Вы тут

У 80 гадоў ён пісаў пра любоў так, быццам у першы раз закахаўся — Васіль Івашын


У жыцці нярэдка і так бывае. Калі ў каго-небудзь у нечым справы асабліва не ладзяцца, то ён, узяўшыся за іншы занятак, таксама асабліва пахваліцца не можа. Аднак надараецца і так, што на схіле свайго жыцця чалавек, вярнуўшыся да таго, чым спрабаваў займацца ў маладосці, нечакана дасягае такога поспеху, які не на шмат меншы за той, якога дасягнуў у сваёй асноўнай дзейснасці. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Пацвярджэнне таму, што гэта і сапраўды так, — Васіль Івашын. Многія з тых, хто цікавіцца літаратурай, добра ведаюць, што Васіль Уладзіміравіч быў акадэмікам Акадэміі педагагічных навук СССР, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктарам філалагічных навук, вядомым літаратуразнаўцам і педагогам. Аднак не ўсе здагадваюцца, што паэт Васіль Івашын — не цёзка яго, а той самы чалавек, якому не чужой была і «госця нябесная».


Час і ён у часе 

Малая радзіма Васіля Івашына — вёска Ляхавічы колішняй Койданаўскай воласці Мінскага павета, а цяперашняга Дзяржынскага раёна. У сям’і, дзе нарадзіўся 9 мая 1913 года, было два браты і дзве сястры. Ён старэйшы. Хадзіць у Станькаўскую сямігодку было няблізка, сем кіламетраў, але для таго часу гэта была не такая і вялікая адлегласць. Асабліва для юнакоў і дзяўчат, якія, натхнёныя грамадскімі зменамі, хацелі вучыцца. Для Васіля Івашына ў гэтым быў і добры прыклад — на чатыры гады маладзейшы за яго Кастусь Вашына. Прывабліваў ён ужо тым, што з’яўляўся яго далёкім родзічам. Да ўсяго, як неўзабаве высветлілася, абодва не толькі любілі літаратуру, але і самі спрабавалі пісаць. Першым у тым, што піша апавяданні, прызнаўся Кастусь. Гэта ён хутка заявіў аб сабе як празаік Лукаш Калюга. Пасля гэтага і Васіль прызнаўся: «А ў мяне ёсць вершы». Кастусь Вашына ўзрадаваўся: «То чаму маўчаў?» Васіль сціпла адказаў: «Саромеўся». Калі Кастусь пазнаёміўся з імі, радасна сказаў: «Іскра ў цябе ёсць». Ды хутка яму стала не да паэзіі. Давялося выбівацца на ўласны хлеб. Выбраў Мінскі транспартна-эканамічны тэхнікум. Але пасля завяршэння вучобы па прафесіі працаваў толькі год. Зразумеў, што гэта не тое, да чаго ляжыць душа. Таму падаў дакументы на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Закончыўшы яго, у 1938 годзе стаў выкладчыкам мовы і літаратуры ў Віцебскім педвучылішчы.

Гады Вялікай Айчыннай вайны для Васіля Уладзіміравіча, як і для ўсіх сумленных людзей, сталі гадамі мужнасці і гераізму. Адны ваявалі на франтах, у партызанскіх атрадах, у падполлі, многія набліжалі дзень Перамогі мірнай працай. Ён жа служыў у войсках, якія абслугоўвалі легендарныя «Кацюшы». Туды, як вядома, падбіралі самых надзейных. Да такіх і ў мірны час ставіліся з павагай.

З 1946 да 1948 года Васіль Івашын працаваў выкладчыкам у Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КП(б)Б, як яна тады называлася. Адначасова скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры АН БССР. Быў старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара беларускай савецкай літаратуры гэтай установы. Асабліва раскрыліся яго дзелавыя, арганізатарскія здольнасці, калі ў 1967–1978 годзе ўзначальваў Навукова-даследчы Інстытут педагогікі Міністэрства асветы БССР (цяперашні Нацыянальны інстытут адукацыі). Пасля доўгі час працаваў там вядучым навуковым супрацоўнікам яго. Безумоўна, найперш яго заслуга, што за гэты час установа стала прызнаным цэнтрам у галіне метадалогіі і методыкі выкладання беларускай літаратуры. Тым больш што і сам быў зусім не кабінетным вучоным, а шмат займаўся літаратурна-крытычнымі даследаваннямі.

У друку ўпершыню пра сябе заявіў у 1949 годзе, стаўшы адным з даследчыкаў творчасці Янкі Купалы. Першыя публікацыі склалі аснову кніг «Янка Купала — вялікі народны паэт» (1952) і «Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905–1907 гг.» (1953). Паступова абсягі творчасці Васіля Уладзіміравіча пашырыліся. Вялікую ўвагу надаваў даследаванню пытанняў гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры. Стаяў каля вытокаў вывучэння беларуска-рускіх і беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей. Цяжка пераацаніць і яго ролю па распрацоўцы метадалогіі і методыкі выкладання літаратуры ў школе. Прынамсі, падручнік «Беларуская літаратура» для 8 класа, напісаны ў суаўтарстве з Васілём Барысенкам, вытрымаў больш як 20 выданняў. Усяго на рахунку Васіля Івашына 300 навуковых прац. Сярод іх і 7 манаграфій: «М. Горький и белорусская литература начала ХХ века» (1956), «Да вышынь рэалізму» (1983), «Выверанае жыццём» (1988) і іншыя.

Матылёк, як свабоды аганёк 

Можна ўявіць здзіўленне тых, хто быў знаёмы з Васілём Івашыным па артыкулах і кнігах, калі, адгарнуўшы «ЛіМ» за 8 мая 1992 года, убачылі партрэт Васіля Уладзіміравіча і ... яго вершы. Так арыгінальна ён адзначыў сваё 79-годдзе. А пасля былі кнігі «Слова» (1995), «Покліч памяці» (1998), «Прызванне» (2007), «З надзеяй і верай» (2003). Усе з прадмовай Уладзіміра Гніламёдава. Хто-хто, а Уладзімір Васільевіч ведае цану сапраўднай паэзіі. У першым жа вершы Васіль паспрабаваў даць адказ, як нараджаецца яна, яе вялікасць паэзія. Блізкі да ісціны, калі прамаўляе:

Я адчуваю, як у душы паволі
Разгараецца свабоды аганёк.
І ляціць адтуль, з глыбінь на волю
Маёй адвагі смелы матылёк. 

Такая адвага, несумненна, доўга чакала свайго часу. Аднак зусім не з-за таго, што не хапала звычайнай паэтычнай смеласці. Па іншай прычыне. Як і кожнаму, хто працуе ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства, а тым самым як бы «павучае» іншых, не хочацца пераходзіць у іншыя жанры, хоць у іх, як высвятляецца, можна адчуваць сябе вельмі ўпэўнена. Для прыкладу — Віктар Каваленка з яго раманам «Падвышанае неба», а цяпер і Уладзімір Гніламёдаў, які напісаў ужо некалькі раманаў. Было і асабістае, тое, які падказала верш «Сон», што адбылося некалі з блізкім чалавекам і назаўсёды засталося ў памяці. Адначасова хацелася, каб гэта не адпавядала рэальнасці:

Страшны сон я бачу:
Нібы кроў глытаю.
Што такое значыць?
— Сам сябе пытаю...
Раптам злая бура
Дуб стары зваліла
І на нашу хату
Дуб той паваліла.
Рушыла лавіна,
З громам шуганула
І ў адну хвіліну
Бацьку праглынула...

Што пражыта, не адышло

Гэта і паўплывала на тое, што не да вершаў стала. Не на год, не на два, а на дзесяцігоддзі. Таму так доўга і разгараўся «свабоды аганёк», таму і «адвагі смелы матылёк» не адразу вырваўся на волю. А цяпер... 

Ён ляціць, ляціць і ўсё крыляе 
І мяне з сабой уздымае, 
Маю думку-мару акрыляе, 
Усё гарыць, гарыць і не згарае.

І вось ужо «натхненне ўладарыць пачынае». А дзе натхненне, там пачуцці свежыя і жаданні маладыя. Увесь белы свет хочацца абняць, прытуліць да сябе:

Што на сэрца мне кладзецца,
Ўсё нанова прагне жыць:
Ці той песняй адзавецца,
Ці то громам прагрыміць,
Ці, як неба, азарыцца,
Ці, як знічка, прамільгне.
Не магу я надзівіцца,
Што там творыцца ўва мне.

Гэтае дзіўнае ўзрушэнне ні на хвіліну не пакідала лірычнага героя Васіля Івашына. Таму і пераходзілі з верша ў верш матывы, у нечым падобныя на папярэднія, а тым самым утвараўся ланцуг асацыяцый, за якімі нязменна, нягледзячы на ўзрост, паўставала маладосць душы. Нездарма ж кажуць: на колькі гадоў сябе адчуваеце, столькі вам і ёсць: «Ўсё бяру, усё прымаю, // Усё сваім я прызнаю: // Песні роднага мне краю, // Маладосць люблю маю»; «Ўсё, што ў жыцці сустракаю, // З усім парадніцца змагу, // Усё да сябе прылучаю, // Усё, як краса, сцерагу»; «Як дзівосны гэты цвет вясны, // Якая гарманічнасць свету! // Такога не прыдумаць, не сасніць // Ва ўсіх драбніцах і прыкметах».

Нібы не васьмідзесяцігадовы чалавек прамаўляў гэта, а юнак, у якога яшчэ наперадзе ўсе сапраўдныя адкрыцці і, на жаль, многія расчараванні:

Што пражыта, перажыта,
Не сплыло, не адышло:
Ў маёй памяці адбіта,
Ў маім слове ўзышло.

Дыялог, скіраваны ў заўтра

Васіль Івашын пісаў пра каханне так, як можа пісаць той, каго гэтае пачуццё ўпершыню кранула і хто нарэшце адчуў сябе па-сапраўднаму шчаслівым:

Ты бачыш: разгараецца агеньчык,
Такі маленькі, хілы, палахлівы,
Твайго кахання дарагі струменьчык,
Так далёкі і такі мне мілы. 

Навідавоку прысутнасць багдановічаўскай традыцыі. Яна давала аб сабе знаць і тады, калі закранаў грамадскія матывы. Асабліва ў вершах, у якіх гучыць заклапочанасць лёсам Беларусі. Лірычны герой паўстае адданым сынам Бацькаўшчыны, які не прымае (і не можа прыняць!) пазіцыі тых, хто, застаючыся па пашпарце беларусам, сваімі ўчынкамі ператвараецца ў манкурта, на сваёй зямлі жыве чужаком, прышлым чалавекам. Ён быў бескампрамісны ў асуджэнні такіх:

Я мог бы дараваць усе твае грахі...
Грахоў жа у цябе замнога..
Ды толькі вось адзін твой грэх
На сэрца лёг як боль-трывога.
Сярод сваіх ты чужаком жывеш,
Адрокся ад сваёй Айчыны,
Нічога роднага ў душы ты не збярог,
Апроч уласнае хаціны. 

У яго было і сваё разуменне сутнасці паэзіі: гэта заўсёды свята — душы, пачуццяў, успрымання рэчаіснасці. Быў перакананы, што «паэзія — і не гаданне, і не дзіцячая гульня. Яна — наказ жыцця, прызванне Твайго нястомнага „я“». Больш за тое, «яна — святое азарэнне таго, што выстаяў народ. Яна — тваёй душы тварэнне. Народнай праўды смелы ўзлёт».

Па-мойму, гэта таксама меў на ўвазе Уладзімір Гніламёдаў, назваўшы ўступ да другой кнігі Васіля Уладзіміравіча «Покліч памяці» «Працягам дыялогу»: «Перад намі працяг дыялогу і далейшая гаворка пра тое, чым напоўнена душа паэта... У кожным вершы ёсць нейкая грамадска значная думка, філасофская сентэнцыя, вобраз. Глыбакадумнасць, мудрасць жыццёвага вопыту суседнічаюць, а часта спалучаюцца са здзіўленнем перад гэтым шматаблічным светам, з амаль дзіцячай даверлівасцю».

* * *

Пайшоў Васіль Івашын у вечнасць 6 лістапада 2009 года, не дажыўшы да 100-гадовага свайго юбілею тры з паловай года. А пра тое, што ён зрабіў для развіцця беларускай літаратуры, можна даведаецца з кнігі «Жыццё не песціла мяне...», укладзенай Сцяпанам Лаўшуком. Спраўдзілася сказанае паэтам:

Цяжар гадоў мяне гняце
І ў гэты час вясновыя...
І ўсё ж, як і раней, цвіце
Мой васілёк жытнёвы.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.