Выстаўка «Калекцыя графікі» працуе ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Па словах арганізатараў, экспазіцыя дае панараму сучаснага беларускага мастацтва, аб’яднанага высокім узроўнем прафесійнага майстэрства аўтараў. Прадстаўленыя творы адлюстроўваюць актуальны зрэз сучасных графічных прыёмаў, жанраў, тэм і аўтарскіх вынаходак, падкрэсліваюць значную ролю фарміравання калекцый графікі ў беларускай культуры і развіцці выяўленчага мастацтва. Убачыць праект можна да 17 верасня.
На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка, мастацтвазнаўца, арт-крытык, член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў Ларыса Фінкельштэйн, мастак, друкар «Мастацкага камбіната», сябра Беларускага саюза мастакоў Віктар Саўчанка, графік, член Беларускага саюза мастакоў, старшы выкладчык кафедры «Малюнак, акварэль і скульптура» архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольга Крупянкова.
— Нацыянальная бібліятэка вядзе актыўную сацыякультурную дзейнасць, мы пазіцыянуем сябе як найбуйнейшую галерэйна-выставачную пляцоўку, — заявіў у прывітальным слове Віктар Пшыбытка і падзяліўся наступнымі звесткамі: — Штогод мы праводзім каля 25 мастацкіх выставак і некалькі маштабных мультыпраектаў. Выстаўка графікі — працяг нашай работы ў гэтым кірунку. Сімвалічна, што праект «Калекцыя графікі» праходзіць менавіта ў Нацыянальнай бібліятэцы. Па-першае, калекцыяніраванне ляжыць у аснове дзейнасці амаль любой бібліятэкі. Так, Нацыянальная бібліятэка за болей чым 100 гадоў назапасіла каля 10,5 мільёна экзэмпляраў дакументаў. Да таго ж валодаем вялікай калекцыяй выяўленчых дакументаў — больш чым 150 тысяч экзэмпляраў: гэта паштоўкі, карты, эстампы, гравюры і многае іншае. Па-другое, істотнае прысвячэнне менавіта кніжнай графіцы: тыя ж эстампы і экслібрысы вельмі важныя для кніжніцы. Нарэшце, самі сюжэты, прадстаўленыя ў экспазіцыі, знаёмяць з мастацкай літаратурай.
Выстаўка «Калекцыя графікі» дэманструе работы мастакоў розных пакаленняў, рознахарактарных, адораных і здольных. Напрыклад, Генадзь Вяль даўно вядомы сярод калекцыянераў з усяго свету, а маладыя мастачкі Таісія Барысава і Валерыя Жылінская толькі-толькі скончылі Акадэмію мастацтваў, але ўжо актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах і выстаўках. У ліку аўтараў, якія далучыліся да праекта «Калекцыя графікі», — Уладзіслаў Квартальны, Вольга і Юрый Крупянковы, Марына Мароз, Сафія Піскун, Віктар Саўчанка, Глеб Сідарэнка, Яўгенія Цімашэнка, Фёдар Шурмялёў.
— У Нацыянальнай бібліятэцы я заўсёды з асаблівым задавальненнем і арганізоўваю выстаўкі, і прадстаўляю іх, і выступаю як запрошаны госць, — расказала Ларыса Фінкельштэйн і падзялілася ўражаннямі ад новага праекта: — Мне вельмі падабаецца гэтая група мастакоў. Яны ўжо не ўпершыню выстаўляюцца разам, плюс-мінус тым жа складам. Наогул, гэта цудоўны касцяк маладых беларускіх графікаў. Нефармальна яго ўзначальвае Віктар Саўчанка, з якім мы шмат гадоў супрацоўнічаем як з графікам, жывапісцам, надзейным пленэршчыкам… З ім вельмі добра працаваць, таму я разумею, чаму маладыя так трывала трымаюцца вакол гэтага творцы. У экспазіцыі ў асноўным эстампная графіка, афорты і літаграфіі, — сюжэты літаратурныя, міфалагічныя, гістарычныя… Сёння графіка гаворыць аб тым, што яна як была адным з вядучых відаў мастацтва — беларускага класічнага мастацтва для тады ўсесаюзных выставак, — так і застаецца — ужо на міжнароднай арэне: нашы аўтары часта выстаўляюцца на сур’ёзных міжнародных выстаўках, прымаюць удзел у важных конкурсах, пленэрах, і гэта заўсёды мае вялікі рэзананс. Думаю, што «Калекцыя графікі» пра многае скажа гледачу. Высокая культура падачы і выканання, вялікая палітра тэм і вобразаў — наведвальнік атрымае задавальненне.
Літаграфіі, прысвечаныя «Алісе ў Краіне цудаў» Льюіса Кэрала, афорты, якія перадаюць рэлігійна-біблейскія сюжэты і старажытнагрэчаскія міфы, — аснова выстаўкі. Сустрэне глядач і Дона Кіхота Мігеля дэ Сервантэса, герояў рускіх і еўрапейскіх казак, сярод якіх — «Чырвоны Капялюшык», «Царэўна-Лебедзь», «Бітва мышэй і цацак». Цікавая частка экспазіцыі — экслібрысы ў розных тэхніках, прысвечаныя калекцыянерам, значным асобам беларускай і сусветнай культуры.
Дарэчы, неаднойчы падчас адкрыцця выставачнага праекта ўспаміналі знакамітага беларускага калекцыянера Алега Судлянкова і яго ўнёсак у развіццё і папулярызацыю айчыннай графікі. Яго веды, эрудыцыя, прыязныя адносіны паспрыялі творчым памкненням многіх мастакоў-пачаткоўцаў. Дзякуючы гэтаму апантанаму сваёй справай чалавеку, работы вялікай колькасці беларускіх графікаў убачылі за мяжой.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?