Вы тут

Майстэрства прыгатавання пірагоў дэманструе рамесніца з Высокага


У маленькім гарадку Высокае Камянецкага раёна Святлану Каліноўскую ведаюць многія. Ніводнае свята, ніводны Дзень горада альбо рэгіянальныя Дажынкі не абыходзяццца без яе пірагоў. Некаторыя з іх нагадваюць творы мастацтва: з такім майстэрствам афармляе Святлана Фёдараўна сваю смачную прадукцыю! Мясцовая ўлада, прадпрыемствы, арганізацыі замаўляюць яе вырабы, калі трэба сустрэць дарагіх гасцей хлебам-соллю. 


Ад мамы і бабулі 

Многія гады Святлана працавала ў розных арганізацыях: была і лабарантам у навучальнай установе, і цырульнікам у Доме быту, але колькі сябе памятае, займалася выпечкай: радавала сям’ю, сваякоў, сяброў. А потым жыццё склалася так, што любімая справа стала асноўным заняткам. 

З Лунінеччыны ў Камянецкі раён яны з мужам прыехалі, калі ў сям’і было ўжо трое дзяцей. Урачы параілі пераехаць з мясцін, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тады яны і перабраліся ў Высокае. А нарадзілася і вырасла Святлана Каліноўская ў вёсцы Любань Лунінецкага раёна. У сям’і было пяцёра дзяцей. Маці ў 27 гадоў засталася ўдавой, адна гадавала дзяцей. Іншы раз здавалася, што ад цяжкай вясковай працы вось-вось упадзе, але яна ніколі не паказвала выгляду, радавала дзятву дамашнімі пірагамі, пякла хлеб, пячэнне, пернікі. Малако і масла былі свае, муку і цукар куплялі.

Зараз Святлана Фёдараўна разважае, спрабуе зразумець, што ж давала сілы яе маці — простай вясковай жанчыне. І прыходзіць да высновы, што характар быў закладзены ў дзяцінстве, усё ў асобе чалавека — ад сям’і. У бацькоў Таццяны Канапацкай некалі нарадзілася дзесяць дзяцей. Саму Таццяну маці нарадзіла ў полі, калі пайшла зграбаць сена. «Дзед быў такі гаспадар — працягвае Святлана — што ў 1939-м ледзь не запісалі ў кулакі, выратавала толькі тое, што ніколі не наймаў работнікаў, спраўляліся сваёй сям’ёй. А калі прыйшлі немцы, то яго хату як лепшую ў вёсцы выбралі для размяшчэння афіцэра. Толькі вось „аддзячылі“ акупанты за пастой своеасабліва: пакідаючы вёску, хату спалілі». Ды бацькам вялікай сям’і не было калі кідацца ў роспач, браліся за работу і аднаўлялі страчанае. І яшчэ расказвала маці Святланы пра сваё дзяцінства, што яе бацькі ніколі паміж сабой не сварыліся. Дзеці не чулі грубага слова ў хаце. А вось песні гучалі заўсёды. Усе маміны сёстры — пявунні, і яна спявае. Калі пасля інсульту ў маці адняло мову, магчымасць напяваць засталася. Цяпер маці, на жаль, не ўстае, не гаворыць, ёй патрэбны пастаянны догляд. 

Рэцэпты, якім ужо сто гадоў 

Апошняе і стала прычынай таго, што Святлана кінула пасаду школьнага лабаранта. А потым зарэгістравалася ў якасці рамесніка і цяпер займаецца любімай справай — пячэ хлеб і духмяныя булкі. «За гэтай работай думкі нібы выстройваюцца ў адну лінію, прыходзіць у парадак душа. Кажуць, цяжка хлеб мясіць, бо цеста любіць рукі, — разважае Святлана, але ж я цяжкасці не адчуваю, бо гэта маё».

Рэцэпты выпечкі перайшлі Святлане Каліноўскай у спадчыну ад мамы, тая вучылася ў сваёй маці. Але наша гераіня ўвесь час імправізуе, дабаўляе ў кожны выраб нешта сваё. Муж падарыў на юбілей яшчэ адну духоўку. Таму зараз можна паставіць некалькі боханаў адначасова: напрыклад, з арэхамі, з аўсянымі шматкамі, з кунжутам, з кменам, з часнаком. І дом напоўніцца непаўторным, непараўнальным пахам хлеба, без якога ў гэтай сям’і ужо даўно не абыходзіцца ніводнае свята альбо бяседа. І не толькі ў сям’і. Святлана з задавальненнем частуе сяброў і знаёмых. А яшчэ робіць сваімі рукамі шмат розных сувеніраў, напрыклад, шые шапкі-накідкі на каструлі, каб доўга захоўвалася цяпло. Дарэчы, такую накідку можна выкарыстоўваць і тады, калі прадукты трэба абараніць ад спёкі, напрыклад, пры перавозцы. 

Схільнасць да творчасці праявілася і ў дзяцей: дачка Света прафесійна займаецца роспісам ікон, сыны Вячаслаў і Сямён у вольны ад работы час робяць гіпсавыя фігуркі для аздаблення ландшафту. А яна даглядае хворую маці, падтрымлівае ўзорны парадак у хаце, у якой раз на тыдзень, а то і часцей пахне свежым хлебам.

Парады гаспадыням 

Пачаткоўцам-хлебапёкам яна расказвае звычайна рэцэпт не свайго любімага пірага з тварагом, а хлеба з бульбай. Бульбу папярэдне тушыць да паўгатоўнасці з цыбуляй на алеі, а потым чаргаваць з тонкімі слаямі цеста. Начынне трэба раскласці па баках і пасярэдзіне, зашчыпаць, а потым усю канструкцыю вывернуць. Атрымліваецца хлеб-сонца, які доўга не чарсцвее. 

Але галоўны сакрэт заключаецца ў любові да справы. Майстар гаворыць: «Калі не адчуваеш пашаны да цеста, замілавання ад працэсу работы з ім, не варта і брацца. Ды любой гаспадыні, пэўна, каб даведацца, ці яе гэта справа, трэба хоць раз узяцца за выпечку. Пачаткоўцам, а таксама і непачаткоўцам прапаную рэцэпт маёй мамы, якому больш за сто гадоў. Інгрэдыенты прыведзены ў разліку на тры кілаграмы мукі: 

  • 0,5 літра вады,
  • 0,5 літра малочнай сыроваткі,
  • 400 грамаў цукру,
  • 5 яек,
  • 200 грамаў масла сметанковага,
  • 100 грамаў алею,
  • 4 пачкі ваніліну,
  • З сталовыя лыжкі смятаны,
  • 1 сталовая лыжка солі,
  • 130 грамаў дражджэй.

Калі заўважылі, малака тут няма. Да ўсяго названага дабаўляю жменю манкі. Гэта ўжо калі адчуваеш цеста, разумееш, што патрэбны маленькі штрышок для густаты. Спачатку яйкі ўзбіваю з цукрам, дабаўляю соль, лью цёплую ваду, размешаную з сыроваткай, паступова ўводжу дрожджы, потым масла і ўсе астатнія пералічаныя інгрэдыенты, дадаю манку. Муку ўводжу паступова. Заўважце, што цеста я вымешваю адразу, потым стаўлю ў цёплае месца. Галоўнае, не шкадаваць сілы рук пры вымешванні... Калі цеста падыдзе, фармірую пірагі. Начынка — па гусце, форма — наколькі хапае фантазіі. Я люблю ўпрыгожваць свае вырабы рознымі кветкамі, птушачкамі, іншымі фігуркамі. Другі раз пірагі крыху падыходзяць ужо ў формах. Варта сачыць за тэмпературай у духоўцы, яна не павінна быць вышэй за 150 градусаў, рэжым для выпякання неабходна ставіць абавязкова з вентыляцыяй, паветра павінна абдзімаць вашу булку. 

Можна зрабіць усё гэта ў разліку на паўтара кілаграма мукі, тады усе астатнія складнікі дзяліце на два. 

Калі трэба, каб каравай альбо пірог даўжэй заставаліся свежымі, то на такую колькасць цеста ўліваю сто грамаў гарэлкі або каньяку. 

Цяпер у інтэрнэце шмат розных рэцэптаў, але да іх трэба падыходзіць крытычна і творча, не баяцца эксперыментаваць, тады абавязкова ўсё атрымаецца». 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з архіва Святланы Каліноўскай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.