Вы тут

Свежасць «Кляновіка»


Сваю першую кнігу «Кляновік» (1975) Генадзь Пашкоў, як відаць з радкоў, што сталі для яе свайго роду эпіграфам, так назваў невыпадкова:

Беларусь…

Я не помню, якою парою навек палюбіў:

калі верасам сінім гарэлі трывожна лясы,

калі першы кляновік

з лядзінкамі вострымі піў,

калі скублі заснежаны стог у зарэччы ласі.


Генадзь Пашкоў. Фота Кастуся Дробава.

Аўтар іх — знакаміты Анатоль Вялюгін, цудоўны творца, шчыры, таварыскі чалавек, а яшчэ хросны бацька многіх у свой час маладых паэтаў, якія потым сталі вядомымі. У шэрагу іх і Генадзь Пашкоў, які, працуючы ў часопісе «Полымя», таксама прайшоў творчую школу Анатоля Сцяпанавіча. Пацвярджэнне — і выхад «Кляновіка».

Што сказалі скразнякі

Адзін з найбольш ранніх вершаў «***Стыне ў ядраных кроплях расы…» датаваны 1967 годам. Хораша напісаны, а прыняўшы тагачасны ўзрост аўтара — усяго 19 гадоў, проста цудоўна. Першая кніга Генадзя Пашкова стала ўвогуле высокамастацкай, а пад найлепшымі вершамі з яе не сорамна падпісацца і вопытным паэтам. Апроч згаданага — «Светаяннік», «Верасень», «Зазімак», «Млын», «Бяссоніца»… У «Верасні», напрыклад, навідавоку не толькі вобразная насычанасць, што ўжо важна, але і той гукапіс, калі адна літара сваім гучаннем узмацняе тое, што выказвае паэт:

Варочаюцца скразнякі

у кроквах, шашалем пабітых.

Над азярынай саснякі

журбою выраяў спавіты.

І шыба з-пад брыва страхі

ў цяжкім сінее задуменні.

На дрэвах светлыя вярхі,

спакой мурожны ў загуменнях.

 

На сонцы струны павуціння

над стылаю дрыжаць ігліцай,

і воблачкам празрыстым сіні

ля сухастоін дым клубіцца.

У далейшым чарговы гукапіс — літара «б». Разам з выкарыстаннем «лесвічкі» дазваляе стварыць уражанне руху баравікоў, якія ўзялі з сабой і баравінятак. Адзін з іх крочыць баразной, а баравіняткі ў яго — нават не верыцца! — у барадзе. Ды як не паверыць у гэта, калі малюнак такі выразны:

Як зоры, гаснуць журавіны,

а глянь пад елачкі:

                     брыдзе

баразной

           баравік

                 баравінны

з баравіняткамі

                 у барадзе.

Калегі заўважылі і ацанілі

Выдатны знаўца не толькі беларускай, але і замежнай паэзіі Уладзімір Гніламёдаў, у свой час адказваючы на анкету «Литературной газеты», сярод пытанняў якой было і такое: «Якое новая імя паэта прывабіла летась вашу ўвагу?», засведчыў: «Вершы маладога беларускага паэта Генадзя Пашкова сустракаліся і 2—3 гады назад. Але калі яны сабраліся ў першую кнігу, ці, будзем казаць больш сціпла, зборнік “Кляновік”, што выйшаў нядаўна, я адчуў прыкметы новага паэтычнага імя. У вершах маладога аўтара адчуваецца ўменне жывапісаць словам, праварочваць яго рознымі гранямі».

А гэта меркаванне Казіміра Камейшы, выказанае, калі творчыя набыткі Генадзя Пятровіча сталі асабліва відавочнымі. Віншуючы з 65-годдзем, пісаў пра яго першую кнігу: «У 1975 годзе Генадзь Пашкоў частаваў нас свежасцю свайго “Кляновіка”. (…) Вельмі ж цёплая, сімвалічна дакладная назва. Такія ж цёплыя, з добрым маладым настроем, з павевам вобразнага “свежаку”, узнёсла-пяшчотныя вершы… Было ў каго вучыцца. Сам “адмірал паэзіі” Анатоль Вялюгін, пад чыім службовым падначаленнем працаваў малады паэт, практыкаваў сапраўдныя ўрокі паэтычнага майстэрства. Рабіў гэта недакучліва, пераводзячы ўсё акадэмічна-халоднае ў ранг шчырага сяброўства. Вучняў сваіх ён накіроўваў на здабыванне магічнага агню “спосабам Праметэя”, нязмушана вучыў “трапнасці зроку і думкі, маштабнасці і ашчаднасці ў слове адзіна патрэбным”».

Высокай думкі пра «Кляновік» была і Яўгенія Янішчыц: «У паэта Генадзя Пашкова не было “замаруджанай хады” ў паэзію, хоць пачаў ён пісаць вершы даўно. (…) І самае дзіўнае, бадай, што на працягу нейкага часу Пашкоў як бы ўважліва прыглядаўся да самога сябе, шукаў тое галоўнае, што неабходна было выказаць і сэрцам, і розумам. Таму к выхаду свайго першага лірычнага зборніка “Кляновік” ён ужо адчуў і набраў сваю паэтычную вышыню».

Будні творчасці — не перашкода

Генадзь Пашкоў яшчэ школьнікам супрацоўнічаў са смаргонскай раённай газетай «Светлы шлях». Пачынаў з допісаў, перайшоў да вершаў. Да рэспубліканскага чытача прыйшоў, стаўшы студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Быў прадстаўлены і ў калектыўным зборніку «Узлёт» (1967) — па назве літаб’яднання на філалагічным факультэце. Універсітэт скончыў у 1971 годзе, ужо працуючы на радыё. У жніўні 1972-га стаў супрацоўнікам часопіса «Полымя», пазней быў намеснікам галоўнага рэдактара. Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Тэатральная Беларусь», галоўным рэдактарам «Цэнтральнай газеты». У лютым 1996 года ўзначаліў калектыў выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі.

Энцыклапедычнай справе аддаў больш за дванаццаць гадоў. Дзякуючы яму з’явіліся многія выданні, якія і сёння надзіва запатрабаваны: «Беларуская энцыклапедыя» ў 18 тамах, асноўныя тамы 6-цітомнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», энцыклапедыя «Республика Беларусь» на рускай мове ў 7 тамах, двухтомныя энцыклапедыі «Тэатральная Беларусь», «Беларускі фальклор», «Минская область», «Вялікае Княства Літоўскае». Апошняя з іх выклікала такую вялікую цікавасць, што тыраж разышоўся імгненна. Давялося перавыдаваць. Арганізатарскія здольнасці праявіліся і на пасадзе першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Усе названыя пасады, зразумела, патрабавалі немалой аддачы, але гэта не перашкаджала і яго творчай працы. І не толькі ў галіне паэзіі, але і прозы, нарыса і публіцыстыкі, літаратуры для дзяцей. У яго перакладзе на беларускую мову выйшла кніга рускага паэта Юрыя Воранава «Масты памяці» (1991). Апроч таго, з’яўляецца адным з аўтараў дакументальнага фільма «Я зямлю люблю так…». За кнігі паэзіі «Красный жаворонок» у перакладзе на рускую мову Івана Бурсава (1977) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) удастоены прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1980). У 1998 годзе яму прысвоена Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь.

Галоўнае — паэзія

За першай кнігай выйшлі наступныя: «Дыстанцыя небяспекі» (1979), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Крокі»(1988), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990), «Журавінавы востраў» (1998), «Тваім святлом благаславёны» (2006) і іншыя. Выйшлі зборнікі паэзіі для дзяцей «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1991), «Зорнае поле» (1999).

Генадзь Пашкоў — майстар свежых, не зацяганых метафар, параўнанняў, вобразаў, а гэта сведчыць на карысць таго, наколькі яго паэзія індывідуальная ў сваёй сутнасці. Ашчадна ставячыся да слова, дасканала валодае паэтычным майстэрствам. Нават яго раннія вершы не прайграюць тым, што напісаны нядаўна. Таму, што талент развіваецца адносна роўна, але гэта не на шкоду мастацкасці. Усё з-за таго, што на пачатку творчага шляху мастакоўская планка была ўзнята высока. Канечне, прага новых вышынь для яго характэрна, як і для кожнага сапраўднага паэта. Ды пакарэнне тых, якія ўжо ўзяты, для некаторых аўтараў застаецца недасягальнай марай.

У яго не толькі выдатная пейзажная лірыка. Абсягі творчых памкненняў шырокія. Ён роздумна ставіцца да гісторыі і культуры Беларусі, аб чым, у прыватнасці, сведчаць вершы, у якіх ажываюць як воблікі знакамітых людзей Бацькаўшчыны, так і памятныя мясціны. Не абыходзіць, зразумела, і тэмы кахання, раскрывае гэтае пачуццё пачуццяў, што напаткоўвае лірычнага героя (ці лірычную гераіню) у самыя розныя перыяды яго жыцця. Пачынаючы ад зараджэння, калі яно яшчэ нагадвае сабой кволенькае цяпельца, да таго моманту, калі разгараецца полымным кастром.

«Агмень любві» разгараецца ў яго многіх творах, якія, разам узятыя, становяцца той песняй кахання, якая з гадамі не толькі не страчвае сваёй маладой пачуццёвасці, а напаўняецца новым зместам, звязаным са сталеннем лірычнага героя, які па-ранейшаму ўмее самаахвярна любіць, нібыта і не пражыта ўжо шмат. Таму так і хвалюе верш «***Раскладу я касцёр на шляху…»:

Раскладу я касцёр на шляху,

Ды не дзеля таго, каб пагрэцца.

Адчуваю: інакш не магу.

Каснікі вывяргаюцца з сэрца.

 

Не баюся крыла апячы,

захлынуцца ад шчасця і болю.

Спрабаваў ад сябе уцячы,

ды не змог,

         і не ўдасца ніколі.

 

Не баюся агменю любві!

Заяўляю пра гэта галосна.

Не злачынства ж я здзейсніў,

калі

     закахаўся без памяці

                                   позна.

Дзе ты, вечнасць вечнасці

Публіцыстычнасць набываюць тыя творы Генадзя Пашкова, у якіх гучыць заклапочанасць лёсам чалавецтва, Зямлі. Аднак гэта — не такая публіцыстыка, калі вушы рэжа ад лозунгавасці, поклічнасці, празмерных дэкларацый. Яна ў яго іншага кшталту: прамаўляе сама душа паэта, выказваецца сэрца, якому няўтульна, няўцешна ў тлумны век і тлумны час. Як у вершы «***Возера, налітае зарою…»

Возера, налітае зарою,

пырскаюць касцянкі ля вады.

Светла мне.

Світальнаю парою

быць і быць, здаецца, маладым.

Развіваючы думку, закладзеную ў гэты твор, можна сказаць, што «радасная птушка чалавечнасці» ахоўваецца самім паэтам. Яго лірычны герой з тых, пра каго можна сказаць, што сам ён частка прыроды. Гэтая повязь да таго адчувальная, што яе і сам пачынаеш усведамляць усім сваім нутром, як паэт: «Вось і ўсё, // адшумела лісцё // і зялёная радасць былая. // І шугае гаркавы касцёр: // што было // і што ёсць // дагарае. // Цішыню // ўрачыстыя сны // зноў калышуць на нітках бялесых, // і ў замглёную далеч вясны // ты глядзіш // цеплынёю пралесак».

За ўсё жывое на зямлі баліць яму. Таму і ў паэме «Легенда Прыпяці» апускае ружжо, калі бачыць, як набліжаецца чародка качак. «…Не, не магу, — прызнаецца ён сам сабе і тлумачыць, у чым справа: не бесхарактарнасць віной, // калі браты твае, // як дзеці, // даверам дзеляцца з табой». Дарэчы, аб тым, наколькі блізкая яму Прыпяць, сведчыць тое, што прысвяціў ёй не толькі паэму «Легенда Прыпяці», а і некалькі вершаў.

Яму найбольш удаюцца творы, у якіх сама прысутнасць прыроды, яе дыханне. Гэта і вытлумачальна: пішацца ж пра тое, што не трэба выдумляць. Прамаўляецца тое, што не можа прыдумаць нават самая шчодрая мастакоўская фантазія. Усё падгледжана пільным вокам у самім жыцці, у прыродзе, а ўжо дзякуючы таленту ўвасоблена ў радках, у якіх такая вялікая прыцягальная сіла, я б сказаў, надзіва моцны паэтычны магнетызм, з сілавога поля якога няма аніякага жадання вырывацца. Наадварот, ні з чым не параўнальная асалода заставацца ў асяродку гэтага прыцягнення.


Генадзь Пашкоў — паэт-традыцыяналіст, прадстаўнік той кагорты сучасных беларускіх літаратараў, да якой адносяцца апошнія магікане ў паэзіі, якія не забываюць (і не хочуць забываць!), што наша нацыянальная паэзія — гэта паэзія традыцыйна зямная ў сваёй сутнасці. Ёй чужое мітуслівае эксперыментатарства. Таму творцам гэтага кірунку не па сабе (упэўнены ў гэтым!), калі яны бачаць танныя падробкі пад яе, што падносяцца ледзь не як новае слова ў літаратуры, а ў сапраўднасці — гэта мастакоўская імітацыя і не больш, у якой пры ўсім жаданні не дайсці да сэнсу.

Свежасць «Кляновіка», яго першай кнігі, з гадамі не растрацілася. Сваё 75-годдзе Генадзь Пятровіч сустракае не толькі з выдатным багажом ранейшых набыткаў, але і з новымі творамі, што радуюць так, як можа радаваць паэзія сапраўднага творцы, для якога ўзрост не перашкода пісаць гэтаксама ярка, як і ў маладосці. Пацвярджэнне — выхад яго кнігі ў серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі». Раней яго выбраныя творы змяшчаліся ў «Бібліятэцы беларускай паэзіі».

Сняжана РУДНІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.