Вы тут

Музыка — наш сусвет. Прайшло харавое свята «Спявай, мая сталіца»


Нядаўна ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі выступілі лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў — дзіцячыя і юнацкія ўзорныя і канцэртныя харавыя калектывы дзіцячых школ мастацтваў г. Мінска № 1 імя Л. Александроўскай, № 2 імя М. Аладава, № 4, 5, 7, 9, 11, 19, № 10 імя Я. Глебава, жаночы хор «Мелодыка» Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі, а таксама канцэртны хор разам з духавым аркестрам і эстрадным інструментальным ансамблем каледжа. Спецыяльны госць — канцэртны хор харавой студыі «Созвучие» г. Масквы.


Усе яны ўдзельнікі харавога свята «Спявай, мая сталіца». Ініцыятарам і арганізатарам культурнай падзеі выступіла ўстанова адукацыі «Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. Глінкі» пры падтрымцы ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама, грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз кампазітараў», а таксама Цэнтральнай раённай арганізацыі г. Мінска Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

Са словамі прывітання да публікі звярнулася старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, якая адзначыла, што свята «Спявай, мая сталіца» чарговы раз знаёміць з неабсяжнай творчасцю беларускіх кампазітараў і паэтаў, а таксама талентам юных музыкантаў і артыстаў хароў. Шчырыя словы падзякі за далучэнне да вялікага творчага свята прагучалі ад старшыні Цэнтральнай раённай арганізацыі «Белая Русь» г. Мінска Галіны Гузоўскай.

Распачаў канцэрт малодшы зводны хор сталіцы, у якім аб’ядналіся харавыя калектывы дзіцячых музычных школ мастацтваў № 9 — «Званочкі» і № 10 імя Я. Глебава — «Музычныя пацеркi». У іх выкананні шчыра і ўрачыста гучала песня Леаніда Захлеўнага «Завешся ты ласкава Белай Руссю» (дырыжор Марына Кашпур).

Тэма патрыятызму атрымала сваё развіццё ў музыцы А. Атрашкевіч «Мая маленькая Радзіма» ў выкананні ўзорнага хору «Кантылена» ДМШМ № 5 (дырыжор Жанна Пупкевіч) і песні «Цябе вітаю я, Айчына» ў выкананні жаночага хору «Мелодыка» (дырыжор Вольга Крыпец, за раялем Анжаліка Ласіца) МДМК iмя М. Глiнкi. Цікава тое, што ў складзе гэтага калектыву — не вакалісты і не харавыя майстры, а будучыя піяністы і музыказнаўцы. За апошнія гады хор стаў пастаянным удзельнікам фестываляў, канцэртаў і творчых праектаў, якія праводзяцца на самых прэстыжных пляцоўках рэспублікі.

Песня Эдуарда Ханка «Два полі», якая прагучала ў выкананні канцэртнага хору «Belcanto» ДМШМ № 19 і ўзорнага хору «Сонейка» ДМШМ № 11 (дырыжор Алена Курыловіч), стала сімвалам памяці пра тых вядомых і невядомых герояў, якія падарылі нам Вялікую Перамогу.

Менавіта ў Год міру і стваральнай працы тэма дзяцінства аб’яднала больш за чатырыста выканаўцаў. У першым аддзяленні канцэрта прагучалі песні Я. Глебава «Караблік» (ДМШМ № 9, 10) і Д. Еўтуховіча «Усе мы родам з дзяцінства» (ДМШМ № 19). Харавыя калектывы «Тоніка» (ДМШМ № 1 імя Л. Александроўскай) і «Вясёлка» (ДМШМ № 2 імя М. Аладава) аб’ядналіся, каб падарыць слухачам песню Алега Елісеенкава «Ляці, голуб!», салістка — народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна, дырыжыравала Святлана Доўжык.

Старэйшае пакаленне гледачоў вярнулі ў краіну дзяцінства знаёмыя песні Ігара Лучанка «Сонечная песенька» і Вадзіма П’янкова «Я хачу, каб птушкі спявалі» ў выкананні зводнага хору г. Мінска. Стала добрай традыцыяй выступленне гэтай творчай суполкі на справаздачных канцэртах школ мастацтваў, Мінскім харавым конкурсе «Вясновы спеў», фестывалі «Свет Каляднай зоркі», харавых вечарах у Верхнім горадзе.

Пра музыку, харавое мастацтва спявалі выхаванцы ДМШМ № 1 імя Л. Александроўскай і ДМШМ № 9, выконваючы песні Аліны Безенсон. Гэты кампазітар працуе ў розных жанрах, але ўсё ж большая частка творчасці прысвечана тэме прыгажосці чалавечага голасу.

Тэмай Перамогі і міру завяршылася першае аддзяленне канцэрта. У выкананні трох вядучых калектываў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі — канцэртнага хору каледжа, жаночага хору «Мелодыка» і духавога аркестра (кіраўнік Павел Казак) — прагучала песня Васіля Раінчыка на словы Леаніда Пранчака «Кветкі Вялікай Перамогі», дырыжор Аляксей Снітко.

Адкрыў імпрэзу другога аддзялення канцэртны хор студыі «Сугучча» школы № 883 г. Масквы, кіраўнік Алена Бяссонава. Калектыў прывёз з сабой цэлую канцэртную праграму, якою з радасцю падзяліўся са слухачамі: песні І. Дунаеўскага, Г. Струвэ, М. Магамаева.

Апафеозам харавога свята стала выступленне зводнага дзіцячага хору г. Мінска, галоўны хормайстар — Аляксей Снітко, дырэктар Мінскага дзяржайнага музычнага каледжа імя М. Глінкі. У выкананні 16 харавых калектываў і эстраднага інструментальнага ансамбля (кіраўнік Аксана Сапронава) прагучалі творы А. Пахмутавай, І. Лучанка, А. Хадоскі, В. Кісцені, Э. Зарыцкага. Фінальная песня Алены Атрашкевіч на верш Барыса Макарэвіча «Музыка — наш сусвет» (салісты — А. Масквіна і С. Сахараў, дырыжор — А. Снітко) гучала як прызнанне ў любові да музычнага мастацтва.

Наталля КАРДАШОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.