Вы тут

Які суп найсмачнейшы? У Таццяны Дземідовіч выйшла новая кніга для дзяцей


Трымаю ў руках новую дзіцячую кніжку Таццяны Дземідовіч. Яркая каляровая вокладка, інтрыгоўная назва — «МармеЛаднае лета», цікавы фармат. Маленькі чытач абавязкова зверне ўвагу, а пасля захоча даведацца, якую ж гісторыю яна распавядзе?


І  тут паўстае пытанне зусім іншага кшталту. Ці не хаваецца за знешней прывабнасцю небяспека, жорсткасць, агрэсія, бруд? Такія прыклады, на жаль, ёсць. І таму сёння дарослых турбуе: што трапляе ў рукі іх дзяцей?

Спяшаюся запэўніць: Таццяна Дземідовіч — аўтар правераны і надзейны. І не толькі ў сэнсе бяспечнага чытання, а яшчэ — і якасці тэкстаў. У яе пісьменніцкім багажы «МармеЛаднае лета» — не першая кніга для дзяцей. У 2021-м пабачыла свет, а пасля і атрымала добры водгук у чытача і калег па творчым цэху выданне «Эх, Ромашкин!». Не расчаравала чытацкую аўдыторыю пісьменніца і гэтым разам.

На старонках сваёй кнігі Таццяна Анатольеўна распавядае пра самае звычайнае, але ў той жа час і самае галоўнае ў жыцці маленькага чалавека — сям’ю і сяброўства. Кніга вучыць ставіцца з павагай да пачуццяў іншых, быць сумленным і шчырым, дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам убачыць у сабе і іншых крыніцу духоўнай шчодрасці.

Так, герой апавядання «Як мы варылі самы смачны суп», старэнькі нямоглы дзядуля хлопчыка Сашкі, засмучаны тым, што часам не можа пачаставаць усіх сяброў праўнука, бо цукеркі чамусьці хутка заканчваюцца. У размове са старым сябры даведаліся пра яго дзіцінства, якое выпала на гады ваеннага ліхалецця. Іх вельмі ўразіў аповед дзядулі Фёдара пра нястачу і голад. І дзеці вырашалі зрабіць такі ж самы суп, які еў дзядуля, калі быў малым хлапчуком. Сябры не маглі ўзяць на веру, што суп з вады, хлеба і нясмачнай цыбулі можа быць для кагосьці незвычайнай смакатой. Але пасля шмат чаго зразумелі.

Маленькіх герояў кніжкі чакае яшчэ шмат адкрыццяў. Бо летнія вакацыі толькі пачаліся, наперадзе цэлае лета. А гэта значыць, што ў ціхім гарадскім дворыку штодзённа будуць збірацца сябры. А з сябрамі, як вядома, заўсёды час ляціць імгненна. І ў адзін такі летні дзень дзеці, дзякуючы чуламу сэрцу бабулі адной з дзяўчынак, выратавалі са сметніка кніжкі, далі ім другое жыццё. Яны зрабілі з бабулінай шафы кніжны прытулак, прывялі ў парадак іх вокладкі і старонкі, а пасля знайшлі і новае месца жыхарства, далучыўшы да добрай справы аднакласнікаў і знаёмых.

Разумная любячая бабуля яшчэ не раз з’яўляецца на старонках кнігі. Як і ў сапраўдным жыцці, «кніжная» бабуля для малых — і анёл-ахоўнік, і сябра, і дарадчыца. Менавіта бабуля ў апавяданні «Як мы з Кацярынкай нуду перамаглі» падштурхоўвае дзяўчынак-сябровак заняцца чымсьці карысным і патрэбным. Таксама з бабуляй і яе мінулым звязана гісторыя «Як мы даведаліся бабуліну таямніцу». Як і ўсе дзеці, сяброўкі Алена і Кацярынка вельмі цікаўныя. Асабліва да таго, што не дазваляюць дарослыя. Дзяўчаткі знайшлі момант, калі бабуля адлучылася ў паліклінніку, і залезлі без дазволу ў камору. Перад іх вачыма адкрылася неверагодная выява: на палічках спалі і бачылі шчаслівыя сны старыя рэчы.

У снах рэчы вярталіся ў той час, калі яны былі патрэбны людзям і прыносілі карысць. Па законах жанру, бабуля, вядома ж, вярнулася дахаты ў самы нечаканы момант — калі маленькія неслухі чыталі ліставанне яшчэ маладых і закаханых адно ў аднаго дзядулі з бабуляй. Паважаючы святое права чытача — першаму даведацца пра ўсё самае галоўнае, не маю права распавядаць, што было далей. Скажу толькі, што рэчы могуць здзівіць і сагрэць сваёй любоўю нават праз столькі гадоў…

А прачытаўшы апавяданні «Як я хацела самакат» і «Як я рабіла добрыя справы», маленькі чытач задумаецца над учынкам гераіні, а ў лепшым выпадку пазнае сябе і захоча нешта выправіць у паводзінах. На маю думку, гэта і ёсць сталенне.

Кніга складаецца з кароткіх, напоўненых гумарам гісторый. Яны рэалістычныя, з немудрагелістымі, амаль дзённікавымі назвамі. Да прыкладу: «Як мы сустрэлі новага сябра», «Як мы даведаліся бабуліну тайну» ці «Як мы шукалі Сашкаў настрой». Проста і зразумела. Распавядае іх трэцякласніца Алена Коцікава, галоўная гераіня кнігі. І, можа, камусьці з дарослых, хто будзе разам з маленькім чытачом вандраваць па старонках «МармеЛаднага лета», аповед сагрэе душу мілымі згадкамі школьнай бесклапотнай пары.

А калі зазірнуць у кніжныя радкі глыбей, то за лёгкім гумарам, дзіцячай непасрэднасцю, недарэчнымі здарэннямі і прыгодамі адкрываюцца іншыя далягляды. І ўжо бачыцца, як знаёмы ўтульны дворык з цягам часу ператвараецца для сяброў у нешта больш значнае, роднае, дарагое.

Іна ФРАЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.