Маштабнае інфармацыйнае мерапрыемства «Выбіраем студатрад!» было праведзена ў сталіцы на адкрытай пляцоўцы Студэнцкай вёскі 4 мая Рэспубліканскім штабам студэнцкіх атрадаў БРСМ.
Пасля абеду насупраць студэнцкіх інтэрнатаў разгарнулася інтэрактыўная выставачная экспазіцыя Беларускіх студэнцкіх атрадаў. Тут можна было і пазнаёміцца з іх дасягненнямі, і згуляць у камандныя гульні, і нават паўдзельнічаць у майстар-класе па роспісе будаўнічых касак. І галоўнае: тыя студэнты, якіх зацікавіла дзейнасць арганізацыі мелі магчымасць запоўніць анкеты і гарантавана атрымаць працу ў трэцім працоўным семестры 2023 года.
Другі сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў падкрэсліў, што галоўная задача — гэта аператыўна інфармаваць аб тых унікальных магчымасцях і ўмовах, якія ёсць у нашай Беларусі. Моладзі прапануецца круглагадовая занятасць у саставе студэнцкіх атрадаў, сярод якіх будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, педагагічныя, сэрвісныя, вытворчыя, экалагічныя і медыцынскія. Таксама Аляксандр Прохараў дадаў, што ў арганізацыі вельмі добра наладжана праца з наймальнікамі:
— Мы ўпершыню падпісалі пагадненне з Гомсельмашам. Каля двухсот чалавек будзе працаваць у Гомелі. На новы ўзровень выйшла нашае супрацоўніцтва з Беларускай чыгункай. Сотні хлопчыкаў і дзяўчынак упершыню будуць працаваць на чыгунцы.
Цікава тое, што ў моладзі ёсць унікальная магчымасць у вольны ад вучобы час атрымаць дадатковыя рабочыя спецыяльнасці: такія, як праваднік пасажырскага вагона, манцёр пуці і слесар рухомага саставу. Па словах Аляксандра Прохарава, пасля гэтага малады чалавек у перспектыве адчувае сябе больш упэўнена на рынку працы, таксама павялічваецца яго прафесійная кампетэнцыя і заработная плата ў саставе студатрада.
Паводле інфармацыі прэс-службы БРСМ, у год 60-годдзя Беларускіх студэнцкіх атрадаў падчас промапраекта «Выбіраем студатрад!», які стартаваў у лютым 2023 года, заяўкі на працу ў саставе студатрадаў ужо падало больш за 19 тысяч чалавек.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.
Ацяпляльныя «лайфхакі» вяскоўцаў.