Вы тут

Абласны семінар прозы і драматургіі адбыўся ў Гомелі


Абласны семінар прозы і драматургіі адбыўся на базе аддзела літаратуры па мастацтве Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна. Яго ўдзельнікамі сталі члены абласнога аддзялення СПБ, новага творчага фарміравання «Слова» пры аддзяленні, прадстаўнікі раённых літаратурных аб’яднанняў і клубаў, аматары мастацкай творчасці і зацікаўленыя чытачы. Тэматычная праграма форуму прадугледжвала знаёмства як з тэарэтычнымі звесткамі і даследаваннямі, так і са шматлікімі рэцэнзіямі, водгукамі на новыя мастацкія творы і кнігі, якія выйшлі з друку апошнім часам.


Падчас семінара.

Кіраўнік літаб’яднання «Слова» Уладзімір Гаўрыловіч акцэнтаваў увагу на навінках прозы. Ён падкрэсліў, што значныя набыткі тут маюць гомельскія літаратары: у галіне актыўна і паспяхова працуюць аўтары, якія пішуць як для дарослых, так і для дзяцей. Вельмі важна, каб кнігі не залежваліся ў кнігарнях, а былі набыты, заўважаны і, безумоўна, пры-
неслі карысць пазнання, адкрыцця і асалоду. Семінар прозы, на думку выступоўцы, якраз і імкнецца дапамагчы высокамастацкай кнізе наблізіцца да чытача. Уладзімір Гаўрыловіч таксама запрасіў удзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе на найлепшую рэцэнзію «Мастацтва разважаць».

Пасля грунтоўнага інфармацыйна-тэарэтычнага даследавання-паведамлення аб усіх жанрах прозы, зробленага кіраўніком семінара, празаікам і мастацтвазнаўцам, членам СПБ Алегам Ананьевым, у цэнтры ўвагі форуму былі новыя мастацкія творы, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны і падлеткам таго няпростага часу. Як зазначыў ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Болсун, гомельскі празаік Мікалай Дзямчыхін у аповесці «Кропка расы» (кніга выйшла ў выдавецтве «Барк») стварыў шэраг вобразаў сапраўдных юных і дарослых патрыётаў, якія дзейнічалі на Гомельшчыне ў пачатку вайны. З любоўю аўтар піша пра падлеткаў, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, дапамагалі дарослым набліжаць Перамогу.

На думку Уладзіміра Гаўрыловіча, які прааналізаваў кнігу прозы Ізяслава Катлярова «Уцёкі з дзяцінства», пісьменнік вельмі тонка адчувае чалавечую душу, і дзіцячую асабліва. У ёй светлагорскі майстар слова знаёміць чытача са сваім горкім дзяцінствам, паказвае, як паступова адбываецца станаўленне юнага героя як асобы. «Уцёкі з дзяцінства» кранальны і праўдзівы твор пра дзяцей вайны ў пасляваенны час. Неабходна, каб раман чыталі дзеці, моладзь, дарослыя і разумелі: вайна самая страшная, бесчалавечная з’ява. На семінары Уладзімір Гаўрыловіч невыпадкова вызначыў задачу для сябе і калег: «Пісаць пра былое, калі сапраўды дорага ўсё сваё, агульнанароднае. Сучасныя беларускія літаратары, ствараючы годныя мастацкія творы, працягваюць найлепшыя традыцыі папярэднікаў і выхоўваюць сапраўдных патрыётаў сваёй Бацькаўшчыны».

Сучасныя тэмы, займальныя сюжэты, неардынарныя жыццёвыя сітуацыі, шчырыя пачуцці герояў як уласных твораў, так і перакладзеных вызначаюць новую кнігу прозы Міхася Слівы «Птушка шчасця». Вядомы гумарыст і сатырык Міхась Сліва, на думку ўдзельнікаў творчага семінара (водгук таксама У. Гаўрыловіча), у аповесці, навелах ды мініяцюрах «растрывожвае», высакародзіць душу, будзіць думкі і эмоцыі чытачоў, таму кніга наўрад ці заляжыцца на кніжных паліцах.

Выступае Мікалай Дзямчыхін.

Як падкрэсліла член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса і празаік Галіна Рагавая, у новым зборніку апавяданняў «Горкі шакалад» аўтар-гамяльчанка Галіна Гузянкова (празаік, кіраўнік гомсельмашаўскага літаб’яднання «Крыніцы». — Заўв. аўт.) проста і даходліва распавядае пра сучаснае жыццё звычайных людзей. Падкрэслівае, што ў чалавека заўсёды знойдуцца сілы не скарыцца неспрыяльным абставінам, бо ў гэтым яму дапамогуць не толькі мужнасць і вытрымка, але і дабрыня, а часам нават і ўменне на ўсё паглядзець з гумарам.

Так, дарэчы, зрабіла і празаік Раіса Дзейкун, чарговая кніжка якой, на думку рэцэнзента, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганны Атрошчанкі, поўная іскрамётнага народнага гумару. І назва новага выдання па-свойму асаблівая: «Сэлфі, рэлфі і… балота». Гумар, як падкрэслена, — своеасаблівы вітамін, які дапамагае перажыць розныя выпрабаванні, непрыемнасці. І ў пісьменніцы атрымалася шчыра парадаваць чытача.

Асаблівую ўвагу на творчым семінары ўдзялілі творчасці сучаснага маладога аўтара Яніны Корбут. Яе новыя кнігі — іранічныя дэтэктывы, напісаныя па-руску і выдадзеныя ў маскоўскім выдавецтве «ЭКСМО» («Скелет в расцвете сил», «Три папы, красавица и чудовище», «Наследники по кривой. Приватный танец для тёмной лошадки»), выклікалі не толькі шчырую зацікаўленасць, але і ўзаемакарысную для аўтара і ўдзельнікаў семінара творчую дыскусію. Рэцэнзентамі твораў выступілі рэжысёр, драматург, артыст тэатра і кіно, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Бычкоў, пісьменнік і мастацтвазнаўца Алег Ананьеў, празаік Ева Дударга. На гомельскай зямлі з’явіўся яшчэ адзін таленавіты празаік. Удзельнікі семінара аднагалосна падтрымалі кандыдатуру пісьменніцы — прынялі ў абласное літаб’яднанне «Слова», а таксама рэкамендавалі Савету абласнога аддзялення СПБ разгледзець яе творчасць з мэтай прыёму ў прафесійную пісьменніцкую арганізацыю.

Завяршыўся семінар прозы і драматургіі абмеркаваннем праграмы наступнага форуму: у чэрвені ў цэнтры ўвагі літаратаразнаўцаў, крытыкаў, пісьменнікаў і чытачоў Гомельшчыны будуць новыя мастацкія творы некаторых аўтараў, а таксама зроблены творчы аналіз і дадзена ацэнка новаму зборніку беларускай прозы і публіцыстыкі «Подых часу».

Мікалай ПРЫПЯЦКІ

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.