Вы тут

У бібіятэках Магілёўскай вобласці прайшоў двухтыднёвы марафон памяці


У сакавіку краіна адзначыла 80-годдзе са дня хатынскай трагедыі, калі карнікі з зондэркаманды СС Оскара Дзірлевангера цалкам сцерлі з зямлі беларускую вёску. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. На жалобным мітынгу ў гонар гэтай даты Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў кожным куточку нашай краіны ёсць свая Хатынь і свой боль. Не выключэннем з’яўляецца і Магілёўшчына, дзе лёс Хатыні паўтарылі дзесяткі населеных пунктаў. У вёсцы Боркі Кіраўскага раёна 15 чэрвеня 1942 года карнікі за адзін дзень расстралялі і спалілі 2027 мірных жыхароў гэтай вёскі і шасці прылеглых пасёлкаў. Сёстрамі Хатыні сталі вёскі Асавок, Макоўе, Вялікая Гарожа, Май Асіповіцкага раёна. У студзені 1943 года немцы цалкам спалілі асіповіцкую вёску Брыцалавічы, у агні і ад куль карнікаў загінулі 676 жыхароў.


Фота з архіва абласной бібліятэкі імя У. Леніна

У рамках марафона «Рэквіем спаленым вёскам» у бібліятэках і сацыякультурных установах Магілёўскай вобласці на працягу двух тыдняў праходзілі выставы, тэматычныя экспазіцыі, акцыі, гадзіны памяці, сустрэчы з гісторыкамі, вайскоўцамі. Інтэрактыўную пляцоўку «Забыццю не падлягае», якую арганізавала ў школе № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. Крываноса Клічаўская раённая бібліятэка, наведаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец. З навучэнцамі Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа сустрэліся старшы памочнік пракурора Бабруйска Павел Прыгар, намеснік камандзіра 147-га зенітнага ракетнага палка падпалкоўнік Андрэй Краснагір, ветэраны Бабруйскага саюза дэсантнікаў. Махаўская сельская бібліятэка Магілёўскага раёна запрасіла на сустрэчу з жыхаркай спаленай вёскі Пусты Асавец Надзеяй Мінаўнай Пратасавай. А Цяхцінская сельская бібліятэка Бялыніцкага раёна сумесна са школай арганізавала экскурсію да памятнага знака ў лесе каля вёскі Пільшычы, дзе падчас вайны былі расстраляны пяць палонных чырвонаармейцаў і 22 жыхары вёскі.

Бібліятэкары Дрыбінскага раёна стварылі інтэрактыўную карту «Дарогамі спаленых вёсак» і распрацавалі анлайн-віктарыну «Хатынь: трагедыя і памяць», якія папулярызавалі ў сацсетках. Клімавіцкія бібліятэкары запусцілі ў сацсетках челенджы, арганізавалі акцыі і паэтычныя чытанні пра трагедыю Хатыні. Адбыўся ўрок памяці, прысвечаны народнаму мастаку БССР Сяргею Селіханаву, аўтару мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Гэты чалавек на сабе спытаў увесь цяжар ваеннага ліхалецця, прайшоўшы франтавымі дарогамі ад Масквы да Берліна. Ён стаў першым беларускім мастаком, узнагароджаным Ленінскай прэміяй СССР за скульптуру «Непакораны чалавек» — сімвал найвялікшай трагедыі чалавецтва. 

У бібліятэках, установах адукацыі, на прадпрыемствах праводзіліся прэзентацыі кніг «Генацыд беларускага народа» і «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці», створаных на аснове матэрыялаў і дакументаў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у рамках крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады вайны. 

— Мерапрыемствы абласнога марафону «Рэквіем спаленым вёскам» былі накіраваны на захаванне гістарычнай памяці, распаўсюджванне дакладных звестак аб трагедыі вайны, выхаванне непрымірымасці да скажэння гістарычнай праўды, — адзначыла дырэктар абласной бібліятэкі імя У. Леніна Ілона Сарокіна. — Толькі ў абласной бібліятэцы было праведзена 22 мерапрыемствы, удзельнікамі якіх сталі 792 чалавекі з ліку студэнтаў Беларускага інстытута правазнаўства, навучэнцаў электратэхнічнага, політэхнічнага і медыцынскага каледжаў, магілёўскага абласнога ліцэя № 3, вучняў школ, выхаванцаў Магілёўскай школы закрытага тыпу, іншых навучальных устаноў. Усяго бібліятэкамі вобласці было арганізавана больш за трыста мерапрыемстваў для амаль 6,5 тысяч наведвальнікаў усіх узростаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.