Што цікавага для чытачоў у новым нумары часопіса «Алеся» — у нашым анонсе.
Алеся Сурынт ні ў дзяцінстве, ні ў студэнцкія гады не задумвалася аб службе ў органах унутраных спраў. Але лёс склаўся так, што сёння Алеся Люцыянаўна — палкоўнік міліцыі.
— Наша падраздзяленне — аддзел двухбаковага супрацоўніцтва ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва МУС. Мы ўзаемадзейнічаем з праваахоўнымі органамі іншых краін, аказваем дапамогу розным службам у вырашэнні многіх пытанняў, — расказала яна.
Па словах Алесі Сурынт, у міліцыі ёсць падраздзяленні, якімі кіруюць жанчыны, і такіх становіцца ўсё больш.
— Пры гэтым варта адзначыць, што ў міліцыі няма жанчын і мужчын. Усе — супрацоўнікі органаў унутраных спраў. І ў гэтым ёсць сэнс: калі ты ідзеш у сілавое ведамства, ты павінен разумець, што ты ідзеш служыць. А служба не прадугледжвае пэўных «я». Само слова — «служэнне» — сведчыць аб тым, што ты сабе не належыш.
Спявачка і аўтар песень, салістка гурта AURA Юлія Быкава не баіцца прымяраць новыя вобразы і падымаць актуальныя тэмы. Але пры гэтым спявае пра каханне, важнасць заставацца верным сабе і сваім поглядам пры любых абставінах. У гутарцы з журналістам Юлія распавяла, як прыйшла ў мастацтва, наколькі адчувае сябе сёння публічнай персонай, у кім знаходзіць апору ў жыцці і дзе папаўняе сілы. А таксама падзялілася сакрэтамі сямейнай гармоніі, расказала, што цэніць у мужчынах.
Па словах гераіні, у яе і мужа, кампазітара Яўгена Алейніка, агульная ключавая матывацыя ў творчасці:
— Перш за ўсё, гэта жаданне дзяліцца з іншымі тым, што мы думаем і адчуваем. Мы нясем у свет дабро, святло, любоў і радасць. Нам хочацца, каб як мага большая колькасць людзей гэтым прасякнулася.
Аўтар шматлікіх кніг паэзіі і прозы, публіцыст, журналіст Навум Гальпяровіч нядаўна адзначыў 75-годдзе і працягвае заставацца ў выдатнай творчай форме. Што дапамагае вядомаму майстру «жыць па-за ўзростам»? Як з вышыні гадоў творца ставіцца да паэзіі? Ці канкурыруюць паміж сабой літаратура і журналістыка? Што ёсць жаноцкасць і ці існуе каханне на ўсё жыццё? Пра гэта і многае іншае — у шчырай размове з пісьменнікам.
— Жаноцкасць для мяне — гэта прыгажосць, пяшчота, вернасць, — дзеліцца на старонках «Алесі» Навум Гальпяровіч. — Так, сёння няма рыцараў і свецкіх дам, я стараюся зразумець імкненне сучаснай жанчыны быць самастойнай, паспяховай, самадастатковай. Але што зробіш з «кніжным» чалавекам? Хачу прысвячаць ёй вершы як цудоўнаму стварэнню прыроды. Урэшце, жанчыны для мяне і да гэтага часу ёсць неразгаданай загадкаю.
Чаму людзі ў сучасным свеце так часта пакутуюць з-за адзіноты? Ці здольныя сацсеткі выратаваць ад яе? Якія ўменні дапамагаюць лягчэй знаходзіць родную душу ў свеце людзей? Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце ў гутарцы журналіста «Алесі» з кандыдатам псіхалагічных навук, дацэнтам кафедры інавацыйнага ўпраўлення Інстытута бізнеса БДУ, коучам Наталляй Плаўнік.
З сакавіцкага нумара «Алесі» вы даведаецеся, што такое візуальны шум у памяшканні і як ад яго пазбавіцца. Атрымаеце парады спецыяліста, як палепшыць знешнасць і самаадчуванне, адкарэктаваўшы свой рацыён харчавання. Наша падборка стыльных жаночых паліто на вясну дапаможа выглядаць модна і прывабна. Вы навучыцеся вязаць скандынаўскую хустку, а таксама прачытаеце, чым карысныя арэхі, як правільна даглядаць архідэю ды пра іншыя цікавосткі.
Алена ВАЛЕР’ЕВА
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.