Вы тут

Што ў правядзенні ЦЭ трэба адпрацаваць і адшліфаваць?


Выпускная кампанія ў новым фармаце, у якой паўдзельнічала больш як 52 тысячы адзінаццацікласнікаў, вытрымала першы пробны іспыт. Рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен прайшоў 28 студзеня ў краіне на высокім арганізацыйным узроўні. Аб гэтым паведаміў на сустрэчы з журналістамі намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.


Дэталёвы разбор недахопаў

— Для разумення маштабнасці праведзенага мерапрыемства прывяду некалькі лічбаў: пад рэпетыцыю ЦЭ было задзейнічана па краіне 144 пункты і 2 592 аўдыторыі: больш за тысячу аўдыторый — на базе ВНУ, 998 — на базе каледжаў і 569 — на базе школ, гімназій і ліцэяў. Да мерапрыемства было прыцягнута каля 8 тысяч педагагічных работнікаў, з іх амаль 6,6 тысячы — з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Для параўнання: у 2022 годзе падчас цэнтралізаванага тэсціравання адначасова максімальна было задзейнічана 1 262 аўдыторыі. А ўсяго па краіне быў адкрыты 41 пункт здачы ЦТ, — праінфармаваў намеснік міністра.— Сёння, у тым ліку з улікам справаздач, якія паступілі з месцаў, можна канстатаваць, што правядзенне рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену па некалькіх навучальных прадметах у адзін дзень не выклікала сур'ёзных цяжкасцяў. Заўважу, што рэпетыцыю мы праводзілі не для таго, каб паказаць грамадству, што сістэма адукацыі поўнасцю гатовая да новага фармату выпускной кампаніі, а каб паглядзець на тыя праблемы, якія могуць узнікнуць у працэсе яе правядзення.

«У Міністэрства адукацыі паступілі ўсе прапановы з месцаў, сфармуляваныя па выніках аналітыкі мерапрыемства. Атрымалі мы і прапановы ад Камітэта дзяржаўнага кантролю, супрацоўнікі якога таксама выязджалі і маніторылі сітуацыю ў пунктах ЦЭ. У мінулую пятніцу прайшла нарада з міністрам адукацыі, на якой прысутнічалі начальнікі ўпраўленняў аддзелаў адукацыі з усёй краіны. Дэталёва былі разабраны ўсе недахопы з мэтай іх ліквідацыі ў даты правядзення асноўнага ЦЭ ў маі», — падкрэсліў Аляксандр Кадлубай.

Дастаўка — толькі цэнтралізаваная

— Гэта быў экзамен для нас усіх, — падкрэслівае начальнік галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Марыя Кіндзірэнка. — 152 упаўнаважаныя асобы прысутнічалі непасрэдна ў пунктах рэпетыцыйнага ЦЭ, кантралявалі ўсе этапы, каб убачыць праблемныя моманты і ў далейшым акумуляваць іх для прыняцця рашэнняў. Плюс разам з намі ў гэты дзень працавалі прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю, якія таксама ажыццяўлялі маніторынг непасрэдна ў пунктах правядзення рэпетыцыі ЦЭ. Таму мы поўнасцю валодаем тымі пытаннямі, якія неабходна дапрацаваць і адшліфаваць.

Першы важны момант датычыцца дастаўкі адзінаццацікласнікаў да месца правядзення ЦЭ. На гэты конт былі розныя думкі. Прапаноўвалася дастаўляць навучэнцаў да пунктаў ЦЭ арганізаванымі групамі. Менавіта так мы і зрабілі падчас рэпетыцыі. Таксама была прапанова дазволіць самастойны пад'езд навучэнцаў да месцаў правядзення іспыту ў тым выпадку, калі ЦЭ праходзіць на базе ўстаноў адукацыі ў буйных гарадах. Па выніках нарады было прынята рашэнне, што арганізацыя дастаўкі ўдзельнікаў цэнтралізаванага экзамену да пунктаў яго правядзення будзе ажыццяўляцца ўсё ж такі цэнтралізавана. І адказваць за гэтую пазіцыю будуць непасрэдна ўстановы адукацыі. Гэта значыць, што нашы адзінаццацікласнікі будуць збірацца ў школе. Затым, выкарыстоўваючы або грамадскі транспарт, або школьныя аўтобусы, або заказны аўтобус, яны арганізаванымі групамі па класах у суправаджэнні педагагічных работнікаў будуць дабірацца да пунктаў правядзення цэнтралізаванага экзамену. Такая пазіцыя была ў Міністэрстве адукацыі першапачаткова і яна ж зафіксаваная ва ўсіх нашых дакументах.

«Падтрымліваючы сняданак у школе (гарачы чай, булачка або печыва) будзе захаваны. Таксама плануецца арганізаваць работу буфетаў непасрэдна ў саміх пунктах правядзення ЦЭ. Іх паслугамі змогуць скарыстацца і педагогі, якія знаходзяцца там у чаканні сваіх вучняў, і самі ўдзельнікі экзамену, якія ўжо справіліся са сваёй работай. Такая форма арганізацыі харчавання ў пункце правядзення ЦЭ была вельмі запатрабаваная на рэпетыцыі, таму мы рэкамендуем яе і пры правядзенні непасрэдна цэнтралізаванага экзамену, — падкрэсліла Марыя Кіндзірэнка. — Што датычыцца вяртання навучэнцаў з цэнтралізаванага экзамену, то была падтрымана прапанова, якая прагучала ўжо пасля правядзення рэпетыцыі. Няма неабходнасці пасля заканчэння работы над тэстам пакідаць усіх навучэнцаў у пунктах правядзення ЦЭ, каб потым арганізаванымі групамі дастаўляць іх дадому. Тым больш што на розных прадметах прадугледжаны розны час на здачу экзаменацыйнага тэста. Навошта тым, хто хутка справіўся са сваёй работай, чакаць усіх навучэнцаў са сваёй школы? Асабліва гэта датычыцца гарадоў і тых населеных пунктаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца пункты правядзення ЦЭ.

Але тут ёсць адна важная ўмова, якую давядзецца выконваць. Калі дзіця пажадае дабірацца самастойна, то каб яго адпусціць, педагагічны работнік (а менавіта класны кіраўнік) павінен загадзя атрымаць ад бацькоў пісьмовую заяву, што законныя прадстаўнікі згодныя і дазваляюць свайму дзіцяці самастойна дабірацца дадому пасля правядзення ЦЭ. У такім выпадку мы не бачым праблемы, каб адпусціць дзіця: яно зможа дабірацца дадому самастойна альбо ў суправаджэнні сваіх бацькоў».

На экзамен — толькі з пашпартам!

Як заўважылі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, таксама на парадку дня стаіць і пытанне забеспячэння бяспекі ўсіх удзельнікаў ЦЭ. На ўсіх пунктах цэнтралізаванага экзамену — і ў асноўныя, і ў рэзервовыя даты правядзення экзаменаў — будзе забяспечана дзяжурства медыцынскага работніка або брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. Акрамя таго, і ў аўдыторыях, і ў саміх пунктах будзе арганізавана ўзаемадзеянне з падраздзяленнямі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Будзе задзейнічана і Дзяржаўтаінспекцыя. Яна будзе кіраваць транспартнымі патокамі каля пунктаў правядзення ЦЭ, бо навучэнцаў будуць падвозіць цэнтралізавана. Каб пазбегнуць стоўпатварэння дзяцей і дарослых на ўваходзе ў пункты правядзення цэнтралізаванага экзамену, будуць распрацаваны графікі прыбыцця ўдзельнікаў.

Дзякуючы рэпытыцыі, арганізатары ўбачылі яшчэ адну праблему. У Інструкцыі па правядзенні цэнтралізаванага экзамену дакладна прапісана, што дакументамі, якія дазваляюць дзіцяці ўвайсці ў пункт правядзення ЦЭ і ў далейшым пачаць выкананне экзаменацыйных заданняў, з'яўляюцца пропуск і пашпарт. «Але частка навучэнцаў пра свой дакумент, які сведчыць асобу, забылася. У асноўныя даты правядзення цэнтралізаванага экзамену гэта норма будзе дзейнічаць бездакорна, — папярэдзіла Марыя Кіндзірэнка. — Ніякіх іншых умоў доступу ў пункт правядзення ЦЭ не існуе, як і на цэнтралізаванае тэсціраванне. Таму для педагагічных работнікаў правядзенне растлумачальнай работы з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу — адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці на гэты момант».

Дарэчы, Міністэрства адукацыі плануе праводзіць рэпетыцыі цэнтралізаваных экзаменаў штогод, каб даць магчымасць праходзіць пробны этап цэнтралізаванага экзамену ўсім адзінаццацікласнікам.

Новы вопыт для арганізатараў ЦТ

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў у гэтыя дні завяршаецца апрацоўка бланкаў адказаў удзельнікаў рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену. Апрацавана каля 85 працэнтаў бланкаў. Пра гэта расказаў журналістам дырэктар інстытута Юрый Міксюк.

Самая працяглая працэдура — верыфікацыя. Яна робіцца ў інтарэсах навучэнцаў, паколькі праграмнае забеспячэнне не гарантуе стапрацэнтную якасць пераводу рукапіснага тэксту ў электронны фармат. А верыфікатары дапамагаюць машыне разабраць «каракулі» ў бланку, выдаляюць хібы, напрыклад, калі абітурыент выпадкова чыркануў ручкай, каб камп'ютар не залічыў яму няправільны адказ.

— Рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен паказаў, што мы можам забяспечыць правядзенне справядлівага і аб'ектыўнага выпрабавання, — запэўнівае Юрый Міксюк. — Гэта быў новы вопыт і для нас. Такі падыход, калі адначасова здаюцца ўсе прадметы, прад'яўляе пэўныя і тэхналагічныя, і тэхнічныя патрабаванні, патрабаванні да планавання, а таксама неабходнасць гарантаваць інфармацыйную бяспеку. Да нас паступіла ўся інфармацыя з месцаў: ад назіральнікаў, з пунктаў ЦЭ, ад Камітэта дзяржаўнага кантролю аб праблемных пытаннях. Пераважна складанасці былі звязаныя з тым, што ў мерапрыемстве ўпершыню было задзейнічана вельмі шмат пунктаў і ўдзельнікаў, прыцягнута шмат педработнікаў, якіх неабходна было навучыць, каб яны забяспечвалі строгае захаванне ўсёй працэдуры экзамену.

Сярод адпрацаваных Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў новых тэхналагічных пытанняў — сістэма рэгістрацыі на ЦЭ. У адрозненне ад ЦТ, на якое абітурыенты рэгіструюцца самастойна, на ЦЭ навучэнцаў рэгіструюць ва ўстановах адукацыі, а потым гэтыя звесткі паступаюць да нас. Мы адзначылі для сябе і такія моманты, як недапушчэнне цеснаты і стоўпатварэння ў пунктах правядзення ЦЭ. Яшчэ раз пераканаліся, што трэба акцэнтаваць увагу ўсіх удзельнікаў ЦЭ на наяўнасці пры сабе пропускаў і пасведчання асобы. Яшчэ ёсць час, каб вырашыць гэтыя пытанні. Калі праблему з пропускам, які навучэнец забыў дома, мы ў стане вырашыць на месцы, то ідэнтыфікацыя асобы і наяўнасць дакумента, які сведчыць асобу, — вельмі важны момант, пра які не трэба ніколі забываць.

Адмысловая ўвага пры правядзенні цэнтралізаванага экзамену будзе аддавацца арганізацыі інфармацыйнай бяспекі. Дастаўку заданняў у асноўны этап ЦЭ будзе ажыццяўляць фельд'егерская служба, так як гэта адбываецца і на ЦТ. Каму будзе перадавацца чамадан з экзаменацыйнымі матэрыяламі, як ён будзе прымацца і дзе захоўвацца (наяўнасць сейфаў), у якіх аўдыторыях будзе праходзіць выпрабаванне — усе гэтыя моманты трэба яшчэ раз прапрацаваць.

Больш сур'ёзнасці!

Прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ Канстанцін Казадаеў таксама падзяліўся ўражаннямі ад ЦЭ, якое прайшо на базе ўніверсітэта.

— Для нас не вельмі прыемным адкрыццём сталі паводзіны некаторых удзельнікаў цэнтралізаванага экзамену, — канстатаваў ён. — Усё ж такі на цэнтралізаванае тэсціраванне абітурыенты рэгіструюцца самі — гэта іх зона адказнасці. Прадметы для паступлення выбіраюць мэтанакіравана, сур'ёзна падыходзяць і да здачы ЦТ, не забываюць пра свае дакументы. Яны знаходзяцца ў асяродку незнаёмых ім людзей і вядуць сабе стрымана, чаго не скажаш пра ўдзельнікаў ЦЭ. Іх рэгіструюць на экзамен педагогі, за іх прадумваецца ўся лагістыка і знаходзяцца яны ў атачэнні сваіх аднакласнікаў. Шчыра кажучы, хацелася б бачыць больш сур'ёзнасці з іх боку, — канстатаваў Канстанцін Казадаеў.

Сярод плюсаў рэпетыцыі ЦЭ прарэктар згадаў магчымасць «тэрытарыяльнай разведкі». У БДУ і БНТУ ў правядзенні цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання задзейнічана шмат навучальных карпусоў, і ў будучых абітурыентаў была магчымасць на месцы пазнаёміцца з іх размяшчэннем. Таму падчас праходжання ЦТ ім будзе ўжо прасцей арыентавацца...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.