Вы тут

Пераасэнсаваць антычныя легенды прапануе мастак-графік Юрый Якавенка


Тых, хто ведае творы Юрыя Якавенкі ці бачыў іх раней, хутчэй за ўсё здзівіць яго зварот да Антычнасці. У майстра заўсёды быў уласны погляд на свет, адметная вобразнасць і схільнасць да філасофскіх разваг. Але, можа быць, цяпер яго прага да філасофіі ўзмацнілася як ніколі раней менавіта дзякуючы старажытнагрэчаскай культуры: у ёй, між іншым, заахвочвалася асэнсаванне жыцця з высновамі пра каштоўнае і заганнае, прыгожае і пачварнае, вартае і ганебнае, добрае і злое. На маю думку, Якавенка заўсёды разважаў у сваіх графічных работах менавіта пра гэта, і займеў шырокае кола шчырых прыхільнікаў. Можа быць, цяпер гэтае кола пашырыцца. Бо насамрэч гісторыя Старажытнай Грэцыі, яе міфалогія адкрываецца нам з дзяцінства, да таго ж яна вельмі запатрабаваная, дала імпульс для стварэння шматлікіх кінастужак і іншых твораў мастацтва. З аднаго боку, «плюс». А з другога боку, менавіта таму зварот да гэтай тэмы падаецца няпростым — бо складана сказаць нешта новае і быць арыгінальным. Але майстар рашыўся...


— Я не збіраўся займацца Грэцыяй наогул. Такое адчуванне, што ў ёй усё зроблена і лепей зрабіць складана: гэта ж напластаванні тысячагоддзяў! Але пазнаёміўся з грэкамі, яны мяне пакрысе рыхтавалі да таго, каб выказацца, і прыйшоў час, калі я адчуў, што гатовы, — распавядае Юрый Якавенка. — Спачатку імкнуўся выявіць нешта грэчаскае, скакаў конікам па антычных матывах. А калі падышоў да вялікіх работ, стала зразумела, што Антычнасць мы разумеем недастаткова глыбока, у тым ліку таму, што за тысячагоддзі флёр рамантызму лёг на гэтую культуру, і стала незаўважным тое, што было ў ёй натуральнае, сапраўднае, жывое. А гэта перш за ўсё чалавечыя жарсці. Калі ўсё, што засталося ад той культуры, расфарбаваць у тыя колеры, якія былі першапачаткова, — то яно выглядала б ірацыянальным, пярэстым, з процілеглымі (на першы погляд) яркімі колерамі, якія не столькі дапаўняюць адзін другога, колькі ўступаюць у канфрантацыю. Тады было б разуменне: у ёй усё вельмі складана, заблытана. А калі паглыбіцца і прыбраць з уяўлення традыцыйныя калоны, пальмы, то выходзіць на першы план галоўнае: маці і сын, мужчына і жанчына, жонка і воін. Застаюцца жарсці, войны, забойствы, крадзяжы, слёзы, гора, нянавісць, любоў. Мне было важна паглыбіцца ў чалавечыя жарсці. Паспрабаваць крыху развянчаць рамантыку міфаў. Бо тое, што мы бачылі ў фільмах, выглядае гераічна, прыгожа. А фабула вельмі простая і даволі суровая, нават жорсткая. Напрыклад, ёсць Ясон, які наняў брыгаду наёмнікаў, яны пабудавалі карабель, паплылі да Калхіды, а там скралі сімвал народа і сышлі... Звычайнае зладзейства, але ў іх яно падаецца так рамантычна, так паэтычна, гераічна. Ці Траянская вайна пачалася з таго, што скралі Алену. А траянскі конь — натуральнае вераломства, але як рамантычна падаецца гэтая гісторыя. У нейкай ступені мне вельмі хацелася захаваць каліва рамантыкі, а з іншага боку — надаць крыху жарсткаватага погляду, каб было адчуванне крыві і болю, без якіх не бывае гераізму.

Такім чынам антычная тэма дапамагла Юрыю Якавенку пракласці масток ад сівой даўніны да сучаснасці. Бо мастак, што б ён ні адлюстроўваў, так ці інакш выказваецца пра свой час, яго ідэі і тэмы, што турбуюць людзей. Бо чалавечая гісторыя ўжо знайшла адказы на большасць пытанняў. Часам гэтыя адказы адсоўваюцца ўбок, каб даць магчымасць разняволіцца і супакоіць свае думкі. А часам яна вяртае ўжо новыя пакаленні да таго, што не засвоена і вярэдзіць свядомасць.

— Важна, каб кожны бачыў сваё. Але калі ўбачаць мае эмоцыі і пачуцці — буду рады, бо змог нешта сказаць, а гледачы адчулі, — прызнаецца Юрый Якавенка. — Я заўсёды з павагай і трапятаннем стаўлюся да гледача. Самае складанае для мастака — падрыхтаваць свайго гледача. Таму што потым з ім лягчэй кантактаваць — гэта зусім іншы ўзровень размовы.

Выстава «Паміж Сцылай і Харыбдай» складаецца з некалькіх серый. Для адной з іх — «Ясон і арганаўты» — дызайнер Пётр Новікаў (сябра і шчыры прыхільнік творчасці беларускага графіка Юрыя Якавенкі) — стварыў адмысловы кейс, які прадстаўлены ў адной з залаў гасцёўні. Такія творы трэба захоўваць вельмі ашчадна. Варта адзначыць, што майстра працуе ў тэхніцы афорта — калі выява ствараецца на металічнай пласціне. Наколькі гэта складана, гледачам цалкам рэальна ўявіць. У межах выставы прадстаўлены самі пласціны, на якіх ледзь праступаюць абрысы выяў. У іх цікава ўглядацца, а потым параўноўваць з творамі, якія ў выніку атрымаліся: тонкі і складаны малюнак, часам з дабаўленнем амаль празрыстага колеру. Майстар прызнаецца: заўсёды застаецца пачуццё, што не ўсё зрабіў так, як хацеў. Але гэтым, магчыма, і прыцягальная графіка: пры ўсёй прадуманасці і дакладнасці малюнку ў ёй ёсць энергія імклівасці. На адкрыцці выставы яе адчуць маглі не толькі звычайныя гледачы, але і калегі па мастацкім цэху.

Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў:

— Я вельмі рада, што выстава адкрываецца ў галерэі, якая з’яўляецца часткай музея горада Мінска. Гледачы ўбачаць цалкам новую серыю Юрыя Якавенкі. Гэтая серыя вельмі складаная, філасофская. Яна пра грэчаскія міфы — пра тое, што было, але адначасова і пра тое, што ёсць. Таму што ў кожнай рабоце Юрыя Якавенкі заўсёды прачытваецца сучаснасць. У межах выставы мы ўздымаем такія тэмы, як дабро і зло, мужчына і жанчына, адносіны бацькоў і дзяцей. Гэта новае знаёмства з цудоўным майстрам.

Уладзімір Савіч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар:

— Юрый Якавенка здзейсніў божае наканаванне — быць мастаком. І не проста мастаком, а  мастаком-майстрам.

Уладзімір Зінкевіч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар:

Тут ёсць эмацыйнае судачыненне. Няма эпатажнасці. Затое ёсць дзіўная шчырасць і разуменне чалавека. Юрый застаецца рыцарам у творчасці. Валодае талентам і майстэрствам, сумленны, чэсны чалавек, адданы і ўлюбёны ў іншых людзей.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.