Вы тут

«Люблю сваю работу за пастаяннае пачуццё палёту»


Кожны з нас, мабыць, некалі марыў навучыцца лётаць у аблоках, як птушка. Для большасці гэтая мэта так і засталася недасягальнай, але дваццацічатырохгадовы парашутыст з Мінска Вадзім Ткачоў змог не толькі сам пакарыць абшары неба, але і ажыццявіць мару вольнага палёту соцень людзей.


— У парашутны спорт я трапіў зусім выпадкова. Аднойчы па дарозе ва ўніверсітэт мне сказалі, што ідзе набор у мінскім аэраклубе ў адпаведную секцыю. Мяне гэта зацікавіла, таму прыйшоў на першы занятак. Шчыра кажучы, не асабліва верыў, што гэтаму віду спорту можна навучыцца бясплатна, думаў, што парашутызм — для людзей ваенных або заможных, якія могуць дазволіць сабе скачкі з самалёта, але, як аказалася, у нас ёсць бюджэтная праграма, на якую я і трапіў. Сама яна была складзена на сорак гадзін і змяшчала розныя напрамкі. Напрыклад, мы вывучалі матэрыяльную частку парашута, асновы скачка і многае іншае. Пасля заняткаў здаецца залік і навучанне лічыцца паспяхова завершаным.

Свой першы скачок Вадзім запомніў на ўсё жыццё. І, нягледзячы на распаўсюджаны міф аб тым, што першы палёт здзяйсняюць заўсёды з інструктарам, дэбютаваў у небе самастойна.

— Быў яркі сонечны дзень, неба — абсалютна бясхмарнае, проста ідэальнае надвор'е для скачка. Больш за ўсё мне запомнілася пачуццё, калі пакідаў самалёт. Заплюшчваю вочы, але сонца настолькі яркае, што праз павекі пранікае, і атрымліваецца такая ружовая заслона. Потым адкрываю парашут і атрымліваю асалоду ад скачка і відаў вакол мяне. Страху не было абсалютна, бо яшчэ перад пачаткам я візуалізаваў у сябе ў галаве скачок і з нецярпеннем яго чакаў.

Прайшоўшы курс навучання па парашутным спорце, наш герой уцягнуўся ў справу. Ён вырашыў развівацца ў гэтым напрамку. Стаў не толькі сам удасканальвацца ў скачках як спартсмен, удзельнічаючы ў розных спаборніцтвах і нават атрымліваючы прызавыя месцы, але і вырашыў асвоіць прафесію інструктара пасля заканчэння ўніверсітэта і службы ў дэсантных войсках.

— Вылучыць, што самае складанае ў рабоце інструктара па парашутным спорце, дастаткова складана. Я  сказаў бы, што гэта ў цэлым не просты занятак. Калі я ўжо прыступіў да гэтай работы, зразумеў, што мне не хапае некаторых ведаў. Напрыклад, адна справа, калі ты ўкладваеш парашут сабе і потым яшчэ нехта гэта правярае, і зусім іншая, калі ты ўкладваеш камусьці і правяраеш яго сам, пры гэтым цалкам беручы адказнасць за жыццё чалавека. Таму прыйшлося ўдасканальваць свае навыкі, ацаніўшы іх, так скажам, ужо з боку інструктара, а не проста спартсмена.

З новай пасадай наш герой набыў і новыя абавязкі, якія, як правіла, залежаць ад жадання кліента. Калі чалавек тэлефануе ў аэраклуб, у яго заўсёды ўдакладняюць: суразмоўнік хоча здзейсніць тандэм-скачок ці самастойны палёт. Калі выбірае другі варыянт, то для пачатку ён павінен наведаць заняткі, на якіх інструктар азнаёміць з
тэорыяй і практыкай, дапаможа падпісаць дагавор, праверыць медыцынскую даведку, надзець усю экіпіроўку, праверыць парашутную сістэму і толькі пасля гэтага дапусціць да скачка. Калі выбіраюць тандэм-скачок, тут усё прасцей. Інструктар расказвае тэхніку бяспекі, падрыхтоўвае ўсё да скачка, зноў жа правярае медыцынскую даведку і непасрэдна з кліентам ажыццяўляе парны скачок.

— Цяпер вельмі вялікі попыт на скачкі ў тандэме. Шчыра кажучы, мне больш падабаюцца адзіночныя, але ў тандэме людзі адчуваюць сябе больш бяспечна, ды і ўмовы надвор'я для такога скачка падабраць лягчэй. А вось вышыня, дарэчы, у тандэмных большая — дзве тысячы пяцьсот метраў, тады як у адзіночных — восемсот метраў. Але і там, і там упершыню людзі атрымліваюць каласальнае задавальненне і запамінаюць гэтыя ўражанні на ўсё жыццё.

На жаль, не кожны чалавек зможа дазволіць даставіць сабе такое задавальненне, і пытанне тут нават не ў фінансавым плане. Як ужо згадваў раней Вадзім, кожны ахвотны перад скачком павінен прынесці інструктару даведку аб стане здароўя, асабліва пільна яна разглядаецца пры самастойных скачках. Гэтак жа ў тандэмных скачках існуе такое паняцце, як перавага, калі кліент важыць нашмат больш, чым інструктар, тады апошні мае права адмовіць у скачку, калі разумее, што гэта можа быць небяспечна. А вось па ўзросце абмежаванні не такія строгія. Напрыклад, скачкі ў тандэме можна здзяйсняць з васьмі гадоў, а адзіночныя — з пятнаццаці, натуральна з дакументальнага дазволу бацькоў.

— Часта перад палётам у людзей узнікае страх: «а раптам парашут не раскрыецца?», але парашутная тэхніка дастаткова сур'ёзна правяраецца па некалькі разоў, і нават калі падчас скачка раптам нешта пойдзе не так, то запасны парашут заўсёды ў працоўным стане. Але не буду хаваць, траўмы ў гэтай справе ўсё ж такі здараюцца, але не падчас палёту, а пры прызямленні. Напрыклад, чалавек з вагой у пяцьдзясят кілаграмаў зробіць канчатак палёту нашмат плаўней, чым з дзевяноста. Хоць зноў жа ўсё яшчэ можа залежаць ад фізічных магчымасцяў.

Работа інструктара парашутнага спорту ўключае і навыкі псіхолага. Кожны чалавек па-рознаму рэагуе на новыя ўражанні, камусьці хапае агульнай падтрымкі, а некаму трэба ўдзяліць асобную ўвагу і падтрымаць у такі адказны момант.

— Хтосьці прыходзіць у парашутны спорт у пошуках адрэналіну. Іншыя, наадварот, знаходзяць у вольным падзенні ў нябёсах свой спакой, некаторыя жадаюць удасканальвацца як спартсмены, адточваючы навыкі скачкоў і акрабатыкі. Я шчаслівы, што ў мяне такая прафесія, у якой са мной увесь час пачуццё палёту і нейкай свежасці. Ну і, вядома ж, мне вельмі падабаецца, што кожны раз людзі ў скачку са мной у тандэме вызваляюцца ад страху вышыні ці выконваюць мару ўсяго свайго жыцця, атрымліваючы непадробныя эмоцыі.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзена героем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.