Вы тут

Аляксандр Анісімаў прадставіў аптымістычны канцэрт «Час слухаць вясну»


Што ні кажы, а вясна — час аптымізму, якога многім па жыцці можа не ставаць. Для кагосьці гэта ўласцівасць чужая, а нехта імкнецца зараджацца аптымізмам, шукаючы яго ў тым ліку ў творах мастацтва, якія валодаюць асаблівай энергетыкай, а значыць, суцяшаюць, падтрымліваюць і надаюць сіл у самыя змрочныя часы.


Аляксандр Анісімаў. Фота БелТА.

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь і яго галоўны дырыжор — народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў — нядаўна прадставілі аптымістычны канцэрт «Час слухаць вясну». Саліравалі ўвечары 4 мая заслужаны артыст Беларусі, прафесар Юрый Гільдзюк (фартэпіяна), салістка Ірына Крыкунова (сапрана) і саліст Санкт-Пецярбургскага Дома музыкі Равіль Іслямаў (скрыпка). Удзел ва ўзорным канцэрце Беларускай дзяржаўнай філармоніі, які адбыўся ў рамках «Мінскай вясны», узялі Акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Студэнцкі хор і Сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У Вялікай канцэртнай зале прагучалі шэдэўры класікі.

У першым аддзяленні канцэрта — першая частка Сімфоніі № 1 «Вясновая» Роберта Шумана, якая, згодна з яго ўспамінамі, зрабіла кампазітара цалкам шчаслівым. Галоўнае, што майстар адчуваў і імкнуўся перадаць у творы, — нуда па вясне. Дарэчы, музыка навеяна вершам паэта Адольфа Бётгера, сучасніка Роберта Шумана, і кампазітар меркаваў не толькі даць сімфоніі назву «Вясновая», але і аздобіць іншымі прыдумкамі, звязанымі з тэматыкай гэтай паравіны года, аднак пазней адмовіўся ад іх. Між іншым, сімфонія прысвечана каралю Саксоніі Фрыдрыху Аўгусту. Першая частка Сімфоніі № 1 «Вясновая» — гэта вельмі ясны і светлы, месцамі даволі ўрачысты і хвалюючы твор. У ім гучыць заклік да абуджэння, адчуваецца радасць жыцця. Ніякіх думак — толькі плынь вясновых пачуццяў.

Закрываў другое аддзяленне Канцэрт № 5 для скрыпкі з аркестрам ля мажор. Гэта апошні і, так склалася, самы знакаміты канцэрт Вольфганга Амадэя Моцарта. Прыроджанае пачуццё гармоніі, дасканаласць мелодый, недасяжная вытанчанасць — усё гэта пра творчасць славутага кампазітара, які, як адзначаюць музыказнаўцы, змог дасягнуць раўнавагі паміж эмацыянальнасцю і інтэлектам. У гэты вечар канцэрт выканаў саліст Санкт-Пецярбургскага Дома музыкі, студэнт Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага, лаўрэат міжнародных конкурсаў Равіль Іслямаў. У распараджэнні музыканта была скрыпка Джузэпэ Гварнеры «дэль Джэзу» 1735 года, якая належыць Дому музыкі.

У другім, больш працяглым, аддзяленні канцэрта гучала музыка Людвіга ван Бетховена, а менавіта сцэна і арыя Леаноры з оперы «Фідэліа». Гэта адзіная опера кампазітара і адна з самых значных з’яў у музычна-драматычным мастацтве XIX стагоддзя. Цікава, што сюжэт запазычаны з яшчэ адной оперы, аўтар якой — французскі кампазітар П’ер Гаво. Твор «Леанора, або Сямейнае каханне» быў напісаны на лібрэта Жана-Нікаля Буі, французскага пісьменніка, драматурга і лібрэтыста. Даследчыкі лічаць, што ў аснове опе-
ры — сапраўдная гісторыя: подзвіг адважнай і адданай Леаноры, якая імкнулася ўратаваць каханага, палітычнага вязня, ад гібелі, што яму пагражала. «Фідэліа» — гераічная опера, таму яе музыка адрозніваецца ўзвышанасцю, напружаннем, драматызмам. Саліравала падчас канцэрта запрошаная артыстка Дзяржаўнага акадэмічнага
сімфанічнага аркестра Ірына Крыкунова (сапрана). Спявачка выконвае оперны сапранавы рэпертуар на вядучых сцэнах Еўропы.

Фінальны акорд канцэрта «Час слухаць вясну» — Фантазія для сімфанічнага аркестра, хору і фартэпіяна Бетховена. Да сімфанічнага аркестра далучыліся аркестр і хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі. Салістам выступіў мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прафесар Беларускай акадэміі музыкі Юрый Гільдзюк.

Што тычыцца Фантазіі, саліст пачынае сваю партыю без суправаджэння аркестра. Далей паступова ўключаецца аркестр і потым хор. Ёсць у творы і лёгкі вясновы матыў, які апярэджвае тэму радасці ў фінале знакамітай дзявятай сімфоніі. Увогуле, Фантазія для сімфанічнага аркестра, хору і фартэпіяна вельмі празрыстыя і лёгкая… Але ўступленне вакалістаў магічным чынам мяняе настрой, схіляе да захопленасці, узнёсласці. Хор услаўляе мастацтва і творцу.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.