевым, звярнуўся да мяне — ці змагу я ўсё гэта як мага хутчэй падрыхтаваць. А мне такое заданне, як бы цяжка не было знайсці тыя ці іншыя звесткі, падался найвышэйшай узнагародай — размова ж ішла пра анталогію беларускай літаратуры. Калі я ўжо прынёс у выдавецтва патрэбныя тэксты, Касым пры мне іх і прачытаў. І пасля мы яшчэ некалькі разоўс сустракаліся па гэтаму клопату — каб зняць пэўныя пытанні, каб сёе-тое выправіць. 

Старэйшыя пісьменнікі (а сярод іх — перш-наперш Керым Курбаннепесаў і Каюм Тангрыкуліеў) ускладвалі на Касыма Нурбадава вялікія надзеі, бачылі ў ім, у яго творчасці добрую будучыню туркменскай дзіцячай літаратуры. І як мне падаецца, мой сябра спраўдзіў надзеі сваіх настаўнікаў, сваіх старэйшых калег. У асноўным ён пісаў для зусім маленькага чытача. На такі выбар, відавочна, паўплываў педагагічны досвед таленавітага літаратура. Касым Нурбадаў усё ж дзесяць гадоў, калі не лічыць вучобы ва ўніверсітэце, педагагічнай практыкі ў студэнцкія гады, аддаў непасрэднай працы ў школе.

...У красавіку 1988 года я пакінуў Ашхабад. Праз Кішынёў і Адэсу выправіўся да новага месца службы — на Кубу, куды мяне накіравалі адказным сакратаром шматтыражнай газеты «Информационный бюллетень». Спярша — на самалёце, пасля цягніком, а затым — на цеплаходзе «Фёдар Шаляпін», праз Атлантычны акіян. Два настроі змагаліся ўва мне. Першы — аптымістычны: адкрыццё невядомай мне дагэтуль Кубы абуджала рамантычныя памкненні да знаёмства з Лацінскай Амерыкай, яе культурай. Другі душэўны стан: я пакідаў Туркменістан, развітваўся з туркменскімі пісьменнікамі. З кімсьці, як высветліцца пазней, — назаўжды. Развітаўшыся ў 1988 годзе, я болей ніколі не пабачыў народнага паэта Туркменістана Керыма Курбаннепесава, Валянціна Рыбіна, Нарклыча Хаджагельдыева, Ата Атаджанава, Альберта Палякоўскага, Аляксандра Гоўберга, Курбанніяза Дашкынава, Курбана Чаліева, Анналы Бердыева, Какалы Бердыева... І пакуль не дабраўся да саменькага гарнізона за некалькі дзесяткаў кілометраў ад Гаваны, я і ўявіць сабе не мог, што мяне яшчэ ў два гэтыя кубінскія гады лёс пазбавіць сустрэч і з кнігамі туркменскіх пісьменнікаў. Не, у Гаване тады працавала кнігарня ці Дом савецкай кнігі імя М. Горкага. Я шмат што там купіў. У тым ліку — і з беларускай літаратуры. Але ў гаванскую кнігарню не траплялі кнігі, якія выходзілі ў Ашхабадзе. Не траплялі і выдадзеныя ў Маскве кнігі туркменскіх аўтараў. А бандэролі, пасылкі на мой адрас «Масква-400», паштовая скрыня 293 «А» дасылаць было нельга. Заставалася адно толькі ліставанне. І яшчэ: у бібліятэку вайсковага злучэння прыходзіла газета «Туркменская искра», друкаваны орган ЦК Кампартыі Туркменістана. Пра мастацкую літаратуру на старонках партыйнага выдання пісалі не так часта. 

Праўда, адзін раз, нават два разы лёс зміласцівіўся. Я атрымаў не вельмі тоўсты вялікага памеру канверт, дзе змясціліся дзве невялічкія, танюткія кнігі Касыма Нурбадава. Гэта была найвышэйшая для мяне радасць!.. І яшчэ да мяне прыйшла тонкай бандэроллю маскоўская кніга публіцыстыкі Какалы Бердыева, выдадзеная ў «Советском писателе». 

З тых 1988 — 1990-х гг. некаторыя мае лісты, напісаныя на Кубе і адрасаваныя Касыму Нурбадаву, захаваліся. Зразумела, у архіве самога туркменскага пісьменніка. Іх копіі Касым перадаў мне, калі я ўжо праз многія гады наведаўся ў Ашхабад на кніжную выстаўку «Залатая кніга» у 2009 годзе. Лісты і дапамагаюць зараз, хаця б у некаторай ступені, узнавіць атмасферу таго даўняга часу. Крыху наіўныя, мо часам і задужа дзелавыя, яны выступаюць сведкамі маёй даўняй прыязнасці да туркменскай літаратуры, туркменскіх пісьменнікаў, да Туркменістана ўвогуле. 

З ліста ад 11 кастрычніка 1988 года: «Касым, добры дзень! 

Непакою, не дачакаўшыся пісьма... Вельмі чакаю твах вершаў, фотаздымкаў. Калі ёсць магчымасць — дашлі сваю „маладагвардзейскую“ кніжку. Што з выданнем кнігі тваёй у „Малыше“ ці ў „Детской литературе“? 

Ці працуе яшчэ ў выдавецтве Аннакулі Маметкуліеў? Вельмі патрэбен яго хатні адрас. Рыхтую пра яго вялікі матэрыял для Беларусі. Ці не можаш, напырклад, што-небудзь расказаць пра яго з сённяшняга жыцця, працы? Можа быць, ёсць у выдавецтве яго здымак — вышлі.

І скажы Аннакулі-ага, што я ўжо пісаў яму на выдавецтва. Даведайся, калі ласка, ці атрымаў ён мой ліст...»

Аннакулі Маметкуліеў у час вайны служыў палітработнікам, супрацоўнікам франтавой газеты «Красноармейская правда» (3-ці Беларускі фронт, сённяшняя «Белорусская военная газета»; вызваляў Беларусь ад фашыстоўскай нечысці). У той газеце, якая выходзіла і на туркменскай мове. Тады Аннакулі Маметкуліеў напісаў паэму пра Канстанціна Заслонава. Яшчэ ў час Вялікай Айчыннай вайны яна выйшла асобнай кнігай у Ашхабадзе. 

Як успамін чытаю свой ліст далей: «Касым, буду вельмі ўдзячны, калі дапаможаш вырашыць гэтыя пытанні. 

Дашлі таксама адрас Хідыра Дзяр’яева. Як яго здароўе? Ці працягвае ён яшчэ займацца літаратурнай парцай? 

Пішы. Вельмі чакаю. 

Усяго добрага. <...>

P. S. Што, як з ідэяй выдання кнігі пра дзяцей народаў СССР? Калі сама ідэя атрымлівае згоду, то, мяркую, трэба спяшацца. Час жа заўсёды бяжыць непрыкметна...» Хідыр Дзяр’яеў — цікавы туркменскі празаік. Сустрэўшыся з ім аднойчы на нейкім паседжанні туркменскай пісьменніцкай арганізацыі, я зацікавіўся яго творчасцю, яго лёсам. І на Кубе мне карцела нешта болей даведацца пра гэтага чалавека, які прайшоў па жыцці нялёгкімі дарогамі... Калі пісаў Касыму, я яшчэ не ведаў, што сталага веку пісьменнік ужо пайшоў з жыцця... Хідыр Дзяр’яеў нарадзіўся ў 1905 годзе. Пачаў сваю творчую працу як паэт. На старонках туркменскіх газет ужо ў 1928 і 1929 гг. былі надрукаваны яго паэмы — «Аму-Дар’я» і «Шкадаванне ці парада». У 1931 годзе малады чалавек закончыў усходазнаўчы факультэт Сярэднеазіяцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Ташкенце. У той самы час задумаў напісаць раман, прысвечаны лёсу свайго народа. Але час, калі ўсе сілы былі кінуты на ліквідацыю непісьменнасці, патрабаваў іншага. Літаратар піша падручнікі па туркменскай мове для агульнаадукацыйнай школы. І толькі ў 1937 годзе выходзіць раман Х. Дзер’яева «З крывавых кіпцюроў». Але шырокі чытач не змог пазнаёміцца з гэтай мастацкай з’явай. Кніга была арыштавана і ўвесь яе тыраж знішчаны. Гэты раман і артыкул «Старая туркменская мова» сталі галоўнай прычынай абвінавачванняў у адрас пісьменніка і вучонага. 24 ліпеня 1943 года Х. Дзер’яева арыштавалі. І вярнуўся пісьменнік з Сібіры толькі ў 1956 годзе. Але здолеў шмат што яшчэ зрабіць. У 1960 — 1967 гг. выйшла яго тэтралогія «Лёс». Раман быў перакладзены на рускую, узбекскую, эстонскую мовы. Кінематаграфісты — і ва Узбекістане, і ў Туркменістане — знялі мастацкія фільмы па кнізе... Х. Дзер’яева адзначылі званнем народнага пісьменніка Туркменскай ССР, выбралі членам-карэспандэнтам Акадэміі навук ТССР. 

У падрабязнасці тых, 1988 года, клопатаў крыху шырэй уводзіць ранейшы мой ліст — ад 29 ліпеня 1988 года (датую па ашхабадскаму штэмпелю; лісты ішлі недзе каля трох тыдняў — значыць, напісаў я Касыму яшчэ на пачатку ліпеня): «Касым. Прывітанне! 

Не ведаю, ці атрымаў ты маё папярэдняе пісьмо, якое я адправіў болей як паўтара месяца назад. Разумею, што выдавецкая работа — і на творчасць шмат месца не пакідае. А тут яшчэ і ліставанне... Але, Касым, зразумей, што акрамя, як праз лісты, другога спосабу кантактавання ў мяне няма. Вярнуся на Радзіму толькі ў 1990 годзе. А гэта яшчэ два доўгіх гады... Але, дарэчы, сентыментальнасцяў хопіць. Не буду займаць твой час. 

Што з беларускай анталогіяй? Калі яна пабачыць свет? Не выляцела адтуль мая прадмова і даведкі, што я складаў? Па магчымасці некалькі экзэмпляраў гэтай кнігі адпраў па такому адрасу: Беларуская ССР, 222 832, Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, в. Пухавічы, вул. Кастрычніцкая, д. 1, Смеяновічу Аляксандру Іванавічу... <...>

Касым, вельмі шмат у мяне розных задумак, планаў. Увасабленне іх патрабуе сур’ёзнай працы. Напрыклад, ці мог бы я даслаць у выдавецтва рукапіс кнігі (2,5 — 3 друкаваных аркушы) пра кубінскую дзятву, пра тое, як яны ходзяць у школу, як удзельнічаюць у будаўніцтве новай дзяржавы... <...>

Цяпер — астатнія праблемы. Што з дзіцячай кнігай пра армію? Ці застаецца наша дамоўленасць у сіле? Давесці яе да завяршэння мне павінен дапамагчы маёр Юра Ільін з Ташкента, з „Фрунзевца“. Ён павінен да цябе зайсці. 

<...>

Набліжаецца 1992 год. Год 70-годдзя стварэння Саюза ССР...» Хто ведаў тады, што ўжо ў 1991-м Савецкі Саюз разваліцца ўшчэнт, а нашы сувязі, стасункі паміж былымі савецкімі рэспублікамі, межы якіх не заўсёды і заўважныя былі, спакваля пачнуць разбурацца. Вось і Туркменістан стане візавай краінай для нас, беларусаў... 

«...Чаму б выдавецтву не зрабіць калектыўны зборнік нарысаў пра ўсе саюзныя рэспублікі? Гэта было б добрым укладам у інтэрнацыянальнае выхаванне. Я абавязкова падрыхтаваў бы нарыс пра Беларусь. Толькі трэба ўдакладніць тэрміны падрыхтоўкі, аб’ём матэрыяла і іншае. 

Касым, ці збіраеш ты які-небудзь матэрыял пра воіна-інтэрнацыяналіста, „афганца“, свайго родзіча? Вельмі хацелася б зрабіць у сааўтарстве з табою дакументальную аповесць пра яго. Калі ты не супраць, то напішы — я прадумаю план нашай працы пры дадзеным збегу абставін. І будзем працаваць. 

Дарэчы, што з тваёй пагранічнай кніжкай? Ці прыходзілі да цябе з „Дзержинца“? Вершы я ім перадаў. Сёння я ім напішу — каб даведацца, як справы. 

Асобным пісьмом дасылаю табе пытанні для інтэрв’ю, якое я задумаў для газеты „Яш коммуніст“. Не зацягвай з адказамі. Я апрацую і затым сам перашлю у „Яш коммуніст“. Пішы. Вельмі і вельмі чакаю. Прывітанне Нарклычу Атаевічу...»

Кубінскі перыяд у маім жыцці пераканаў, што працаваць на адлегласці, завочна досыць складана. А тады ж яшчэ і не было электроннай пошты. У адпачынак я ў Саюз не выязджаў. Магчымасцяў тэлефанаваць (найперш з-за адсутнасці мабільнай сувязі; а яшчэ — дарагавізна самой паслугі пазваніць) не было. Таму многія задумкі не рэалізоўваліся, планы заставаліся планамі. Але і яны, планы, — частка жыцця, творчы складнік памкненняў. 

... На Востраве Свабоды я вёў дзённік. Без пэўнай сістэмы, не праз ўвесь час свайго жыцця на Кубе. Але ўсё ж нешта запісваў. Кругагляд, калі мець на ўвазе ўяўленні пра навакольнае жыццё саміх кубінцаў, быў даволі абмежаваны. Мы жылі і служылі ў замкнутым вайсковым калектыве. Стасункаў сістэмных і выпадковых было не так шмат... Хаця я і імкнуўся да любых сустрэч, імкнуўся назбірваць жывыя ўражанні пра Кубу і кубінцаў... І ўсё ж у так званым маім «Кубінскім дзённіку» — найболей старонкі пра розныя перажыванні, нядаўнія па тым часе ўспаміны пра Туркменскі край... І — адлюстраванне стасункаў з Касымам Нурбадавым таксама... Запіс ад 16 верасня 1988 года: " ... Пазаўчора атрымаў ліст ад Касыма Нурбадава. Яго пагранічны цыкл атрымаў прэмію на рэспубліканскім конкурсе. Зараз будзе друкавацца ў часопісе «Ашхабад». Мо, калі надарыца такая магчымасць, паспрабаваць адрэцэнзіраваць гэтую часопісную публікацыю...<...> Мне вельмі, дарэчЫ, не стае туркменскай прэсы, літаратуры..." Пра Касыма Нурбадава, выдавецтва «Магарыф» я помніў і ў іншыя свае «кубінскія дні»... 13 лістапада — запіс пра тое, што варта звярнуцца да Касыма Нурбадава, каб высветліць лёс магчымай публікацыі літаратурна-крытычнага характару ў часопісе «Народное образование Туркменистана». З рэдакцыяй гэтага выдання я быў знаёмы праз празаіка Чары Маталава, аднойчы і дуркаваўся ў часопісе. Але вось чамусьці, як узнікла патрэба, узгадаў пра Касыма Нурбадава. Пэўна, па прычыне яго абавязковасці, пунктуальнасці... 

Мне заўжды карцела, каб Касыма як паэта, дзіцячага пісьменніка разгледзелі, пачулі ў Беларусі... І ўжо шмат пазней я радаваўся таму, што дзіцячыя вершы майго туркменскага сябра перакладаў наш вялікі майстра і ў галіне дзіцячай паэзіі, і ў галіне мастацкага перакладу дзіцячых літаратур свету Мікола Чарняўскі... З верша Касыма Нурбадава «Што ж такое дзякуй?» у перакладзе Міколы Чарняўскага:

Ваду я дадому з арыка насіў,
Авечкам, вярблюдам травы накасіў,
Трусам назбіраў і падкінуў прысмакаў,
І ўсюды шукаў: 
«Дзе ж ты падзелася, дзякуй?»

Я дома раблю ўсё, я рана ўстаю,
І ўсе мяне хваляць за рупнасць маю,
Я мыю падлогу, не рвуся гуляць — 
Мне хочацца дзякуй хутчэй атрымаць! 

Мне ж дораць чамусьці,
Хоць часам не рад,
Пячэнне, цукеркі, халву, мармелад...
Ну як мне дазнацца (падказкі ж ніякай!),
Якое на смак яно, гэтае дзякуй?

... А ў 2016 годзе ў Выдавецкім доме «Звязда» ў кніжнай серыі «Сяброўства без межаў» выйшла кніга Касыма Нурбадава «Гулялек — Чырвоны мак, або Тонкі сшытак». Апавяданні і вершы пра дзяўчынку, якую завуць Гулялек, імя якой значыць «Кветка мака», мы пераклалі на беларускую мову разам з Юляй Алейчанка. Рыхтавалася кніга не за адзін дзень дзень. І я рады, што яе паспеў пабачыць Касым Нурбадаў... Хаця і памёр ён у 2021 годзе, яго апошняя прыжыццёвая кніга, акрамя беларускага зборніка, — «Дзень нараджэння Медыны» — выйшла з друку ў 2009 годзе. Ведаю, што Касым працаваў, колькі дазвалялі яму сілы. І чытач у Туркменістане чакаў сустрэчы з яго творамі... Тады, у 2016-м, годзе я пісаў у прадмове да кнігі «Гулялек...»: «...Асобная старонка ў творчай біяграфіі Касыма Нурбадава — яго шчырае сяброўства з Беларуссю, беларускай літаратурай. Яшчэ ў 1970-я гады Касым завочна пазнаёміўся з вядомым беларускім паэтам Іванам Муравейкам. Тады і здзейсніў туркменскі паэт свае першыя пераклады з беларускай паэзіі. У выдавецтве «Магарыф» дзякуючы намаганням менавіта Касыма Нурбадава пабачыла свет на туркменскай мове кніга нашага земляка — лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянціна Лукшы. Добра быў знаёмы аўтар кнігі пра Гулялек з ураджэнцамі Беларусі — пісьменнікамі, якія здзейсніліся як творчыя асобы якраз у Туркменістане: Міколам Калінковічам і Міхасём Карпенкам. 

Касым Нурбадаў яшчэ засведчыў сябе і як здольны вучоны, літаратуразнаўца. Ён напісаў дысертацыйную працу — «Літаратурная спадчына Ахмеда Ахундава-Гургенлі». Навуковая ступень кандыдата філалагічных навук — вартая адзнака руплівасці Касыма ў гэтай галіне. 

Зараз Касым Нурбадаў працуе ў архітэктурна-будаўнічым каледжы. Выкладае туркменскай моладзі родную мову і літаратуру. Шмат робіць ён дзеля арганізацыі работы музея Махтумкулі, які не першы год працуе ў каледжы. Мне давялося быць год назад (у снежні 2015 г. — А. К.) госцем і каледжа, і музея. Прызнацца, быў вель ўражаны, наколькі цікаўная туркменская моладзь да туркменскага прыгожага пісьменства. Дарэчы, я перадаў у ашхабадскую вучэльню вялікі том Махтумкулі на беларускай мове. Кніга з’явілася на свет у Мінску дзякуючы старанням паэтаў і перакладчыкаў Казіміра Камейшы і Ганада Чарказяна, якіх прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў дзяржаўнымі медалямі Махтумкулі. Вось я і думаю, што дбайнае стаўленне Касыма Нурбадава да творчай спадчыны сваіх папярэднікаў, імкненне захаваць, данесці да чытача лепшыя яе ўзоры сілкуе і яго ўласную паэзію. Якраз увагай да традыцый і цікавы туркменскі паэт і празаік Касым Нурбадаў, чалавек шчырага таленту, чалавек адкрытага сэрца. У гэтым пераконвае і кожная староначка яго кнігі «Гулялек — Чырвоны мак, або Тонкі сшытак».

...Некаторы час Касым Нурбадаў узначальваў Інстытут мовы і літаратуры імя Махтумкулі, з’яўляўся намеснікам кіраўніка Цэнтра нацыянальнай культурнай спадчыны Туркменістана... У 1990-я гады туркменскі паэт і перакладчык выдаў зборнік вершаў народаў свету, адрасаваных дзіцячаму чытачу. Творы 70 (!) аўтараў увайшлі ў кнігу «Цуда-дрэва». Зборнік адкрываюць вершы Карнея Чукоўскага, Самуіла Маршака, Сяргея Міхалкова, Агніі Барто... У агульным «садзе перакладаў» — і вершы беларускіх дзіцячых пісьменнікаў: Васіля Віткі, Станіслава Шушкевіча, Эдзі Агняцвет, Авяр’яна Дзеружынскага. 

Беларуская кніга Касыма Нурбадава пра дзяўчынку — «Кветку мака» прыйшлася даспадобы юнаму чытачу нашай краіны. А мне хацелася б, каб і надалей у Беларусі друкаваліся новыя пераклады твораў нашага туркменскага сябра, а мо і новыя яго кнігі. Касым Нурбадаў — з тых паэтаў постасвецкай прасторы, хто ўмеў сябраваць, чые творы і зараз вучаць дружбе, узаемапаразуменню... А што болей патрэбна для шчаслівага мірнага жыцця?!

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.