Вы тут

Як пазбавіцца ад моху ў садзе і агародзе


Многія гаспадары не разумеюць таго, што з'яўленне гэтай расліны перш за ўсё гаворыць пра непрыдатныя ўмовы для культурных раслін і газонаў. Іншымі словамі, мох — не прычына праблемы, а яе вынік.


Варта ўлічыць, што такое пустазелле звычайна з'яўляецца ў цёмных нізінах і там, дзе павышаная вільготнасць, а зямля кіслая, у глебе не хапае пажыўных рэчываў.

Пазбаўляцца трэба абавязкова. Гэты «захопнік» можа спрыяць забалочванню ўчастка, бо змяняе паветраабмен у глебе, аказвае негатыўны ўплыў на культурныя расліны.

Існуе некалькі спосабаў, як пазбавіцца ад моху на ўчастку. Для пачатку варта вызначыць прычыну з'яўлення моху.

Памылкі  ў доглядзе ўчастка

Вызначыце ўзровень PH і наяўнасць неабходных пажыўных рэчываў у глебе. Мох расце толькі на кіслых глебах, таму можна ўнесці вапну ў грунт, ажыццявіць падкорм арганічнымі ўгнаеннямі — гноем або кампостам. Магчыма, будзе дарэчы разрыхліць пераўшчыльненую глебу. Мох пазбаўлены каранёў, таму вырваць яго няцяжка. Лепш выкарыстоўваць для дадзенай мэты граблі з частымі зубцамі: энергічна згрэбці мох з паверхні. Гэта дапаможа палепшыць аэрацыю.

Хімічныя спосабы барацьбы

Акрамя механічнага спосабу выдалення згаданага пустазелля, дзейснымі з'яўляюцца хімічныя, напрыклад, з дапамогай гербіцыдаў на аснове гліфасату. Але названае рэчыва пачынае працаваць, калі паглынаецца лісцем і пераносіцца ў глебу. Калі мох суседнічае з каштоўнымі раслінамі, то лепш не рызыкаваць, бо ўплыў гліфасату на іх можа быць негатыўным.

Акрамя таго, можна выкарыстоўваць сульфат жалеза, медзі ці амонію. Жалеза аслабіць рост моху, аблегчыць яго механічнае выдаленне. Раствор рыхтуецца з разлікам 90 мілілітраў сульфату жалеза на 20 літраў вады ці 60—150 мілілітраў сульфату медзі на 16 літраў вады. Такія дозы разлічаны прыкладна на 300 квадратных метраў.

Многія ў барацьбе з мохам выкарыстоўваюць звычайную соду. Напрыклад, каля 200 грамаў соды можна растварыць у 2 літрах летняй вады і распырскаць на садовым участку. Эфект, хутчэй за ўсё, будзе, але часовы. Практыка паказвае, што з даступных і неагрэсіўных спосабаў самы эфектыўны — апрацоўка растворам мыла. Яго лепш выкарыстоўваць на маленькіх участках і ў засушлівы час, калі гэтае пустазелле і так аслабленае.

Кіслая глеба — асноўная прычына

Калі мох разросся з-за павышанай кіслотнасці глебы, яе трэба зменшыць. Для пачатку варта вызначыць узровень PH. Нармальным лічыцца PH ад 6 да 7. PH 4,4—4,5 — моцна закісленая глеба, PH да 5 — сярэдне закісленая глеба, PH 5,1—5,5 — слаба закісленая глеба.

Адштурхваючыся ад значэння паказчыка, трэба вызначыць дозы ўнясення вапны. Уносіць яе варта не больш за два разы за вегетацыйны перыяд раслін. Для найлепшага выніку варта выкарыстоўваць вапну на аснове кальцыю. Таксама для раскіслення можна выкарыстоўваць мел, драўняны попел, гашаную вапну, даламітавую муку (лепш рассыпаць па паверхні ўчастка восенню і вясной).

Добрыя вынікі дае культываванне раслін-сідэратаў, якія змяншаюць кіслотнасць грунту. Можна выкарыстоўваць такія культуры, як: віка, жыта, фацэлія, гарчыца, алейная рэдзька.

Не захапляйцеся паліваннем

У выпадку нейтральнай кіслотнасці прычыны разрастання моху варта шукаць у іншым, напрыклад, у павышанай вільготнасці. На ўчастках, дзе праблемы з дрэнажом, вада можа павольна прасочвацца праз гліністую глебу. У такім выпадку грунт трэба разрыхліць, змяніць яго структуру з дапамогай дадавання пяску ці перагною.

Не палівайце ўчастак ноччу, у восеньскі і вясновы перыяды. Мох, які прарос у гэты час, будзе самым жывучым. Варта ўлічыць, што не толькі лішак, але і недахоп вільгаці можа прывесці да разрастання моху, бо аслабленая трава саступае месца жывучаму пустазеллю.

Мох — расліна ценелюбівая. Таму першапачаткова варта пазбавіць свой участак ад залішняга ценю. Там, дзе цень усё ж застаўся, пасадзіце ценелюбівыя расліны, якія не дадуць моху захапіць тэрыторыю: папараць, гартэнзіі, марознік.

Нюансы барацьбы з «захопнікам»

Імху ўласціва расці там, дзе іншыя расліны аслабленыя. Магчыма, варта змяніць сорт ці від раслін, пасадзіць больш травы. Зямлю, дзе мох быў нядаўна знішчаны, лепш адразу засеяць газоннай травой, якая змяшчае такія расліны, як: аўсяніца, мятлік.

Калі мох пасяліўся ў цяпліцы, трэба неадкладна пазбавіцца ад яго, бо ў вільготным і цёплым мікраклімаце расліна будзе сябе выдатна адчуваць і хутка разрастацца. Для пачатку трэба забяспечыць добрую вентыляцыю.

Можна апырскваць парнік растворам: 200 грамаў сумесі ліпавага цвету і сушанага палыну заварыць 5 літрамі кіпеню, астудзіць адвар, працадзіць яго і апрацаваць ім увесь каркас.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.