У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла ІV навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!», якая сабрала юных літаратуразнаўцаў і краязнаўцаў з Мінска і Мінскай вобласці.
Для ўдзелу было пададзена каля 140 заявак вучняў VІІІ-ХІ класаў.
Адкрываючы канферэнцыю, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Сяргей Усік заўважыў, што сёлета было прадстаўлена ў два разы больш работ, чым летась. Гэта сведчыць, што цікавасць да айчыннай літаратуры сярод вучнёўскай моладзі расце. Даследчыцкая дзейнасць узбагачае, садзейнічае фарміраванню асобы, яе патрыятычнаму выхаванню.
Школьнікі ў сваіх работах звярнуліся да жыцця і творчасці пісьменнікаў-юбіляраў: Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Яўгеніі Янішчыц, Адама Міцкевіча, Ніны Мацяш, Янкі Маўра.
У краязнаўчай секцыі дзеці выступалі з дакладамі, прысвечанымі народным святам, абрадам, прыказкам і прымаўкам, тапаніміцы. Юныя даследчыкі праводзілі апытанні дзяцей і бацькоў, уважліва вывучалі дакументы, звязаныя з пэўнымі літаратарамі, шукалі незвычайныя падыходы, каб раскрыць творчасць і асобу пісьменніка. Так, Варвара Кулікова, якая прадстаўляла сталічную гімназію № 38, прасачыла за падарожжамі Уладзіміра Караткевіча па Палессі, знайшла дакументы і ўспаміны пісьменніка, якія паказваюць яго ўражанні, звярнула ўвагу на творы, нарысы і сцэнарыі, што былі напісаны класікам пасля кожнай з вандровак.
Дзяўчаты з Ананіцкай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Кацярына Крывашэй і Валерыя Дубравец азнаёміліся з творчасцю пісьменнікаў, чый лёс быў звязаны з іх малой радзімай, адшукалі радкі, у якіх згадваюцца гарады і вёскі Пухавіччыны, і стварылі паэтычны зборнік, на аснове якога можна зрабіць экскурсійны маршрут ці нават творчую вечарыну.
Лаханская Ганна разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры кіруе Народным гісторыка-краязнаўчым музеем «Невычэрпная крыніца гісторыі» 25-й сталічнай гімназіі. Як распавяла дзяўчына, у навучальнай установе сярод гімназістаў прынята выбіраць лідара, здольнага ўзяць на сябе такія няпростыя абавязкі. Ганна расстаўляе экспазіцыі, праводзіць экскурсіі для малодшых школьнікаў, а таксама для шматлікіх гасцей гімназіі, якія, дарэчы, тут бываюць часта, бо 25-я гімназія стала адной з першых у краіне школ міру. На канферэнцыі старшакласніца прэзентавала маршрут «Мінскімі сцежкамі Янкі Маўра», у які ўключыла музеі, дзе можна ўбачыць прыватныя рэчы, дакументы і кнігі класіка, а таксама адрасы, звязаныя з пісьменнікам. Дарэчы, экспазіцыя, прысвечаная пісьменніку, ёсць і ў самой гімназіі. Ствараць яе дапамагала ўнучка Янкі Маўра і Якуба Коласа Марыя Міцкевіч. Дзеці наведвалі яе дома, знаёміліся з сямейным архівам, яе фотаздымкі і дакументы былі выкарыстаны пры распрацоўцы турыстычнага маршруту.
«Зямля, на якой мы жывём, — таямніца шматлікіх гістарычных знаходак», — заўважыла вучаніца сярэдняй школы № 3 горада Любані Соф'я Кавалеўская, што прысвяціла сваю работу 200-годдзю Уладзіслава Сыракомлі. У школе створаны музей «Любаншчына літаратурная», дзе захоўваюцца сотні экспанатаў, сярод якіх ёсць і каштоўныя. Напрыклад, мініяцюрны зборнік «Lіra Polska», які быў надрукаваны ў 1882 годзе і ўключае ў тым ліку вершы «лірніка вясковага». Дзве экспазіцыі музея прысвечаны знакамітым землякам — Уладзіславу Сыракомлю і Паўлу Шпілеўскаму. Музей падтрымлівае сувязі са сваякамі Сыракомлі, яго стрыечная праўнучка перадала школе здымкі з сямейнага архіва. Соф'я ўпэўненая, што каб любіць радзіму, яе трэба добра ведаць, і паабяцала, што любанскія школьнікі ўсё зробяць дзеля таго, каб захаваць памяць пра знакамітага земляка...
Работы юных даследчыкаў будуць сабраны ў электронным варыянце і размешчаны на сайце музея гісторыі беларускай літаратуры.
Ганна ПЯТРОВА
Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца.
«Абеліскі параненай зямлі».
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.