Вы тут

Беларускія баскетбалісты перамаглі ў Матчы зорак


У традыцыйным аглядзе расказваем самыя цікавыя спартыўныя навіны.


Узнагароды тыдня. Беларускія баскетбалісткі сталі ўладальніцамі ўзнагарод Матча зорак Асацыяцыі студэнцкага баскетбола (ААБ), які адбыўся ў расійскім Краснаярску. Юлія Васілевіч з «Гарызонта» стала пераможцай конкурсу баскетбольнага майстэрства Solemate Skіlls Challenge. Упершыню ў гісторыі Матчаў зорак адбылася гульня жаночых каманд. Зборная «Усходу», за якую гуляла прадстаўніца БК «МІНСК» Кацярына Ерамеева, перамагла каманду «Захаду» з вынікам 109:99. За мужчынскую каманду «Усход» выступаў гулец нацыянальнай зборнай 3х3 і «МІНСКА» Кірыл Васкаўцоў. З вынікам 113:112 «Усход» адолеў «Захад». У гэтым сезоне Асацыяцыі студэнцкага баскетбола выступаюць тры беларускія маладзёжныя каманды: мужчынская і жаночая «МІНСК» і жаночая «Гарызонт-РЦАП».

Тэма тыдня. Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэта дапусціў вяртанне на міжнародныя старты расійскіх і беларускіх спартсменаў у нейтральным статусе. У сваёй заяве выканкам МАК адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга перашкаджаць у спаборніцтвах толькі з-за яго пашпарта. Таксама ў заяве сказана, што трэба дадаткова вывучыць магчымасць удзелу спартсменаў з расійскімі ці беларускімі пашпартамі ў спаборніцтвах у строгіх умовах. Канчатковае рашэнне пакуль не прынятае.

Магчымае вяртанне беларусаў і расіян на спартыўныя арэны ў нейтральным статусе падтрымаў Алімпійскі камітэт Канады. Але — пры асаблівых умовах. Пра гэта заявіў кіраўнік Алімпійскага камітэта Канады Дэвід Шумейкер: «Мы прызнаём, што рашэнне аб выключэнні спартсменаў толькі з-за іх нацыянальнасці супярэчыць асноўным прынцыпам алімпійскага руху».

Новы кіраўнік Алімпійскага і паралімпійскага камітэта ЗША (USOPC) Джын Сайкс адзначыў, што Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) павінен прадоўжыць вывучаць магчымасць допуску да Алімпіяды-2024 у Парыжы нейтральных спартсменаў. Яго словы прыводзіць інфармацыйнае агенцтва Assocіated Press. Джын Сайкс адзначыў, што USOPC выслухаў меркаванні многіх амерыканскіх спартсменаў і прызнае іх жаданне спаборнічаць з лепшымі атлетамі свету — але толькі пры ўмове гарантавання бяспечнай і сумленнай гульні. Ён назваў сітуацыю вельмі складанай. «Калі ўмовы нейтралітэту і бяспечнай, чыстай і сумленнай канкурэнцыі будуць выкананы, мы верым, што дух Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў возьме верх. Гэта і ў далейшым будзе нашым асноўным кірункам», — падкрэсліў Джын Сайкс.

Перамога тыдня. Беларуская тэнісістка Дар'я Шаўга стала пераможцай турніру ІTF у егіпецкім Шарм-эль-Шэйху з прызавым фондам $15 тыс. У фінале 19-гадовая тэнісістка абыграла прадстаўніцу Ганконга Хо-Чынг Ву. Вынік сустрэчы 4:6, 6:3, 6:3.

Гераіні тыдня. На велатрэку «Лакасфінкс» у Санкт-Пецярбургу завяршыўся чэмпіянат і Кубак Расіі па веласіпедным спорце, дзе ўдзельнічалі і беларускія спартсмены. На турнірах былі разыграны ўзнагароды ва ўсіх алімпійскіх дысцыплінах. На рахунку беларускай зборнай — шэсць медалёў. Галоўным трыумфатарам турніру стала Ганна Церах, якая выйграла індывідуальную гонку праследавання і омніум, а таксама ў пары з Анастасіяй Кіпцікавай была лепшай ў мэдысане. «Золата» ў камандай гонцы заваявалі нашы Ганна Церах, Анастасія Кіпцікава, Аліна Абраменка, Ірына Чуянкова і Таісія Насковіч. Анастасія Кіпцікава стала бронзавым прызёрам у індывідуальнай гонцы, а Таісія Насковіч і Ірына Чуянкова заваявалі «бронзу» ў мэдысане.

Каманда тыдня. Хакеісты бабруйскага «Дынама-Шынніка» выігралі трэці матч запар у Маладзёжнай хакейнай лізе. У заключным матчы выязной серыі бабруйскія хакеісты сустрэліся з маскоўскімі «Крыламі Саветаў». Вынік матча — 4:2. Дзякуючы трохматчавай пераможнай серыі падапечныя Андрэя Міхалёва выйшлі на 2-е месца ў «сярэбраным» дывізіёне Захаду, у агульнай табліцы канферэнцыі наша каманда з 62 баламі займае шостае месца сярод 19 калектываў. Далей «Дынама-Шыннік» чакае дамашняя серыя з шасці гульняў, якая стартуе 14 лютага матчам супраць падмаскоўнага «Атланта».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.