Вы тут

Працягваць традыцыі і ганарыцца краінай


Галоўны дакумент з рук Старшыні Савета Рэспублікі атрымалі 20 маладых грамадзян нашай краіны. Урачыстая цырымонія ўручэння пашпартоў, якая адбылася ў рамках Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», прысвечанай Дню Канстытуцыі, прайшла ў Савеце Рэспублікі.


Як звярнула ўвагу спікер верхняй палаты парламента, нягледзячы на тое, што наша краіна мае глыбокія гістарычныя карані, яна дастаткова маладая. «Але нават за гэтыя гады мы сфарміравалі свае добрыя традыцыі, і адна з іх — напярэдадні і ў сам Дзень Канстытуцыі мы ўручаем пашпарты нашым хлопцам і дзяўчатам, якія прыязджаюць з розных рэгіёнаў краіны, — адзначыла Наталля Качанава. — Мы з вялікай радасцю прымаем удзел у гэтай выдатнай акцыі, для нас вялікі гонар уручыць вам пашпарт».

 

Старшыня Савета Рэспублікі нагадала, што ў Беларусі падрастаючаму пакаленню ўдзяляецца вялікая ўвага. Па яе словах, напэўна, няма ніводнай краіны, дзе б так клапаціліся аб моладзі. «Мы разумеем, што гэта будучыня нашай краіны, — заўважыла Наталля Качанава. — І тое, якой наша краіна будзе ў будучыні, залежыць ад вас — ад тых, хто сёння вучыцца ў навучальных установах: у школах, каледжах, ліцэях, ВНУ. І вельмі важна, каб вы, падрастаючы, сфарміравалі дакладнае ўяўленне аб тым, што наша краіна найлепшая. Яна сапраўды такая, і мы па праве ёй можам ганарыцца. Вы ведаеце, што Прэзідэнт нашай краіны шмат увагі аддае маладзёжнай палітыцы, развіццю маладзёжнага руху, заўсёды з вялікай радасцю прымае ўдзел у маладзёжных мерапрыемствах, сустракаецца з моладдзю».

Спікер запэўніла, што дзяржава і надалей усё будзе рабіць для таго, каб моладзі камфортна жылося на роднай зямлі. «А вы павінны разумець, што зусім хутка прыйдзе час, калі вы будзеце працягваць тыя слаўныя традыцыі, якія закладзены ў нашай краіне, — звярнулася Наталля Качанава да хлопцаў і дзяўчат. — І вельмі важна, каб, працягваючы гэтыя традыцыі, вы ганарыліся сваёй краінай. Вы — сапраўдныя патрыёты, ва ўсіх вас ужо ёсць дасягненні ў розных сферах. І ў мяне велізарная да вас просьба: звярніце ўвагу на тых, хто побач, каму патрэбна дапамога. Я ведаю, што, калі ў чалавека сур’ёзная грамадзянская пазіцыя, ён многае можа зрабіць для таго, каб дапамагчы таму, хто побач з ім мае ў гэтым патрэбу. Вы павінны быць усе разам, павінны быць адзіныя».

Старшыня Савета Рэспублікі нагадала, што ўжо год наша краіна жыве па абноўленай Канстытуцыі. «Беларусь — прававая дзяржава, таму для нас вельмі важна, каб рашэнні, якія прымаюцца, былі дакладна вывераныя і наша краіна развівалася, памнажала свае добрыя традыцыі, развівалася эканамічна, — падкрэсліла яна. — І ўсё гэта дзякуючы законам, якія дзейнічаюць у нашай краіне».

Наталля Качанава павіншавала маладых людзей з надыходзячым Днём Канстытуцыі, з атрыманнем пашпартоў. Пажадаўшы моладзі ўсяго самага добрага, яна адзначыла, што дзяржава вельмі разлічвае на тое, што падрастаючае пакаленне зробіць усё для таго, каб наша краіна была найлепшая, каб Беларусь развівалася і квітнела.

 

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.