Вы тут

Крок у чорна-белае і не толькі


Вялікі графічны праект у сталічным Палацы мастацтва прадстаўляе мастакоў з усяго свету. Імёны ашаламляюць: Марк Шагал, Сальвадор Далі, Пабла Пікаса, Восіп Цадкін... І ў вялікай прасторы, сярод мэтраў розных краін, варта звярнуць увагу на беларускіх майстроў графікі, якая ў нашай краіне здаўна была на пачэсным месцы сярод іншых кірункаў выяўленчага мастацтва. І нездарма — былі майстры, якія трымалі высокі ўзровень. І працягваюць трымаць. Таму выставачны праект нібыта складаецца з дзвюх частак: выстава беларускай станковай і кніжнай графікі ХХ—ХХІ стагоддзяў, а ў яе рамках адбываецца праект «Terragrapgіca», які знаёміць з заходнееўрапейскай графікай розных стагоддзяў. І той, хто чакаў адкрыцця маштабнага праекта графічнага мастацтва, у прынцыпе, не памыліўся. Маштаб сапраўды значны: ахоп у некалькі стагоддзяў. Іншымі словамі, арганізатары пайшлі не ўшыркі (па нашых імёнах), а заглыбіліся ў гісторыю сусветнага мастацтва, упісаўшы ў яе беларускіх творцаў. Вось, напрыклад, Напалеон Орда, які ствараў у XІX стагоддзі і пакінуў нам вобразы шмат якіх беларускіх мястэчак, сядзіб, палацаў. І доўга ж для нас не існавала такога майстра, бо шмат пражыў за межамі Беларусі, але, як толькі стала магчыма вярнуцца, аддаў радзіме ўсю сваю любоў і захапленне. А як творцу Беларусь яго адкрыла ў ХХ стагоддзі, запоўніўшы лакуну ў гісторыі айчыннага мастацтва... А Марк Шагал? Таксама ж прыход яго ў беларускае мастацтва адбыўся напрыканцы ХХ стагоддзя. Таму гісторыя не менш цікавая і важная за сучаснасць: яна дае адказы на шмат якія пытанні: чаму наша мастацтва развівалася так, а не інакш, чаму асобы з мінулага ўсё адно паўплывалі на айчынную культурную прастору і што і чаму мы маем сёння?.. Пры тым, што нават для неабазнанага гледача выстаўка будзе цікавай, і не толькі з пункту гледжання сабраных імёнаў, сярод якіх сусветныя зоркі мастацтва. Адметная і цікавая сама графіка, у якой розныя тэхнікі, стылі. А якія вобразы...


— Вялікі і маштабны выставачны праект склалі некалькі праектаў: «Terragrapgіca», праект, звязаны з кніжнай графікай, праект, звязаны са станковай графікай беларускіх мастакоў. І не трэба забываць, што ў асобнай зале прадстаўлены праект маладых беларускіх мастакоў, — адзначыла першы намеснік старшыні беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Я прыгадала сваё дзяцінства, напэўна, таму, што на гэтай выставе ёсць работы майго бацькі (мастака Васіля Шаранговіча. — Аўт. ). Гледзячы на іх, я падумала, наколькі для мяне графіка заўсёды была нейкай алхіміяй, незразумелай, але вельмі прывабнай творчасцю, якая заўсёды мела вынік, які можна было пабачыць. Але можна было ўбачыць і працэс, які не менш, а можа быць, і больш цікавы, чым вынік. Тое, што мы бачым у гэтых залах — а гэта вялікая колькасць работ, створаных у розны час мастакамі з розных краін, у розных тэхніках, — і ёсць алхімія творчасці. Таму што калі бачыш канчатковы вынік, то ўяўляеш сабе, як гэта стваралася. Куратар праекта Аляксандр Зінкевіч узяўся за неверагодна складаную працу. Невыпадкова тут няма этыкетак: прадстаўлены серыі работ мастакоў, пазначаны іх прозвішчы і гады іх жыцця. Нават не напісаны краіны іх паходжання. Таму што графіка — нешта адзінае, вялікае і магічнае. У мінімалізме гэтага афармлення кожны мастак будзе глядзецца як асобная зорка. Яны і ёсць зоркі, якія жылі і жывуць у суседніх з намі краінах. Але побач з імі знаходзяцца цудоўныя работы беларускіх мастакоў. І яны таксама зоркі. — Лазар... Сямён? Герус, Анатоль Тычына, Георгій Паплаўскі, Арлен Кашкурэвіч. Яны выклікаюць у нас, з аднаго боку, вір эмоцый, з іншага боку, уражваюць тэхнічным майстэрствам.

Выстаўка, што займае абодва паверхі Палаца мастацтва, прадстаўляе больш за 300 твораў з прыватных калекцый, а таксама са збору твораў Беларускага саюза мастакоў. Куратар карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка» і куратар выстаўкі Аляксандр Зінкевіч прызнаецца:

— У нас былі няпростыя, але вельмі цікавыя некалькі тыдняў, у рамках якіх мы рыхтавалі праект. Гэта ўнікальная з'ява ў выставачным жыцці Беларусі і наогул у культурным жыцці, таму што тут прадстаўлена тое, што здабывалася з нетраў калекцый людзей, якія збіралі графіку доўгія гады ці толькі пачалі. Такі падыход дапамог стварыць уяўленне, як графіка развівалася. Гэта ўнікальны збор графічнага мастацтва як ХХ стагоддзя, так і папярэдніх часоў.

Адзін з мэтраў беларускага графічнага мастацтва, чые работы ёсць на выстаўцы — Леў Алімаў, — адзначыў, як аформлена выстаўка. Удзельнік шмат якіх міжнародных праектаў па-за межамі Беларусі, ён быў уражаны менавіта падачай, афармленнем. І тым, як зроблены акцэнт на фрагментах з твораў, каб падкрэсліць унікальнасць кожнага аўтара.

І нам цікава, што побач з творамі аўтараў, чые імёны ўпісаны ў гісторыю, ды сучасных мэтраў, такіх як Валерый Славук, выстаўляюцца творцы больш маладога пакалення: Усевалад Швайба ці Фёдар Шурмялёў ды іншыя. І для многіх гэта выстаўка стане сапраўдным адкрыццём з пункту гледжання таго, што мы мелі ў графіцы, што маем і што, магчыма, Беларусь яшчэ атрымае — знойдзе, верне і выхавае ў будучыні. Варта паспяшацца, бо выстаўка доўжыцца толькі да 23 красавіка.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.