Вы тут

Галоўны урач Наталля Саевіч аб уроках пандэміі, жаночым лідарстве і ролі пазітыўнага мыслення


Яна працавала галоўным урачом клінікі менш за два гады, калі пачалася пандэмія. Калектыў пад яе кіраўніцтвам не толькі годна справіўся з новым выклікам, але і стаў яшчэ больш згуртаваным. З галоўным урачом 3-й гарадской клінічнай бальніцы ім. Я. У. Клумава Наталляй Саевіч пагутарылі аб уроках пандэміі, жаночым лідарстве і ролі пазітыўнага мыслення.


«Мы сталі яшчэ больш згуртаванымі»

— Наталля Іванаўна, чаму выбралі медыцыну?

— Доктарам марыла стаць з дзяцінства. Нашай суседкай была жанчына, якая прайшла Вялікую Айчынную вайну, па прафесіі — медсястра. Я часта гасцявала ў яе, слухала яе расповеды аб служэнні сваёй справе. Бацькі выхавалі ў мяне імкненне дапамагаць людзям. У дзявятым класе ўжо дакладна ведала, што стану ўрачом, рыхтавалася і ў 1988 годзе паступіла ў Мінскі медінстытут на педыятрычны факультэт.

— Як складаўся Ваш шлях у прафесіі?

— Скончыўшы вучобу, працавала доктарам-неанатолагам, педыятрам. А затым стала ўрачом для дарослых — тэрапеўтам, педыятрычны факультэт дае такую магчымасць. Але пры тым душэўнае, цёплае стаўленне да пацыентаў у мяне, як у педыятра, захавалася. Скончыла клінічную ардынатуру на кафедры тэрапіі ў 3-й гарадской клінічнай бальніцы ім. Я. У. Клумава, працавала тут шаснаццаць гадоў доктарам-пульманолагам. Пасля васьмі гадоў у гарадской клінічнай бальніцы № 10 вярнулася ў «тройку» у якасці галоўнага ўрача.

— Вы працавалі кіраўніком менш за два гады, калі пачалася пандэмія. На Вас абрынулася мноства пытанняў, якім трэба было шукаць нестандартныя рашэнні, і вялікая адказнасць. Ці не пашкадавалі ў той момант, што пагадзіліся заняць гэтую пасаду?

— Не пашкадавала. Наадварот, умацавалася ў меркаванні, што кіраўнік не толькі павінен умець знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, але і быць у гэты момант разам са сваім калектывам. Пачуццё панікі, якое з’явілася напачатку, трэба было вельмі хутка нейтралізаваць. Наша бальніца прымала пацыентаў з Covid-19, усе ўрачы працавалі як інфекцыяністы, афтальмолагам даводзілася лячыць пнеўманію. Для іх гэта быў зусім новы вопыт, а я — пульманолаг, раней сутыкалася са свіным грыпам. Штодзень рабіла з калегамі абходы пацыентаў. Калі супрацоўнікі бачылі, што галоўны ўрач таксама надзявае ахоўны касцюм, ходзіць у ім па 8 гадзін, то разумелі: па-іншаму нельга. Гэтак жа працавалі і мае намеснікі. Дзякуючы такому вопыту яднання наш калектыў згуртаваўся яшчэ больш.

— А што асабіста Вам дапамагло ўзяць пад кантроль пачуццё трывогі, панікі ў пачатку пандэміі?

— Магчыма, тое, што я — жанчына. А жанчыны, на мой погляд, больш сабраныя ў складаных сітуацыях. Мужчынам уласціва думаць глабальна, жанчына шукае выйсце менавіта тут і цяпер, зыходзячы з канкрэтных абставін. Тады наша сістэма аховы здароўя спрацавала дакладна, быў хутка наладжаны выпуск сродкаў індывідуальнай абароны менавіта ў Беларусі, і медыцынскія работнікі былі імі забяспечаны. А калі здаралася так, што нехта з калегаў захворваў і быў шпіталізаваны, мы з дапамогай прафсаюза збіралі ім смачныя і карысныя перадачы, каб яны хутчэй папраўляліся. Кожны ведаў, што без падтрымкі не застанецца.

— Сярод тых, хто суткамі не бачыўся з роднымі вясной 2020 года, быў і Ваш сын Андрэй, у той час — студэнт 6-га курса медуніверсітэта. Што адчувала мама, чый сын быў на перадавой барацьбы з невядомым вірусам?

— Андрэй працаваў у рэанімацыі 10-й клінікі. Мы не бачыліся па 7-10 дзён. У медустановах тады стварылі пакоі адпачынку, дзе супрацоўнікі рэанімацыі маглі правесці час да наступнага дзяжурства. Пачуцця страху за сына ў мяне не было, наадварот, была гордасць за яго, бо студэнты — не супрацоўнікі клінікі, кожны з іх мог у любы момант сысці. Андрэй застаўся і працаваў нароўні з калегамі старэйшага ўзросту. І я разумела: сын правільна выбраў прафесію і робіць тое, што павінен. Да пандэміі ён паспеў папрацаваць санітарам на хуткай дапамозе, фельчарам, набыў каштоўны для ўрача вопыт. Цяпер — аспірант РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М. М. Аляксандрава, будучы анколаг, працуе ў раённай бальніцы хірургам. Упэўнена, сын будзе ісці па абраным ім шляху годна, медыцына — яго пакліканне.

«Кожная жанчына — гаспадыня на сваім месцы»

— Ці складана жанчыне ў такі няпросты час, як наш, быць кіраўніком шматпрофільнай клінікі?

— Калі жанчына можа кіраваць калектывам з двух-трох чалавек, то можа і буйным прадпрыемствам. Паўтару: жанчына-лідар бачыць усё крыху пад іншым ракурсам, чым мужчына. Нават на рамонт у арганізацыі яна глядзіць з уласцівым ёй эстэтычным пачуццём. Вобразна кажучы, калі для мужчыны важна, каб цвік быў добра ўбіты, то для жанчыны гэтага недастаткова — ёй трэба, каб на гэтым цвіку вісела прыгожая карціна. Жанчына знаходзіць правільную тактыку работы з калектывам, яна кіраўнік і адначасова — разам са сваімі калегамі. 

Вясной і летам пацыенты называюць нашу бальніцу «астраўком прыгажосці» — усюды пасаджаны кветкі, гэта не выпадкова: у нашым калектыве 80% жанчын, сярод загадчыкаў аддзяленнямі — 70%. Кожная на працоўным месцы — гаспадыня, і не важна, невялікае гэтае аддзяленне або шматпрофільная клініка. Гаспадыня павінна ведаць, як правільна размеркаваць даходы, як падтрымаць парадак і ўпрыгожыць свет вакол сябе. Жанчына-лідар нароўні з мужчынам выходзіць сёння на першы план, яе ўклад у развіццё дзяржавы, безумоўна, вялікі. Пры гэтым яна заўсёды застаецца жанчынай.

— У 3-й гарадской бальніцы імя Я. У. Клумава сёлета юбілей — 195 гадоў. Чым жыве ўстанова сёння?

— Клініка актыўна развіваецца, асабліва пасля выхаду з пандэміі. Нам сапраўды амаль дзве сотні гадоў, у нас на тэрыторыі некалькі помнікаў архітэктуры, якія мы не маем права перарабляць. У выніку крыху цеснавата, але гэта не перашкодзіла на базе клінікі стварыць апошнім часам інавацыйныя цэнтры. У нас працуе скрынінгавы цэнтр каларэктальнага раку, дзе мы робім каланаскапію з анестэзіяй для ранняга выяўлення раку тоўстага кішэчніка. Актыўна развіваецца родадапамога. Наша клініка славіцца сваёй афтальмалагічнай службай — адной з найлепшых у рэспубліцы, дзе ўкаранёна нямала інавацыйных тэхналогій. Наш цэнтр рэцінальнай паталогіі (захворванняў сятчаткі вока) — адзіны ў Мінску, тут мы выкарыстоўваем дастаткова вялікую колькасць новых прэпаратаў. І, вядома, з’яўляючыся шматпрофільнай клінікай, аказваем усе віды медыцынскай дапамогі пацыентам.

— Бальніца ўдзельнічае ў пілотным праекце па аказанні дзяржустановамі медыцынскіх паслуг на платнай аснове па выхадных днях. Пацыенты ацанілі перавагі такога падыходу?

— Гэты пілотны праект у нас працуе ўжо год. Яго высока ацэньваюць не толькі пацыенты, але і супрацоўнікі. Выходзячы на працу ў суботу, дактары, асабліва хірургі-афтальмолагі, могуць істотна павысіць свой заробак. Пацыенты, прыязджаючы да нас у пятніцу, застаюцца на аперацыю, а ў нядзелю яны ўжо дома. Акрамя таго, заробленыя сродкі даюць магчымасць умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы. Так што праект апраўдаў сябе з усіх бакоў.

— У «тройцы» — адзін з найстарэйшых радзільных дамоў Мінска. Як лічыце, што трэба для таго, каб шчаслівых маці і шчаслівых дзяцей станавілася больш?

— Сапраўды, кожны чацвёрты жыхар Мінска з’явіўся на свет у радзільным доме нашай бальніцы. Дарэчы, у нас — адзіны ў горадзе радзільны дом, дзе ёсць школа падрыхтоўкі да партнёрскіх родаў. Сёння нямала татаў хочуць бачыць нараджэнне свайго дзіцяці. У нядаўнім Пасланні Прэзідэнта нашай дзяржавы беларускаму народу і Парламенту вялікі блок пытанняў датычыўся сямейнай палітыкі, дэмаграфіі. Дапамога, якую дзяржава аказвае шматдзетным сем’ям, дарагога каштуе. У нашым радзільным доме створаны максімальна камфортныя ўмовы: зроблены добры рамонт, закуплены спецыяльныя крэслы для родадапамогі. Ёсць палаты сумеснага знаходжання, дзе матулю з дзіцем могуць наведваць сваякі.

«Пазітыўнае мысленне вядзе да поспеху»

— Бывае, за працай і сямейнымі ролямі жанчыне не хапае часу на асобаснае развіццё і новыя веды, складана рухацца наперад у прафесіі — гэта пра Вас?

— Не пра мяне. Імкнуся так арганізаваць свой дзень, каб усё паспяваць. Пандэмія навучыла нас працаваць анлайн, і цяпер я актыўна гэтым карыстаюся: наведваю відэаканферэнцыі, дзе можна ўдасканаліць свае прафесійныя веды. Хаджу на ёгу, якая дапамагае эмацыянальна ўдасканальвацца. Наведваю басейн, бо ад фізічнай формы жанчыны залежыць яе здароўе. Люблю бываць у музеях, тэатрах, да пандэміі падарожнічала. Мне падабаецца танцаваць, з захапленнем хадзіла на народныя, лацінскія танцы, ёсць жаданне навучыцца танга.

— На спартакіядзе Вы занялі другое месца па шашках…

— Гэты від спорту вучыць бачыць перспектыву, умець прадказаць, што будзе праз два-тры крокі: трапіш ты «ў дамкі» або будзеш збіты супернікам. І як ніякі іншы, характарызуе мой стыль работы. Для мяне важна разумець, што будзе праз паўгода, праз год у нашай клініцы, выйдзем мы «ў дамкі» або саступім лідарства. І мне вельмі прыемна, што маім супернікам, які заняў у спаборніцтве па шашках першае месца, таксама была жанчына — галоўны ўрач Цэнтральнай раённай паліклінікі № 34 Савецкага раёна Наталля Дзяргач.

— Цяпер шмат гаворыцца пра ролю пазітыўнага мыслення ў рэалізацыі паспяховай жыццёвай стратэгіі. Наколькі гэта важна для Вас? І ў чым сакрэт Вашага жыццёвага поспеху?

— Мой сакрэт просты. Раніцай іду на працу з радасцю. Свеціць сонца ці ідзе дождж, усміхаюся кожнаму дню. Калі ты пазітыўна глядзіш на рэчы, то разумееш, як правільна арганізаваць свет вакол сябе, каб усё атрымлівалася. Цалкам згодная з тым, што пазітыўнае мысленне дапамагае прыйсці да поспеху. 

Алена БРАВА

Фота Юліі РАМАНЬКОВАЙ

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.