Вы тут

Сонечнае спляценне танца


Вясна — час абуджэння ад зімовага сну не толькі прыроды, але і чалавека. З першымі промнямі сонца ў сэрцы нараджаюцца забытыя за месяцы марозаў пачуцці. Няма ў мінскіх тэатрах больш адпаведнай часу пастаноўкі, чым новая версія «Дона Кіхота» ў Вялікім.


Хітрамудры ідальга

Раман іспанскага пісьменніка Мігеля дэ Сервантэса «Хітры ідальга Дон Кіхот Ламанчскі» быў задуманы як пародыя на рыцарскія раманы. На пачатку XVII стагоддзя сапраўдныя рыцары сыходзілі ў нябыт, усе заморскія землі былі захоплены, і патрэба ў іх адпала. Разам з гэтым знікла і неабходнасць іх усхваляць. Новыя часы патрабавалі новых герояў альбо антыгерояў. Менавіта Дон Кіхот стаў прыкладам чалавека іншых часоў, якія прыйшлі пасля эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў.

Надзвычай яскравы вобраз чалавека, у якога атрымалася зразумець вонкавы вобраз рыцараў, але не наблізіцца да разумення ўнутраных канфліктаў. Стварэнне Дона Кіхота дазволіла Сервантэсу застацца адным з самых яркіх аўтараў да нашых дзён. Твор перакладзены на ўсе еўрапейскія мовы (на беларускую ў 1999 годзе раман перастварыў Міхась Пазнякоў), вытрымаў больш за 50 экранізацый. А пасля з’явіўся балет...

Музычную частку пастаноўкі напісаў аўстрыйскі кампазітар Людвіг Мінкус, які доўгі час пражыў у Расіі. У той час ён супрацоўнічаў з рускім балетмайстрам французскага паходжання Марыусам Петыпа. Прэм’ера балетнага спектакля адбылася 14 снежня 1869 года на сцэне маскоўскага Вялікага тэатра.

Пазней першапачатковая харэаграфія Петыпа будзе дапоўнена, абноўлена і ўпрыгожана мастацкімі вынаходкамі такіх выбітных, сусветна вядомых балетмайстраў, як Аляксандр Горскі, Касьян Галейзоўскі, Валянцін Елізар’еў і іншыя. Найменш змен атрымала музыка Мінкуса, якую тэатральныя крытыкі параўноўвалі з іскрыстым шампанскім.

У танцавальнай пастаноўцы Дон Кіхот пераўтвараецца з цэнтральнага персанажа ў другаснага. На першы план выходзіць гісторыя кахання Кітры і Базыля. Усе жыхары Барселоны, цэнтральнае месца падзей, сабраліся на плошчы, каб танцаваць, танцаваць, танцаваць.

У сваіх мемуарах, наведаўшы Іспанію, Марыус Петыпа тлумачыў палкасць танцаў: «Гарачыя, імпэтныя дзеці шчаслівай Андалузіі да бяспамяцтва захапляюцца сваімі нацыянальнымі танцамі: ні стаяць, ні сядзець яны не могуць на месцы, калі пачынаюцца гэтыя вельмі бравурныя танцы... Крыкі, віскат, рогат, кіданне плашчоў пад ногі танцорак — вось і забыліся на жыццё з нейкімі няўдачамі. У натоўпу толькі адзін культ — страсць...»

154 гады існуе балет, заснаваны на вялікім творы, які даўно выйшаў за межы іспанскай літаратуры і стаў помнікам сусветнага мастацтва. Наколькі лёгка і дасціпна вядзе сваю гісторыю Мігель дэ Сервантэс — з такім жа непараўнальным запалам і вяселлем разгортваецца балетная пастаноўка. Гэта дазваляе смела назваць яе адной з самых радасных ва ўсёй спадчыне класічнага балета.

Беларускі спадар Кіхот

Балет на музыку Л. Мінкуса папулярны ва ўсім свеце. Не стала выключэннем і Беларусь. На сцэне Вялікага тэатра Беларусі 24 і 25 сакавіка адбылася прэм’ера сёмай версіі знакамітага балета. Дагэтуль «Дон Кіхот» быў пастаўлены ў 1941-м, затым — у 1947-м, 1952-м, 1962-м, 1979-м. Апошні варыянт 1989 года да нядаўняга часу ішоў на беларускай сцэне. Яго таксама ажыццявіў Валянцін Елізар’еў.

«Версія 1989 года пратрымалася на сцэне 34 гады. Для спектакля гэта вельмі вялікі тэрмін. Я думаю, што пастаноўка трымалася перадусім дзякуючы добрым выканаўцам. Таксама і канструкцыя балета дастаткова моцная», — згадваў знакаміты харэограф.

Прайшоўшы такі доўгі жыццёвы шлях, спектакль папярэдняй версіі патрабаваў грунтоўных змен. Сам мастацкі кіраўнік Вялікага абазначае гэта так: «З часам, на жаль, трухлеюць дэкарацыі і касцюмы, губляецца свежасць харэаграфіі. Кожны выканаўца штосьці са свайго боку паляпшае, не зважаючы на агульную карціну. Гэта перапаўняе спектакль. Наша мэта — абнавіць пастаноўку, удыхнуць новае жыццё. У новай версіі змены атрымалі лібрэта, дэкарацыі і часткова харэагафія».

У гэтай пастаноўцы Валянцін Елізар’еў звяртаецца да харэаграфічнай спадчыны сваіх папярэднікаў. Яго віртуознасць і смеласць сплецены з найлепшымі набыткамі творчых падыходаў М. Петыпа, А. Горскага, К. Галейзоўскага. Дырыжорам-пастаноўшчыкам выступіў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка. Грунтоўныя змены ў дэкарацыях і касцюмах танцораў ажыццявіў народны мастак Расіі Вячаслаў Окунеў. Мастак па святле — Ніна Іванкіна. 

У галоўных ролях задзейнічаны вядучыя салісты і салісткі Вялікага тэатра Беларусі. Кітры — Людміла Хітрова, Ірына Яромкіна, Базыль — Дзмітрый Уксуснікаў, Аляксандр Місіюк, Мерсэдэс — Лізавета Мусорына, Марына Вежнавец, Дон Кіхот — Антон Краўчанка, Кірыл Фурман і г. д.

Спектакль выпраменьвае святло і радасць. Напоўнены жартамі і бяскрыўднымі кпінамі балет здольны зацікавіць нават самага патрабавальнага гледача. Спалучэнне праверанай харэаграфіі і музычнага складніка зачароўваюць.

Як і папярэднікі, Елізар’еў адыходзіць ад класічнага балета і смела звяртаецца да нацыянальных іспанскіх і цыганскіх танцаў — шыка, марэна і зінгара. Радасць і сонечнасць новай пастаноўкі не дазваляюць адвесці погляд ад сцэны. 

Гісторыя кахання Кітры і Базыля не трагічная, не драматычная. Ствраецца ўражанне, што на залітых сонцам вуліцах іспанскага горада немагчыма ўявіць гора, праблемы, нягоды. Ні на імгненне глядач не паверыць, што ў багатага Гамаша, які хоча стаць мужам Кітры, атрымаецца задуманае. Сонца і смех абяцаюць шчаслівы канец.

У такую ж напаўпрыродную (альбо надпрыродную) з’яву ператвараюцца балетны Дон Кіхот і яго верны спадарожнік Санча Панса. Сэрца рыцара аддадзена найпрыгажэйшай з жанчын Дульсінеі Табоскай, яна скразным, але не яўным вобразам праходзіць праз усе дзве гадзіны прамяністага балета. Таму, даведаўшыся аб няпростай сітуацыі маладых людзей, ён нарэшце можа адчуць сябе сапраўдным рыцарам. З гонарам і годнасцю.

Яна ЦЭГЛА

Фота Ірыны МАЛАХАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.