Вы тут

«Пад сотню рэйсаў воднага таксі». Ратавальнікі аб сітуацыі з паводкай на Гомельшчыне


На Гомельшчыне спецыялісты таварыства ратавання на водах і ратавальнікі МНС аператыўна рэагуюць на сігналы жыхароў, якія апынуліся ў паводкавай зоне. Асноўныя запыты — дапамога ў перамяшчэнні людзей і перавозцы хатняй жывёлы. Адзін з апошніх тэрміновых выклікаў прынялі а чацвёртай гадзіне раніцы панядзелка. Сігнал паступіў ад жыхароў садовага таварыства «Расінка-2», што ў прыгарадзе Гомеля.


Фота аўтара.

— Нашы спецыялісты пераправілі дваіх жыхароў і дапамаглі з перавозкай хатніх жывёл. На працягу дня таксама была аказана дапамога ў перавозцы людзей, — адзначыў спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі таварыства ратавання на водах Мікіта Лісоўскі.

Узмоцненае дзяжурства супрацоўнікі таварыства працягваюць несці ў Савецкім раёне Гомеля, у мікрараёне Манастырок. Тут пад вадой апынуліся дзясяткі падворкаў і дарогі на вуліцах 2-й Папярэчнай, Дальняй, 1-й Завадской і ў Рачным завулку. У мікрараёне арганізавана дзяжурства чатырох ратавальных пастоў. Іх клопат — бяспека на вадзе і дапамога людзям дабрацца на работу, у краму або да сваякоў.

У Манастырку паслугі воднага таксі неабходныя пастаянна. За дзень спецыялісты таварыства ратавання на водах і МНС здзяйсняюць да сотні рэйсаў. Ёсць выпадкі дастаўкі брыгады «хуткай» да падтопленага домаўладання пенсіянера. Звяртаюцца жыхары і па дапамогу ў вывазе бытавой тэхнікі, мэблі.

Днямі да дзяжурных паста звярнулася адзінокая жыхарка з просьбай дапамагчы падняць на другі паверх пральную машыну. На вуліцы 2-й Папярэчнай вадалазы вызвалілі з воднага палону 25 качак. Тэлефануюць, і каб падзякаваць за праяўлены клопат і дапамогу.

Нагадаем, што перад выхаднымі ў Манастырку паводка справакавала аварыю водаправода. Без пітной вады засталіся 47 жылых дамоў. Супрацоўнікі «Гомельводаканала» да позняга вечара адпампоўвалі ваду, каб падабрацца да месца прарыву трубы, але вада не дазволіла заварыць пашкоджаны ўчастак сеткі водаправода. Было прынята рашэнне засыпаць месца аварыі, агарадзіць і закрыць праезд транспарту. Аварыйная брыгада зможа аднавіць работу на аб'екце, калі паводкавыя воды сыдуць з праезнай часткі.

Для жыхароў, якія засталіся без вады, адкрыты запорныя прылады на вулічных калонках. Якасць вады ў іх штодзень правяраюць спецыялісты Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Падвоз вады для людзей арганізавала Гомельскае прадпрыемства «Мілкавіта».

Паводле звестак Белгідрамета, узровень вады на 10 красавіка ў Сожы на тэрыторыі Гомеля прыцягвае «плюсаваць»: 635 сантыметраў і +5 сантыметраў за суткі. Узмоцнены рэжым дзяжурстваў для супрацоўнікаў МНС і таварыства ратавання на водах захоўваецца.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскай абласной арганізацыі таварыства выратавання на водах

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.