Узлюбленыя ў Хрысце архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя сыны і дочкі Беларускай Праваслаўнай Царквы!
ХРЫСТОС УВАСКРОС!
Прайшлі дні Вялікага посту, прайшоў тыдзень Пакут Гасподніх з яго журботнымі і выратавальнымі перажываннямі, і храмы нашы зноў напоўнены веруючымі. Але сёння мы ўжо не смуткуем, не плачам і не тужым. Цяпер мы «смерці святкуем умярцвенне, пекла разбурэнне, пачатак іншага — вечнага жыцця» (пасхальны канон, твор Іаана Дамаскіна. Песня 7).
Невымоўнай радасцю напоўнены нашы сэрцы, і гэтая радасць не зямная, а нябесная, яна вышэйшая за ўсякае іншае чалавечае перажыванне. Водгукі гэтага духоўнага лікавання, перажытага апосталамі і жанчынамі-міраносіцамі, мы чуем у кожным слове песнаспеваў пасхальнай службы.
Мы ведаем прычыну і аснову гэтай урачыстасці: «Хрыстос уваскрос з мёртвых, першынец з памерлых» (1 Кар. 15, 20). Таму ні смерць, ні грэх, ні пекла не пануюць больш над намі. І разам з прарокам Асіем і апосталам Паўлам мы смела ўсклікаем: «Смерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?» (1 Кар. 15, 55).
«Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць растаптаў, і тым, што ў магілах, жыццё дараваў», — гэтыя ўрачыстыя словы пасхальнага трапара, азараючы нашы сэрцы, заклікаюць зноў і зноў пранікаць у іх глыбокі сэнс.
«Як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет, а праз грэх — смерць, так і смерць перайшла на ўсіх людзей» (Рым. 5, 12). Грэх разрывае не толькі сувязь чалавека з Богам, ён разбурае таксама і адносіны паміж людзьмі, таму і смерць мае не толькі індывідуальнае, але і сацыяльнае вымярэнне. Менавіта грэх з'яўляецца прычынай разладаў унутры сям'і, грамадства і нават паміж народамі.
Гасподзь наш Іісус Хрыстос Сваёю смерцю і ўваскрэсеннем ацаляе ўсяго чалавека, ва ўсёй паўнаце яго ўласцівасцяў і адносін. Сын Божы «ўпакорыў Сябе і быў паслухмяны нават да смерці, і смерці крыжовай» (Флп. 2, 8). Пакорнасцю і паслухмянасцю Свайму Нябеснаму Айцу, бязмернай любоўю да чалавечага роду Ён аднавіў страчаную чалавекам сувязь з Богам і разам з тым паказаў нам шлях да адзінства і міру, да аднаўлення гармоніі чалавечых адносін.
Таму пойдзем услед «ад смерці да жыцця...», ад граху і няпраўды да спраў любові і міласэрнасці, бо вера ў Хрыста Уваскрэслага, выкананне Яго запаведзяў, любоў да Бога і бліжніх з'яўляюцца самым трывалым залогам міру, згоды і адзінства. Паводле слова свяціцеля Грыгорыя Багаслова, «нямногія кроплі крыві (Спасіцеля) аднаўляюць цэлы свет і для ўсіх людзей робяцца тым самым, чым бывае закваска для малака, збіраючы і звязваючы нас у адно цэлае».
«Любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрнасць, вера, лагоднасць, устрыманасць...» (Гал. 5, 22-23) — вось плён духоўнага і праведнага жыцця, вось шлях вырашэння ўсіх супярэчнасцяў, шлях, які з'яўляецца стваральным. Пасля Уваскрэсення Хрыстовага гэты шлях адкрыты для ўсіх. І кожны з нас у цяперашнія няпростыя часы можа памножыць меру дабра і любові на тым месцы, дзе яго паклікаў Гасподзь.
Сёння выразна адчуваецца нарастанне напружання ва ўсіх сферах чалавечага жыцця. Але Уваскрэсенне Хрыстова — гэта маяк у бурным моры, які заўсёды паказвае нам на той трывалы падмурак нашай веры і нашай радасці, якую ніхто і нішто не зможа ў нас адабраць. Бо, паводле слоў свяціцеля Філарэта Маскоўскага: «Надзея наша (на спасіцельны подзвіг Хрыста) заснавана глыбей за цяперашні свет і вышэй за яго ўзведзена».
У гэтыя святыя дні жадаю, каб мір Божы, які Хрыстос абвясціў Сваім вучням, панаваў у кожнай душы і кожнай сям'і, каб Гасподзь захаваў мір у нашай краіне і дапамог людзям добрай волі аднавіць яго на землях брацкай Украіны. Няхай святло пасхальнай радасці асвятляе сэрца кожнага чалавека, а слова пра Крыж і Уваскрэсенне няхай заўсёды жыватворча і дзейсна пранізвае ўсе нашы думкі і кожны наш учынак. Будзем памятаць пра тое, што мір — гэта дар Божы, і прыкладзём усе намаганні, каб зберагчы гэты вялікі дар.
Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Пасха Хрыстова, 2023.
горад Мінск.
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».