Вы тут

Хто такі суворавец Армейкін і чаму з ім павінен пазнаёміцца маленькі беларус?


Да 105-годдзя Узброеных Сіл Беларусі Міністэрства абароны рэалізавала нямала цікавых праектаў. Адзін з іх — кніга «Ваенныя сакрэты сувораўца Армейкіна», якая цікава і, галоўнае, даступна расказвае пра Узброеныя Сілы нашай краіны, службу ў арміі. Гэта кніга-энцыклапедыя, кніга-падарожжа, кніга-гульня. Яна хоць і разлічана на чытачоў малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, але і дарослы з задавальненнем пагартае якасную літаратуру. А галоўнае, правільную — менавіта на такой трэба выхоўваць сучаснае пакаленне беларусаў.


Як узнікла ідэя пагаварыць з маленькім чытачом на сур’ёзную тэму, хто такі суворавец Армейкін і чаму кніга павінна зацікавіць дзяцей, пагутарылі з яе аўтарам. Алена Зацірка — ваенны журналіст, падпалкоўнік у адстаўцы. Днямі яна завяршыла службу ў Ваенным інфармацыйным агенцтве Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь «Ваяр». За плячыма — сотні камандзіровак у воінскія часці і гарнізоны, на вучэнні і палігоны, столькі ж герояў у пагонах і не толькі, тысячы падрыхтаваных публікацый... І адна, але такая важная і патрэбная, кніга, якая стала сімвалічным акордам у завяршэнні ваеннай кар’еры.

— Алена Аляксандраўна, кніга «Ваенныя сакрэты сувораўца Армейкіна» — гэта ваш першы пісьменніцкі досвед?

— Першы, хоць я думала, што раней выйдзе кніга, якую я пішу з 2016 года — «Памяць і абавязак. Захоўваць вечна». Гэта гісторыі і лёсы ўдоў, дзяцей і бацькоў воінаў-інтэрнацыяналістаў. У 2016 годзе мы пазнаёміліся са старшынёй асацыяцыі сем’яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане, «Памяць і абавязак» Тамарай Іванаўнай Доўнар, якая прапанавала напісаць аб дзецях воінаў-інтэрнацыяналістаў. І я пачала працаваць. На цяперашні момант ёсць ужо 21 нарыс. Калі прапанавалі напісаць кнігу для дзяцей аб арміі (ідэя праекта належыць памочніку міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальніку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы генерал-маёру Леаніду Віктаравічу Касінскаму), я спачатку задумалася. Пасля, узважыўшы ўсе за і супраць, пагадзілася. У чым быў мой плюс? Па прафесіі я педагог, настаўнік рускай мовы і літаратуры. Да таго, як прыйсці ў армію, 13 гадоў адпрацавала ў школе, у тым ліку намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Вопыт зносін з дзецьмі, веданне іх псіхалогіі, разуменне педагагічных падыходаў — усё гэта ў мяне было. Па-другое, пісаць трэба было аб арміі, а ва Узброеных Сілах я з 2003 года. Перш чым стаць ваенным журналістам, адслужыла ў 120-й і 19-й асобных гвардзейскіх механізаваных брыгадах. Будучы намеснікам дырэктара школы, лёс павярнуў так, што прыйшла ў армію, а тут трэба пачынаць спачатку. І я пачала з лейтэнанта, начальніка клуба, потым была старшым памочнікам у аддзеле ідэалагічнай работы ў 120-й, потым у 19-й брыгадах. Падчас службы пісала пра палявыя выхады, тэхніку... Ужо не кажучы пра далейшую журналісцкую работу. Таму, калі прапанавалі напісаць кнігу, падумала: а чаму б і не паспрабаваць?! Ацэнку павінен даць чытач. Мяркуючы па першых водгуках, дзецям падабаецца, кніга карыстаецца попытам.

— Усё-такі ў школьнікаў малодшых і сярэдніх класаў, як і задумвалася?

— Кніга разлічана на чытача 8–12 гадоў. Васьмігадовыя дзеці ўжо самі могуць свядома чытаць, і тэксты адаптаваныя пад іх. Тут не знойдзеш вельмі разумных навуковых фраз, ваеннай тэрміналогіі, разлічанай на курсантаў. Аднак гэта не значыць, што малодшыя дзеці не могуць браць гэтую кнігу ў рукі. Магчыма, у сілу ўзросту яны не ўсё змогуць прачытаць, але ім будзе цікава паглядзець ілюстрацыі. Кніга інтэрактыўная, яна ўзаемадзейнічае з чытачом: тэкставы матэрыял падмацоўваецца QR-кодамі, лагічнымі ланцужкамі, красвордамі. Гэта не толькі дазваляе спытаць у дзіцяці, што ён даведаўся, прачытаўшы тую ці іншую старонку. Выканаўшы пэўнае заданне, юны чытач ужо сам зразумее, ці засвоіў ён тое, што прачытаў або яму прачыталі.

— Здаецца, што пісаць для дзяцей надзвычай складана. Вы ж прапанавалі дзіцяці яшчэ і сур’ёзную тэму...

— Дзіця — чытач, якога не падманеш. Калі дзіця чытае і бачыць фальш, кнігу адкладзе — у маленькіх чытачоў гэта адбываецца на падсвядомым узроўні. Таму перш за ўсё кніга павінна быць праўдзівай. Так, можна сказаць дзіцяці, што танк важыць 40 тон. У восем гадоў яно ведае матэматыку, але ці разумее, што азначае 40 тон? Таму пачалі шукаць варыянты, з чым гэта можна параўнаць. Так і з’явілася, што танк важыць як восем афрыканскіх сланоў. А ці зацікавіць дзіця, колькі важыць самалёт «Су-25»? Наўрад ці. А вось колькі самалёт можа ўзяць на борт страусаў, будзе цікава даведацца нават даросламу.

— Як правіла, у кожнай работы ёсць свая мэта. Каму і навошта была патрэбна гэтая кніга?

— Па-першае, хацелася ў даступнай і цікавай форме расказаць дзецям аб Узброеных Сілах. Апошнім часам у інтэрнэце шмат непраўдзівай і скажонай інфармацыі аб арміі, якая адштурхоўвае ад ваеннай службы, прымушае і бацькоў, і школьнікаў баяцца ваеннай службы. У кнізе паказана, наколькі ваенная служба цікавая і займальная, што яна можа даць, якія ў яе плюсы і як прайсці гэты шлях. У кнізе паказана ўся схема, як чалавек можа атрымаць афіцэрскае званне і прайсці гэтую дарогу. Можна пайсці ў сувораўскае вучылішча і пасля яго заканчэння паступіць у Ваенную акадэмію, а можна выбраць кантрактную службу — у любым выпадку жаданне служыць прывядзе да афіцэрскіх пагонаў.

— У кнізе вы знаёміце з ваеннай тэрміналогіяй, расказваеце пра ключавыя помнікі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны...

— Патрыятычнае выхаванне шматграннае. Чаму мы звярнулі ўвагу на помнікі? Іх тут не вельмі шмат, што было абумоўлена неабходнай колькасцю старонак. Многія дзеці з бацькамі або аднакласнікамі ездзілі на экскурсіі па Беларусі. А ёсць тыя, хто нават не ўяўляе, як выглядаюць гэтыя месцы. І калі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны або стэла «Мінск — горад-герой» большасці вядомыя, то ў тым жа Красным Беразе, дзе знаходзіцца комплекс дзецям-ахвярам вайны, былі не ўсе. Хочацца верыць, што, прачытаўшы замалёўкі аб гэтых помніках, аб падзеях, якія адбываліся ў нашай краіне, у дзяцей з’явіцца цікавасць паехаць туды і нават заахвоціць бацькоў, якія там не былі, з’ездзіць разам. Дадатак «Чаму мы так гаворым?» таксама цікавы. Мы кажам «прысяга», «шынель»... А чаму менавіта так, адкуль гэтыя паняцці? Кароткая этымалогія раскрывае паходжанне гэтых слоў. Вось, напрыклад, слова «нягоднік», якое мы вымаўляем у адмоўных адносінах да іншага чалавека, што нам непрыемны. Раней жа на Русі нягоднікамі называлі людзей, якія не служылі ў арміі.

— У дадатку «Чытай-горад» расказваецца аб кнігах 1960–1980-х гадоў. Наколькі я разумею, вы рэкамендуеце звярнуцца да гэтай літаратуры?

— Гэта кнігі, на якіх раслі нашы бацькі, мы. Яны і па сёння актуальныя і цікавыя. Больш чым упэўнена, што, прачытаўшы кнігу Ізюмскага «Пунсовыя пагоны» аб сувораўцах, дзеці 10-11 гадоў захочуць стаць сувораўцамі. Сёння на паліцах кніжных крам не вельмі вялікі выбар падобнай літаратуры. Наша кніга — першая і адзіная. Падобнага, дзе расказвалася б дзецям аб арміі, у нас у Беларусі яшчэ не было. У кнігарнях дастаткова кніг энцыклапедычнага характару, але яны практычна ўсе носяць камерцыйную скіраванасць і не заўсёды з’яўляюцца праўдзівымі. Мэта кнігі «Ваенныя сакрэты сувораўца Армейкіна» — праўдзіва і дакладна расказаць аб арміі. Нават паглядзеўшы на ілюстрацыі, з першага погляду можа падацца, што гэта фотаздымкі, насамрэч гэта малюнкі. Мастак Дзяніс Матырыкін усё дакладна адлюстраваў, у яго малюнках няма нічога лішняга. Цікава, што ў кнізе ёсць QR-коды. Адна справа — проста паглядзець на тэхніку, пачытаць пра яе, іншая — перайсці па кодзе і паглядзець, як яна працуе ў дзеянні: паказвае сябе на палігонах, падчас вучэнняў. Практычна ўсе ролікі створаны тэлекампаніяй «ВаенТБ».

— Алена Аляксандраўна, з 2009 года да нядаўняга часу вы працавалі ў «Белорусской военной газете. Во славу Родины». Як атрымалася, што настаўнік-мовазнаўца прыйшоў у ваенную журналістыку?

— Кажуць, што шляхі гасподнія нязведаныя і калі ты нечага хочаш, лёс так ці інакш цябе да гэтага прывядзе. Калі яшчэ вучылася ў школе, хацела паступаць на факультэт журналістыкі. Гэта былі 1990-я гады, і тады ў нас не было інфармацыі аб тым, што для таго, каб паступіць, патрэбна мець публікацыі. У мяне іх не было, таму я пайшла на філфак. У выніку скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Працавала ў школе настаўніцай, потым намеснікам дырэктара, але цікавасць да журналісцкай работы была заўсёды. І калі я служыла ў 120-й, а потым у 19-й брыгадах, афіцэрам аддзела ідэалагічнай работы, у мае абавязкі ўваходзіла напісанне заметак аб жыццядзейнасці воінскай часці. Будучы ў Заслонаве, часта адпраўляла ў «Во славу Родины» невялікія заметкі, замалёўкі. Потым атрымалася так, што муж скончыў ваенную службу, звольніўся ў запас, і мы пераехалі ў Мінск. Тады ўжо было арганізавана ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр», і я вырашыла: а чаму б і не паспрабаваць?! Мяне ўзялі спецыяльным карэспандэнтам, затым я была начальнікам аддзела, апошнія сем гадоў — начальнікам аддзела падрыхтоўкі (адказным сакратаром як у грамадзянскіх). Лёс можа нас весці рознымі шляхамі. Ніколі ў жыцці не падумала б, што ў далёкім 1990 годзе, марачы аб журналістыцы, я прыйду ў яе праз ваенную службу, яшчэ і праслужу ад лейтэнанта да падпалкоўніка. Па вялікім рахунку, кніга «Ваенныя сакрэты сувораўца Армейкіна» аказалася для мяне дэмбельскім акордам. Гэта лагічнае завяршэнне маёй журналісцкай дзейнасці ў пагонах.

— Ці пазнаёміліся за 14 гадоў у журналістыцы з людзьмі, якія пакінулі след у душы назаўсёды?

— Старшыня асацыяцыі сем’яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане, «Памяць і абавязак» Тамара Іванаўна Доўнар. Сустрэча з гэтай жанчынай стала лёсавызначальнай, прычым яна была выпадковай. Тамара Іванаўна прыйшла на асабісты прыём да міністра абароны па пытаннях дзейнасці арганізацыі. Пры гэтым дзесьці паміж словамі сказала, што нядрэнна было б напісаць пра іх сужэнцаў, якія не вярнуліся з Афганістана. Мы выйшлі з кабінета міністра, і я сказала: «Давайце паспрабуем». Пачалі з яе гісторыі. Другая лёсавызначальная сустрэча адбылася з чалавекам, які з’яўляўся прыкладам таго, як трэба любіць жыццё, — з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, старажылам беларускай журналістыкі Паўлам Сафронавічам Ерашэнкам. На працягу 14 гадоў службы ў «Ваяры» мы з ім не проста цесна супрацоўнічалі, а сябравалі. Ён тэлефанаваў у рэдакцыю кожны дзень. Разам мы перажывалі ўсе яго беды. Павел Сафронавіч настолькі быў баец па жыцці — і ў гады вайны, і нават тады, калі ў адзін год пахаваў сына і жонку. Дарэчы, ён да апошняга пісаў — гэта прыклад яшчэ і журналісцкага подзвігу. У свае 96 гадоў ён пісаў столькі, колькі не пісалі нашы маладыя журналісты. Увогуле, у жыцці мне заўсёды шанцавала на людзей. Не было такога чалавека, з сустрэчы з якім я не вынесла станоўчага вопыту.

— Ваенныя журналісты — людзі асаблівыя. Лёс іх незайздросны. Як удавалася спраўляцца з цяжкасцямі?

— Журналістыка — увогуле складаная прафесія. Не важна, ваенная яна або не. Спецыфіка ваеннай журналістыкі ў тым, што ты знаходзішся ў пэўных рамках, за межы якіх не можаш выйсці ў сілу ваеннай службы. Ты заўсёды павінен думаць яшчэ і аб тым, каб не нанесці пэўную шкоду іміджу Узброеных Сіл. Другая складанасць у тым, што ваенную журналістыку нельга пісаць, седзячы ў кабінеце. Калі батальён ажыццяўляе палявы выхад, то журналіст ідзе разам з ім. Калі гэта вучэнні або армейскія гульні, якія праходзяць і ў іншых краінах, ты таксама едзеш туды. Атрымліваецца, ты становішся спецыялістам ва ўсіх сферах. Калі пішаш пра Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, ты павінен добра разбірацца ў спецыфіцы іх дзейнасці, калі пра Сілы спецыяльных аперацый — то разам з імі вывучаеш асновы прафесіі, паглыбляешся ў пэўныя нюансы і толькі пасля гэтага выдаеш матэрыял. Адным словам, з’ездзіць або прыйсці і напісаць, не падрыхтаваўшыся, не атрымаецца. І трэба мець на ўвазе яшчэ адну дэталь: калі газету чытаюць ваеннаслужачыя, ты, як сапёр, не маеш права на памылку. Калі яна выскачыць, цябе тут жа абвінавацяць у непрафесіяналізме. Таму ваенная журналістыка — гэта перш за ўсё пастаянная самаадукацыя, работа над сабой. Ваенны чалавек, напрыклад, на агульнавайсковым факультэце Ваеннай акадэміі атрымлівае адну спецыяльнасць. Ваенны журналіст асвойвае ўсе спецыяльнасці. У нас няма такога, што журналіст працуе ў адным пэўным кірунку. Сёння ты едзеш паказваць, як ваеннаслужачыя дапамагаюць убіраць ураджай у калгасах, заўтра — назіраеш за тым, як вадалазы апускаюцца пад ваду і праходзяць гэтыя выпрабаванні. Ваенны карэспандэнт — профі ва ўсім.

— А ці хапала часу пры ўсёй гэтай нагрузцы, якая выпадае на долю ваенкара, быць мамай і жонкай?

— Мой муж — таксама ваеннаслужачы. Калі мы прыехалі служыць у Заслонава, дачцэ было тры гады. Муж быў начальнікам штаба брыгады, гэтая пасада прадугледжвае пастаянныя раз’езды. У мяне — свае задачы. Бацькі жывуць далёка. Не раз дзіця забіралі ўжо дома ў выхавальніцы. Розныя былі складанасці, але ўсё атрымлівалася. Ніколі не магла сказаць, што для мяне галоўнае: сям’я, ваенная служба або прафесія журналіста. Імкнулася формулу поспеху выводзіць так, каб па магчымасці раўнамерна была ўдзелена ўвага і аднаму, і другому, і трэцяму. Прычым спецыфіка журналістыкі ў тым, што ты не можаш, выключыўшы камп’ютар і пакінуўшы месца працы, адключыцца ад усяго і быць дома толькі мамай і жонкай. Ты можаш прачнуцца нават ноччу (ідэя прыйшла), уключыць святло і сесці пісаць, бо яна хутка сыдзе. Было няпроста, але мая сям’я гэта нармальна ўспрымала.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва гераіні публікацыі.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.