Вы тут

Эпісталярная спадчына Канстанціна Сіманава і беларускіх пісьменнікаў


У гісторыі савецкай літаратуры асоба празаіка, паэта, драматурга, публіцыста, ваеннага журналіста, грамадскага і палітычнага дзеяча Канстанціна Сіманава (1915—1979) застанецца, відавочна, назаўсёды.


У дадзеным выпадку не будзем пераказваць яго літаратурную і жыццёвую біяграфію, адлюстраваннем якой з'яўляюцца і знешнія адзнакі: Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай прэміі, лаўрэат шасці Сталінскіх прэмій (1942, 1943, 1946, 1947, 1949, 1950). Кавалер баявых ордэнаў — двух ордэнаў Айчыннай вайны І ступені (30.05.1945; 23.09.1945), ордэна Чырвонага Сцяга (03.05.1942); баявых медалёў — «За абарону Масквы», «За абарону Адэсы», «За абарону Сталінграда», «За абарону Каўказа» (1944)... Не злічыць кіламетры ваенных дарог, якія прайшоў Канстанцін Сіманаў... А яшчэ ж ён у пасляваенныя гады — намеснік Фадзеева ў кіраванні Саюзам пісьменнікаў СССР, галоўны рэдактар «Литературной газеты», «Нового мира»... Не будзем пераказваць і тое, які не проста чытацкі, а і грамадскі рэзананс выклікала публікацыя яго твораў.

...Захавалася эпісталярнае сведчанне маладога беларускага літаратара Ігара Хадановіча, які быў забіты зусім юным у сярэдзіне 1960-х... Вось што піша празаік-пачатковец сваёй сяброўцы з бальніцы: ... «Мяне цікавіць, ці думаеш ты чытаць Сіманава «Салдатамі нараджаюцца». Скажу адно — лепшага рамана за апошнія гады няма. А пра вайну наогул лепшага рамана няма...»

Канстанцін Сіманаў, чый прах, згодна з завяшчаннем пісьменніка, развеяны над Магілёвам, — з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі... 31 снежня 1941 года ў «Красной звезде» Сіманаў друкуе вялікі нарыс «Чэрвень—снежань»: «Гэта было 24 чэрвеня. Цягнік, які чамусьці складаўся з дачных вагонаў, адышоў ад цёмных платформаў Беларускага вакзала. Гарэлі сінія ліхтары. Да іх тады яшчэ не прызвычаіліся. Цягнік ішоў у Мінск. Болей усяго щ ім ехала камандзіраў, якія вярталіся з адпачынкаў у свае часці. Трэці дзень ішла вайна, усе вельмі спяшаліся туды, на захад.

Побач са мною ехаў палкоўнік-танкіст, маленькага росту з сівізною чалавек, з ордэнам Леніна на гімнасцёрцы. Разам з ім ехаў на фронт яго сын, не памятаю, здаецца, яго звалі Мішам. Бацьку дазволілі ў Наркамаце абароны ўзяць шаснаццацігадовага хлопчыка з сабою добраахвотнікам на фронт. Яны былі падобныя адзін на другога, бацька і сын, абодва каржакаватыя, з упартымі падбароддзямі і шэрымі цвёрдымі вачыма.

Далей Барысава цягнік не ішоў. Наперадзе былі немцы, разбураная чыгунка, поўная невядомасць.

У лесе пад Барысавам, на беразе Бярэзіны, сабралася некалькі тысяч камандзіраў і чырвонаармейцаў, якія вярталіся ў свае часці.

Гэтыя часці змагаліся наперадзе, але паміж імі і намі былі немцы, якія нечакана прарваліся да Барысава...»

Так пачыналіся беларускія ваенныя дні пісьменніка Канстанціна Сіманава... Пра повязь вялікага рускага і савецкага пісьменніка з Беларуссю напісана даволі шмат. І Беларусь, беларуская літаратура заставаліся ў полі зроку Канстанціна Міхайлавіча і ва ўсе яго пасляваенныя гады... Ён неаднойчы наведваў розныя гераічныя мясціны нашай старонкі... Вось і ў жніўні 1955 года Сіманаў піша кароткую запіску рускаму савецкаму драматургу Мікалаю Фёдаравічу Пагодзіну (1900—1962): «Дарагі Мікалай Фёдаравіч! Разводжу бюракратызм на той выпадак, калі не ўдасца пабачыць Вас да майго ад'езду на некалькі дзён у Брэст...» І тая паездка была зусім не шараговая...

Але ж звернемся да лістоў Сіманава, адрасаваных беларускім пісьменнікам... І першы з іх — да Веры Якаўлеўны Ляшук (нарадзілася 1 лістапада 1933 года ў Брэсцкім раёне; цяпер жыве ў сваіх блізкіх людзей у Падмаскоўі). Аўтар многіх адметных літаратуразнаўчых кніг, дапаможнікаў па вывучэнні беларускай літаратуры ў школе — «Вывучэнне ў школе трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», «Іван Мележ у школе», «Літаратурнае краязнаўства ў школе», «Краязнаўчы матэрыял на ўроках літаратуры»... З 1963 года — у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна. У 1980—1985 гадах — дэкан філалагічнага факультэта. Ліст Канстанціна Сіманава да Веры Якаўлеўны датаваны 29 снежня 1970 года: «Дарагі таварыш Ляшук!

Дзякуй за добрыя словы, якія ўтрымліваюцца ў Вашым лісце. Мяне сапраўды даўно і глыбока цікавіла гісторыя Брэсцкай абароны, пра якую так цудоўна напісаў Сяргей Сяргеевіч Смірноў. Але, адказваючы на Ваша пытанне, хачу сказаць, што асабіста я ў гады вайны ў гэтых мясцінах не быў. Трапіў у Брэст упершыню толькі недзе ў 44-м ці ў 45-м годзе, ужо пасля вызвалення. Вядома ж, і гэтая сустрэча са слядамі гераічнай Брэсцкай абароны зрабіла на мяне вельмі моцнае ўражанне і падштурхнула на далейшае. Але ў дні абароны Брэста я быў недалёка адтуль — пад Барысавам, пасля пад Магілёвам.

У напісаным у канцы ліпеня 41-га года вершы ёсць згадка пра хлопчыка, якога вязуць на лафеце гарматы артылерысты, якія адступалі з-пад Брэста. Наколькі мне помніцца, гэта не з паветра ўзята: недзе ў Беларусі я бачыў менавіта такую карціну. Пэўна, людзі мне адказалі на маё пытанне, што ідуць з-пад Брэста, можа быць, не з самога Брэста, а аднекуль адтуль. Іначай адкуль бы з'явіцца менавіта слову «Брэст», яно не для рыфмы ўзялося. Але ў падрабязнасцях, па праўдзе скажу, гэтага не памятаю. Проста мне здаецца, што так яно было. Але сцвярджаць гэтак цяпер, амаль праз трыццаць гадоў, — не бяруся...» Вера Якаўлеўна цытуе дадзены ліст у сваіх краязнаўчых даследаваннях, у прыватнасці, у кнізе «Літаратурная Берасцейшчына». Кніга створана супольна з Г. Снітко. Артыкул «Мастацкі летапіс абароны Брэсцкай крэпасці» напісаны В. Я. Ляшук. У гэтай кнізе — ужо, праўда, у тэксце Г. Снітко і ў іншым артыкуле — ёсць наступныя радкі: «...Некалькі разоў Брэст наведваў Канстанцін Сіманаў. Асобныя старонкі яго рамана «Живые и мёртвые» прысвечаны крэпасці над Бугам».

Дарэчы, пад выказваннем «падштурхнула на далейшае» маецца на ўвазе тое, што ў 1955 годзе Канстанцін Сіманаў напісаў кінасцэнарый мастацкага фільма «Бессмяротны гарнізон», па якому рэжысёры З. Аграненкі Э. Цісэ знялі ў 1956 годзе аднайменны фільм. У ім здымаліся Мікалай Кручкоў, Уладзімір Емяльянаў, Валянціна Сярова. Кампазітар фільма — Веніямін Баснер. Між іншым, у адным з лістоў — да літаратуразнаўца Льва Фінка, аўтара манаграфіі «Канстанцін Сіманаў. Творчы шлях» — Канстанцін Міхайлавіч ізноў звяртаецца да Брэста... Мне яго словы падаюцца даволі цікавым фрагментам, які сведчыць пра сціпласць, цвёрдыя маральныя прынцыпы пісьменніка: «...Тут Вы несправядлівыя да Сяргея Сяргеевіча Смірнова. Зразумела, ён першы адкрыў эпапею абароны Брэсцкай крэпасці. Тое, што я раней надрукаваў сцэнарый «Бессмяротны гарнізон», чым ён сваю кнігу, роўным лікам нічога не значыць. Смірноў ужо займаўся гэтай тэмай, калі я паехаў у Брэст займацца сваім сцэнарыем і збіраць матэрыялы. Дарэчы, паехалі мы разам і з некалькімі ўдзельнікамі баёў 41-га года размаўлялі разам, але прыярытэт Смірнова ў распрацоўцы гэтай тэмы абсалютна непарушны і аб'ектыўны, і ў маёй уласнай свядомасці ў той самы час...»

25 сакавіка 1975 года з Кіславодска Канстанцін Сіманаў піша Янку Брылю — у адказ на тое, што беларускі пісьменнік даслаў аўтару рамана «Живые и мёртвые» кнігу мініяцюр і лірычных запісаў «Витражи», выдадзеную ў Мінску ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» на рускай мове.

Вось што піша Канстанцін Міхайлавіч: «Дарагі Іван Антонавіч,

Дзякуй Вам за Вашы «Витражи». Узяў іх з сабою на адпачынак сюды, у Кіславодск, і прачытаў за тры ціхія тутэйшыя вечары з пачуццём глыбокай да Вас сімпатыі і адценнем — нечужой і Вам — журбы ад таго, што мы патроху старэеем і, відаць, болей дакладна адчуваем гэта ў перапынках паміж працай — такіх, як у мяне зараз.

Ваша кніга дарагая мне сваёй дабрынёю, злучанай з той самай непрымірымасцю, без якой і дабрыню дабрынёй называць зусім не ў ахвотку.

Акрамя таго, што нешта ёсць шчымлівае, калі ідзеш след у след за жыццём чалавека прыкладна сваіх гадоў і ў дадатак адной прафесіі, за пункцірным і сумленнным аповедам пра яго жыццё, і недзе прымяраеш на сябе, і правяраеш свае ўласныя пачуцці і думкі, часам цяжкія.

Увогуле, сардэчны Вам дзякуй.

Ваш Канстанцін Сіманаў».

...У эпісталярнай спадчыне Канстанціна Сіманава, у лістах розным адрасатам, — судакрананне з фактамі творчай і жыццёвай біяграфіі Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Васіля Быкава... А таксама — літаратараў, якія з'яўляюцца ўраджэнцамі Беларусі, як, напрыклад, літаратуразнавец Марк Чарны (1901—1976), які нарадзіўся ў Бабруйску. Альбо — пра пісьменніка, сцэнарыста, перакладчыка, ваеннага карэспандэнта Захара Хацрэвіна (1903—1941), які нарадзіўся ў Віцебску. Захар Якаўлевіч — увогуле легендарная асоба. Удзельнік баёў за Халхін-Гол, удзельнік савецка-фінскай вайны. Гэта яму належыць напісаны ў суаўтарстве з Б. Лапіным верш «Погиб репортер в многодневном бою»... Будучы выпускніком Інстытута ўсходніх моў па спецыяльнасці «іраністыка», Хацрэвін яшчэ ў 1933 годзе напісаў кнігу «Тэгеран»...

Знаёмства з эпісталярнай спадчынай Канстанціна Сіманава, змешчанай у дванаццатым (дадатковым) томе Збору твораў пісьменніка ў 10 тамах, — адлюстраванне толькі часткі яго судакрананняў з Беларуссю. Вядома, што пасля работы над дакументальнымі фільмамі «Ішоў салдат...» і «Салдацкія мемуары» Канстанцін Міхайлавіч здаў у архіў 3014 лістоў ад гледачоў, ад кавалераў ордэна Славы, пра якіх расказвалася ў фільмах!.. І можна толькі здагадвацца, колькі пісьмаў склаў Сіманаў сваім адрасатам... Ваенная тэма, якая захапіла яшчэ маладога чалавека ў 1930-я гады, была часткай яго жыццёвых, сардэчных рытмаў праз усе адведзеныя яму гады. Барысаў, Бярэзіна, Буйнічы, Магілёў, сустрэчы з абаронцамі нашай гераічнай Беларусі былі, заставаліся для Сіманава да самага скону энергетыкай праўды, сумленнага шляху ў літаратуры, мастацтве.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.