Вы тут

Пад знакам 85-годдзя Беларускага саюза мастакоў


Гэтая юбілейная дата так ці інакш паўплывае на ўсе выставачныя планы ў Беларусі, адзначыў старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. Пры тым што будуць яшчэ і асобныя юбілеі, якія немагчыма прапусціць. А некаторыя даты адна другую ўзмацняюць і памнажаюцца на агульнае жаданне творцаў выставіцца.


І вось першая знакавая для беларускіх мастакоў выстаўка юбілейнага года: 12 студзеня ў Новай Траццякоўцы ў Маскве адкрылася выстаўка, у якой бяруць удзел сябры дзвюх творчых суполак — Беларускага саюза мастакоў і Саюза мастакоў Расіі. Гэта другое прадстаўленне беларускіх мастакоў у Новай Траццякоўцы, першае адбылося ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Маскве напрыканцы мінулага года. Менавіта пасля гэтага нарадзіўся новы праект і жаданне паказаць беларускіх мастакоў на прэстыжнай пляцоўцы, якая з'яўляецца адным з найлепшых музеяў свету.

Але не менш важнае жаданне паказаць сябе і на радзіме, што выяўляецца ў вялікай колькасці буйных імпрэз, якія часам падобныя на мастацкія фестывалі для рознай публікі. І нават у розных гарадах краіны. Гэта магчыма дзякуючы таму, што ў Саюзе мастакоў сабрана вялікая калекцыя жывапісу, графікі і скульптуры, якая будзе курсіраваць па гарадах.

Фестывалі — наогул цікава, і нездарма іх становіцца больш: ёсць магчымасць ахапіць мастацтвам і ўвесь горад Мінск, і краіну наогул. І падкрэсліць, што творцы жывуць не толькі ў сталіцы, але і ў розных кутках краіны, і ўсе вартыя ўвагі і могуць мець сваю аўдыторыю. А кожны глядач атрымае магчымасць пазнаёміцца з любімым мастаком і нават завітаць да яго ў майстэрню падчас Дня адкрытых дзвярэй (у адным Мінску 252 майстэрні ва ўласнасці Саюза мастакоў і 112 арандуюцца ў горада!). У 85-годдзе мастакі задзейнічаюць усе магчымыя лакацыі.

— Сёлета адбудуцца розныя мастацкія праекты, але ўсе яны паяднаныя адзінай ніццю, паколькі мы святкуем 85 гадоў саюза мастакоў, — адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Творчая арганізацыя перажыла шмат рэфармаванняў, якія былі звязаныя з рознымі гістарычнымі перыядамі. Але праз яе прайшлі яркія асобы выяўленчага мастацтва, якімі мы ўсе ганарымся. У нас ёсць тыя, чыю рэтраспекцыю мы можам паказаць (напрыклад Віталя Цвіркі). У нас сёлета 100-годдзе Леаніда Шчамялёва, вартае прысвячэння. Але ў нас ёсць і цудоўныя сучасныя мастакі. Мы можам завязаць і гістарычны, і сучасны кантэкст у сваіх праектах.

У Беларускім саюзе мастакоў на цяперашні момант 13 секцый, сябры якіх так ці інакш стануць удзельнікамі запланаваных выставак. Для кожнай секцыі будзе нагода сябе паказаць. Ужо напрыканцы сакавіка адбудзецца праект «Кабінет графікі», аб'яднаны з традыцыйнай выстаўкай «Графіка года», прысвечаны работам, якія ствараліся ў 2022 годзе. Такім чынам ёсць жаданне падкрэсліць, што беларуская школа графікі — адна з наймацнейшых у Еўропе і працягвае заставацца такой жа прафесійнай, як і шмат гадоў таму. Графіка з музейных калекцый будзе суседнічаць з сучаснымі творамі.

Фестываль сучаснага манументальнага мастацтва «Манумент-23» будзе змяшчаць адсылкі да гістарычных манументальных аб'ектаў, на якіх апошнія два гады працавалі сябры секцыі манументалістыкі. Але ў той жа час яны пакажуць манументальны жывапіс. Не забудуць пра юбілеі вядомых мастакоў-манументалістаў. Аляксандру Кішчанку сёлета споўнілася б 90 гадоў. Гаўрыла Вашчанка хоць і займаўся больш жывапісам, але ствараў кафедру манументальнага мастацтва і шмат гадоў ёю кіраваў. Яму сёлета споўнілася б 95 гадоў. Зоя Літвінава апошнія гады таксама больш займаецца жывапісам, але працуе з манументальнымі роспісамі. Ёй прысвецяць асобны праект.

Асаблівая нагода сёлета — прадставіць мастакоў, якія займаюцца эксперыментальнымі формамі мастацтва. Хоць летась узнікла новае трыенале канцэптуальнага мастацтва «Канцэпт» і яно будзе паўтарацца, але як абысці знакавую дату — 110 гадоў стварэння «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча? Ён меў дачыненне да Віцебска, і ў наш час там жывуць мастакі, якія лічаць сябе паслядоўнікамі Малевіча. У свой час там была створана суполка пад назвай «Квадрат» — гэта цікавая форма сведчыць аб тым, што ў мастацтве адбываюцца змены. Вось і паглядзім, якія гэта змены, на рэспубліканскай выстаўцы. На ёй будзе магчымасць убачыць сучасныя эксперыменты віцебскіх мастакоў, адзін з якіх — Васіль Васільеў — заснаваў праект «Абстракт». А цяпер праз форму квадрата можна будзе аб'яднаць мастакоў з розных гарадоў і нават секцый.

Ларыса ЦІМОШЫК

Прэв’ю: БелТА

Загаловак у газеце: Натхненне з гісторыяй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?