Вы тут

Уладзімір Данчанка два разы ў сваім жыцці трапіў пад смяротны агонь


Жыхар вёскі Касцюкоўка Гомельскага раёна Уладзімір Данчанка два разы ў сваім жыцці трапіў пад смяротны агонь: першы — калі служыў у Афганістане ў складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў, другі — падчас работы ў 30-кіламетровай зоне Чарнобыльскай АЭС.


З гонарам выкананы абавязак

У Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан Уладзімір Данчанка адправіўся добраахвотнікам. Малады маёр і не думаў, што яго тут чакае: цяжкае раненне, якое ледзь не каштавала жыцця, і... каханне.

Некалькі гадоў таму Уладзімір Данчанка прыняў удзел у праекце Гомельскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея «Час выбраў нас». Дырэктар установы культуры Кацярына Варабей прапанавала воінам-інтэрнацыяналістам прынесці фатаграфіі (падчас службы ў арміі і цяперашнія), падзяліцца ўспамінамі, а таксама пакінуць свой подпіс на падрабязнай карце Афганістана — распісацца насупраць назвы горада ці мясцовасці, дзе ім прыйшлося служыць. Гвардыі падпалкоўнік Савецкай Арміі ў адстаўцы Уладзімір Данчанка распісаўся насупраць слова Кабул.

Нішто з таго, што прыйшлося перажыць, з памяці не згладзілася, але шмат аб чым нельга казаць нават праз гады. Адно афіцэр Уладзімір Данчанка ведае: нашы вайскоўцы праявілі высокі ўзровень ваеннай падрыхтоўкі, згуртаванасць і гераізм.

— Гэтая вайна ў гарачых пясках Афганістана зрывала і выносіла ўсё наноснае і агаляла сапраўдную сутнасць чалавека, — дзеліцца Уладзімір Данчанка. — Тут кожны разумеў, што без падтрымкі таварышаў можа не выжыць, таму словы «воінскае братэрства» прымалі сапраўднае значэнне. І пасля вяртання на Радзіму многія не страцілі сувязь з аднапалчанамі, засталіся сябрамі і пабрацімамі на ўсё жыццё.

Воіны-афганцы неахвотна расказваюць пра баявыя дзеянні, у якіх бралі ўдзел, — настолькі цяжкія гэта для іх успаміны. Куды больш ахвотна яны гавораць аб тым, што набывала тут вялікую каштоўнасць, — сяброўства і каханне.

— Пасля цяжкага ранення і аперацыі ў шпіталі ў Кабуле, калі лекары выратавалі мне жыццё, я трапіў на рэабілітацыю. Тут і сустрэў будучую жонку Таццяну, — кажа Уладзімір Данчанка. — Толькі дзякуючы ёй я падняўся на ног.

У шпіталі Уладзіміру Данчанку ўручылі грамату, падпісаную легендарным камандзірам 108 мотастралковай Невельскай двойчы Чырванасцяжнай дывізіі генерал-маёрам Віктарам Барынькіным. Гэтую ўзнагароду, якую ён атрымаў у жніўні 1987-га, воін-інтэрнацыяналіст беражліва захоўвае і ганарыцца тым, што быў прызнаны адным з найлепшых афіцэраў дывізіі.

— Наш камдыў заўсёды прад'яўляў высокія патрабаванні да асабовага складу, строга сачыў за дысцыплінай і баявой падрыхтоўкай, — успамінае Уладзімір Данчанка. — Можа, таму страты ў нашай 108-й мотастралковай дывізіі былі меншыя, чым у іншых.

У Савецкі Саюз афіцэр Данчанка вярнуўся не адзін — яго суправаджала старшы сяржант медыцынскай службы Таццяна, якая стала сапраўдным анёлам-ахоўнікам. Дарэчы, яны былі не адзіныя, хто сустрэў другую палавінку ў Афганістане. Сёлета ў пары Данчанкі два юбілеі: восенню споўніцца 35 гадоў, як Уладзімір і Таццяна пазнаёміліся ў Кабуле, а 23 лютага дзесяцігоддзе адзначыць іх унучка Даша. «Двое дзяцей падарылі нам пакуль трох унукаў, але мы з Таццянай Іванаўнай спадзяёмся на большае», — усміхаецца Уладзімір Віктаравіч. Дарэчы, сяржант медыцынскай службы на радзіме працягнула стаяць на варце здароўя землякоў — працоўны стаж Таццяны Данчанкі ў сферы аховы здароўя налічвае амаль чатыры дзесяцігоддзі.

Гарачае дыханне Чарнобыля

Калі адбылася кастрофа на ЧАЭС, Уладзімір Данчанка служыў у Афганістане. Пасля вяртання ў 1988 годзе ён быў назначаны намеснікам камандзіра акруговага батальёна дэгазацыі і дэзактывацыі ў ваенным гарадку Аколіца. Літаральна праз месяц ён адправіўся ў раён зоны адчужэння. Служыць у небяспечнай чарнобыльскай зоне таксама падахвоціўся сам.

— Месца на мяжы Хойніцкага і Брагінскага раёнаў, дзе павінна была базіравацца опергрупа, знаходзілася ўсяго за чатыры кіламетры ад маёй роднай вёскі Дуброўнае, — тлумачыць адну з прычын свайго рашэння Уладзімір Данчанка. — Штодня мы выязджалі ў 30-кіламетровую зону і праводзілі дэзактывацыю аб'ектаў, кантралявалі цэласнасць агароджы і выконвалі іншыя дзеянні.

Калі пры чарговым замеры атрыманай дозы радыяцыі высветлілася, што ўзровень персанальнага радыяцыйнага апрамянення дасягнуў гранічна дапушчальнай дозы, афіцэр Уладзімір Данчанка пакінуў небяспечную тэрыторыю. Але месяц працы ў непасрэднай блізкасці ад рэактара не прайшоў бясследна: яшчэ зусім маладому чалавеку ўстанавілі артыкул 18 ліквідатара ЧАЭС і групу інваліднасці, звязаную з Чарнобылем...

Усім нягодам насуперак

Уладзіміру Данчанку прыйшлося кінуць выклік лёсу трэці раз: вакол кіпела мірнае жыццё, і ён проста не меў права застацца на абочыне. Малады чалавек паступіў на юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны.

— Я быў самым старэйшым па ўзросце студэнтам дзённага аддзялення ва ўніверсітэце, — з усмешкай успамінае той жыццёвы перыяд Уладзімір Данчанка. — Мяне падганяла адна думка: я сямейны чалавек і павінен забяспечыць сваёй каханай годнае жыццё. Акрамя таго, юрыспрудэнцыя аказалася вельмі цікавай і займальнай навукай: прымушае шмат думаць, аналізаваць і пастаянна развівацца.

Пасля заканчэння ВНУ воін-інтэрнацыяналіст і ліквідатар наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС больш за 20 гадоў працаваў па набытай прафесіі ў розных дзяржструктурах. Падпалкоўнік у адстаўцы ўзначальваў Гомельскую гарадскую арганізацыю Беларускага саюза афіцэраў, быў старшынёй рэвізійнай камісіі абласной арганізацыі саюза. Таму да яго да гэтага часу па параду і юрыдычную дапамогу звяртаюцца ветэраны вайны ў Афганістане і члены іх сем'яў. І ўсім Уладзімір Данчанка дапамагае знайсці выйсце з цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Ірына ГРАМЫКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.