Вы тут

Ад далёкага Афганістана да роднага Пінска


«Мы гаворым пра гэтую вайну менш, таму што гэтая вайна была не на нашай тэрыторыі. Але каму ад гэтага прасцей? Маці загінулых? Напэўна, больш свядомыя людзі могуць усвядоміць гэтую вайну, асэнсаваць яе. Да нас прыходзяць удзельнікі тых падзей, многія — прыходзяць са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Дзеці некаторых ветэранаў вучацца ў нас. Ужо не адно пакаленне нясе гэтую памяць. І мы спрабуем захаваць яе, наколькі магчыма, бо людзі, якія загінулі за тысячы кіламетраў ад дома, не загінулі дарма», — расказвае Вольга Кавальчук, загадчыца аддзялення № 1 Пінскага каледжа УА «БРДУ імя А. С. Пушкіна», пра музейны пакой баявой славы воінаў-інтэрнацыяналістаў у Афганістане.


Макет жылля салдат.

Памяць пра тыя далёкія геаграфічна, але блізкія духоўна падзеі ў каледжы захоўваюць з 2012 года дзякуючы Пінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту і членам Пінскай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Музейны пакой быў адкрыты тымі, хто хоча захаваць памяць і перадаць яе новаму пакаленню. Не для таго, каб прадэманстраваць свой гераізм (гэтага яны хочуць менш за ўсё), а каб паказаць, што такое вайна і чаму яе ніколі не павінна быць.

Стваралі музейны пакой усім светам, ці, дакладней, усім Пінскам — пінчанамі, якія былі ўдзельнікамі вайны ў Афганістане. Яны прыносілі свае асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі, пісьмы. Таму экспанаты — маўклівыя сведкі тых жудасных падзей. Больш красамоўна пра Афганістан расказваюць фотаздымкі, якія зрабіў Алег Астапчук, адзін з ініцыятараў стварэння музейнага пакоя. Былы выкладчык каледжа Уладзімір Кудзін, таксама ўдзельнік вайны ў Афганістане, пакінуў свой ваенны альбом, асабістыя рэчы. «Уладзімір Пятровіч быў нашым выкладчыкам па медыцынскай падрыхтоўцы. Але на занятках мы больш размаўлялі пра жыццё, пра тое, як паводзіць сябе ў розных абставінах. І гэта былі самыя каштоўныя ўрокі», — адзначае Вольга Кавальчук.

Свае рэчы ў экспазіцыю перадавалі пінчане Віталь Гарошка, Аляксандр Лісавы, Алег Астапчук, Анатоль Маматок, Уладзімір Ашарын, Алег Івашкевіч. Наведвальнікі могуць убачыць ваенную форму, шапкі савецкіх салдат, кабуру з пісталета Макарава, камандны гадзіннік і сігнальны ліхтар, бытавыя прадметы. Прадстаўлены рэчы, без якіх не абыходзіліся і непасрэдна баявыя дзеянні: радыёстанцыя, якая была ўстаноўлена на транспартных сродках, катушка для тэлефоннага кабеля і тэлефонны апарат, ранец дэсантніка, малая сапёрная лапатка. Пра баявыя дзеянні памятае прабітая кулямі металічная пласціна бронекамізэлькі, металічная каска, якая не раз ратавала жыццё свайму ўладальніку. Салдат павінен быць гатовым да ўсяго, таму падчас прывалу яму былі неабходныя кацялок і фляжка, каб наталіць голад і смагу. Добра памятае Афганістан і медыцынская сумка, у якой камандзір артылерыйскага палка палкоўнік Андрэеў захоўваў дакументы пры ўваходзе ў ваенныя дзеянні.

Што такое вайна, дакладна паказвае адзін экспанат — куртка верталётчыка. На першы погляд, абсалютна звычайная куртка. Але, калі прыглядзецца, з левага боку, літаральна за некалькі сантыметраў ад сэрца, можна ўбачыць дзірку. І гэта не выпадковасць, а куля. Куртку перадаў Анатоль Маматок. Падчас баявога вылету куля прайшла па датычнай. А заўважыў гэтую дзірку верталётчык, толькі калі прызямліўся. Звычайная куртка расказвае, што на вайне кулі ў прамым сэнсе лятаюць над галовамі, а чалавечае жыццё літаральна вісіць на валаску. Унікальны прадмет робіць гэта больш гучна, чым мноства пафасных слоў.

Не дай бог нікому аказацца ў тых умовах, у якіх аказаліся савецкія войны-інтэрнацыяналісты. Каб наглядна паказаць, як яны тады жылі, у музейным пакоі створаны макет жылля салдат. Быт у іх быў просты. Каб яго ўладкаваць, выкарыстоўвалася ўсё, што было пад рукой: парашуты, скрынкі з хімічнай абароны, плашчы. Халоднымі начамі можна было сагрэцца каля печкі-буржуйкі. Сцены былі абкладзены каменем не для цікавага дызайнерскага рашэння, а каб іх не прабівалі кулі. Пад ложкам абавязкова — аўтамат і скрыні з патронамі, на выпадак раптоўнай атакі маджахедаў. Тут савецкія салдаты пісалі лісты дадому, чыталі газеты ў вольны час, слухалі музыку, складалі песні пра тое, што бачылі. У экспазіцыі прадстаўлены касетныя стужкі, якія былі набыты ў Афганістане і знаходзіліся ў той трагічны час на тэрыторыі гэтай краіны. Навучэнцы каледжа пры дапамозе дарослых сваімі рукамі зрабілі макет мясцовасці, дзе ваявалі савецкія салдаты. Гэта дазваляе лепш уявіць тую абстаноўку.

Музейны пакой наведвае пераважна моладзь, якая можа і не ведаць гісторыю вайны ў Афганістане. Спецыяльны стэнд знаёміць юных наведвальнікаў з гісторыяй Афганістана, расказвае пра пачатак ваенных дзеянняў. Тут прадстаўлены грошы гэтай краіны, абменныя чэкі, якія выкарыстоўвалі савецкія салдаты, каб набыць неабходныя тавары ў Афганістане. Каштоўным экспанатам з'яўляецца галаўны ўбор маджахеда, прывезены з Афганістана. Расказваецца, чаму савецкія салдаты аказаліся ўцягнутыя ў гэтую вайну. Дапамагаюць газеты і лістоўкі тых часоў, дзе тлумачыцца, што савецкія воіны ўваходзяць у Афганістан як міратворцы. Салдатам, якія туды ехалі, былі выдадзены памяткі воіна-патрыёта, воіна-інтэрнацыяналіста. У іх былі апісаны асаблівасці краіны, растлумачаны прычыны ўвядзення савецкіх войскаў у Афганістан. Гэтыя памяткі і лістоўкі прадстаўлены ў экспазіцыі.

На далёкай і зусім негасціннай афганскай зямлі маладыя хлопчыкі ператварыліся ў сапраўдных мужчын, якія ведалі цану жыццю і смерці. Шмат хто з іх узнагароджаны медалямі «За заслугі», «За мужнасць», многім павесілі на грудзі зоркі Герояў. Многія сем'і савецкіх салдат атрымалі падзяку не толькі ад сваіх камандзіраў, але і ад савецкага кіраўніцтва. У экспазіцыі музейнага пакоя прадстаўлены гэтыя высокія ўзнагароды.

А для тысяч маладых хлопцаў і іх сем'яў найлепшай узнагародай стала б жыццё, якое абарвалася ў Афганістане. І ў гэтым уся сутнасць вайны: адным — медалі на грудзі, другім — цынкавая труна. З больш за 15 тысяч загінулых у Афганістане савецкіх салдат 772 былі беларусамі, 172 з іх — ураджэнцы Брэсцкай вобласці, 15 з іх — пінчане. На асобным стэндзе прадстаўлены іх фотаздымкі. Немагчыма цяжкая місія выпадала на долю афіцэраў, якія суправаджалі «груз 200» у іх апошні шлях і прыносілі сем'ям жудасную вестку пра любімага чалавека. Але гэта іх воінскі абавязак. У экспазіцыі прадстаўлена камандзірованчнае пасведчанне лейтэнанта Алега Астапчука для суправаджэння «груза 200», прозвішча гэтага байца ён памятае і сёння. Як і роспач яго маці. Фотаздымкі ў гэтай вітрыне расказваюць пра гора—сваякоў, маці ў самыя трагічныя моманты іх жыцця. І гэта самы пераканаўчы аргумент, чаму ўсе войны павінны застацца толькі ў падручніках гісторыі і чалавечай памяці.

У музейны пакой не зарастае народная сцежка. Тут праходзяць класныя гадзіны і ўрокі мужнасці для школьнікаў Пінска. Студэнты каледжа пішуць работы пра сваіх землякоў, знаёмых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Самі ветэраны вайны ў Афганістане прыходзяць і расказваюць пра тыя падзеі. А супрацоўнікі каледжа запісваюць гэта на відэа для будучых пакаленняў.

«Шчыра кажучы, спачатку я сама задавалася пытаннем, ці патрэбны нам гэты музей. Але калі мы правялі першае мерапрыемства на базе каледжа, усе былі настолькі ўражаны, што зразумелі: музейны пакой патрэбны. Гэтая тэма мне блізкая, сярод загінулых ёсць мае аднавяскоўцы. Калі мы стваралі музейны пакой, разумелі, што нам ён неабходны, каб навучыць студэнтаў быць патрыётамі і сапраўднымі людзьмі. Патрыятычнай адукацыі заўсёды была ўдзелена вялікая ўвага. І толькі ў такіх музеях можна выхоўваць сапраўднага патрыёта. Пасля выпуску нашы навучэнцы пойдуць у дзіцячыя садкі і школы, дзе яны ўжо будуць удзельнічаць у патрыятычнай асвеце маладога пакалення. Не ведаючы гісторыі сваёй краіны, гісторыі сваёй сям'і, яны не змогуць гэтага зрабіць», — расказвае дырэктар Пінскага каледжа Святлана Барчук.

Кожны экспанат у экспазіцыі музейнага пакоя баявой славы воінаў-інтэрнацыяналістаў у Афганістане мае вялікае значэнне: за кожным стаіць чалавечая гісторыя, чалавечы лёс. А пакуль увага ўдзяляецца кожнаму чалавечаму лёсу, у гэтага свету ёсць шанц, што такія падзеі як вайна ў Афганістане, не паўторацца зноў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.