Сталі вядомыя вынікі другога цэнтралізаванага экзамену, які выпускнікі школ здавалі 21 мая. У гэты дзень удзел у іспытах па 13 прадметах узялі 53 067 навучэнцаў.
«Максімальна магчымы вынік — 100 балаў — змаглі атрымаць 765 навучэнцаў. Стабальнікі ёсць па ўсіх вучэбных прадметах, — паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі. — Не змаглі справіцца з экзаменацыйнай работай, гэта значыць, атрымалі нуль балаў, 60 выпускнікоў».
Нагадаем, што на ЦЭ па рускай мове 100 балаў атрымалі 482 выпускнікі, па беларускай — 413.
У ведамстве падкрэслілі, што падлік вынікаў двух цэнтралізаваных экзаменаў і маючага адбыцца цэнтралізаванага тэсціравання ажыццяўляецца па методыцы з выкарыстаннем падыходаў, якія прымяняліся пры правядзенні рэпетыцыйнага тэсціравання.
Усе абітурыенты, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, могуць не хвалявацца: умовы правядзення і ЦЭ, і ЦТ будуць абсалютна ідэнтычныя. Гэта датычыцца як складанасці тэставых заданняў, якія поўнасцю адпавядаюць школьнай праграме, так і разліку тэставых балаў. Гэта вельмі важна, таму што павінны быць створаны роўныя, зразумелыя і справядлівыя ўмовы як для ўсіх выпускнікоў гэтага года, так і для выпускнікоў мінулых гадоў, якія сёлета будуць мець магчымасць здаць тры цэнтралізаваныя тэсціраванні для паступлення ва ўніверсітэты.
Нагадаем, што тэрмін дзеяння сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання складае два гады. І сёлета ў ВНУ абітурыенты могуць падаць свае мінулагоднія сертыфікаты.
Выпускнікам агульнаадукацыйных школ сертыфікаты ЦЭ выдадуць разам з атэстатамі падчас выпускных вечароў. Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў краіне 14 чэрвеня. Выпускнікі гэтага года змогуць здаць на ЦТ толькі адну профільную дысцыпліну.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Мноства пытанняў паўстае перад кожным маладым педагогам.
Усё, што важна ведаць перад сезонам вірусных інфекцый, расказалі спецыялісты.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?