Вы тут

Літаратурная дыпламатыя. Напамін пра добрае сяброўства


У анталогіі «Вясёлка», якая толькі што пабачыла свет, з’явіўся новы пераклад верша народнай паэтэсы Узбекістана Зульфіі. «Калі сябра табе руку падаў» — такую назву носіць гэты твор. А перакладчык — вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік Генадзь Аўласенка, які жыве на Міншчыне, у Чэрвені. 


... У гады Вялікай Айчыннай вайны вялікая група прадстаўнікоў маладой беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі знаходзілася ў эвакуацыі ў Ташкенце. Сярод гэтай грамады была і сям’я народнага песняра Якуба Коласа. Ташкент стаў сапраўдным родным домам для пісьменніка. У Ташкенце друкаваліся на рускай і ўзбекскай мовах яго творы. Выйшлі дзве кнігі. У сталіцы Узбекістана Колас пасябраваў, пазнаёміўся і з многімі дзеячамі культуры, пісьменнікамі. У тым ліку — і з таленавітым маладым творцам — паэтэсай Зульфіёй. Знаходзілася ў эвакуацыі і беларуская дзіцячая пісьменніца Эдзі Агняцвет. І ў яе склаліся добрыя стасункі з узбекскай калежанкай па літаратурнаму цэху. Так беларусы і беларускасць увайшлі ў дом Зульфіі, у яе свядомасць. 

Пасля вайны паэтэса не аднойчы прыязджала ў Мінск, вандравала па розных куточках нашай Беларусі. Напісала некалькі «беларускіх» вершаў. У Мінску пабачыла свет дзве кнігі Зульфіі ў перакладзе на беларускую мову. Ды і сама паэтэса пераклала на ўзбекскую мову вершы паэтаў Беларусі. 

Цяпер вось, магчыма, з’явіцца трэцяя «беларуская» кніга народнай паэтэсы Узбекістана. Ладную падборку вершаў Зульфіі, адрасаваных дзіцячаму чытачу, пераклаў на беларускую мову Генадзь Аўласенка. Вось адзін з твораў будучай кнігі — «Рубаб у Артэку»: 

Сёння дзень на цуды здатны,

Сонца ў небе танчыць лоўка.

Алішэр — спартсмен, выдатнік —

У Артэк ляціць з путёўкай.

 

Як жа тут не весяліцца!

Самалёт у Крым імчыцца,

І рубаб, як сябар верны,

Неразлучны з Алішэрам.

 

Вось Мядзведзь-гара, дзе мора

Сінь нябёсаў паўтарае.

Песні, жарты, смех, гаворка

Тут да ночы не змаўкаюць.

 

Хвалі б’юць аб бераг з сілай,

Пыршчуць пенай вадзяною.

Ды стаіціь скала-асілак,

Ёй не страшны гнеў прыбою.

 

Вецер, ты паслухай толькі

Рытмы андыжанскай полькі.

Струны Алішэр кранае

І рубаб звініць, спявае.

 

Выйшаў тут у круг вясёлы

Смуглатвары госць іспанскі...

Дзеці з Бірмы і з Анголы

Танчаць танец андыжанскі.

 

З усяго, здаецца, свету

Тут Артэк гасцей збірае.

Карагод вядзе планета,

Алішэр ёй польку грае.

 

І над Чорным морам слаўным

Ад світанку да змяркання

Песня чуецца рубаба,

Як Ташкента прывітанне.

Рубаб — назва ўсходняга музычнага інструмента. Узбекскі хлопчык Алішэр — і герой верша, якому знайшлося месца ў анталогіі «Вясёлка»: «Розныя на свеце ёсць дарогі./ Цяжка выбраць, хто б што ні казаў.../ Алішэр малюе вельмі многа./ Ён і мне карціну напісаў./ Вось таую:/ на пярэдняй парце/ Побач двое сябрукоў сядзяць./ І стаіць дзяўчынка каля карты.../ На дзяўчынку хлапчукі глядзяць». 

Нагадаем, што Зульфія, якая пісала і для дзяцей, і для дарослых, — ураджэнец Ташкента. Пачатак яе жыццяпісу — 1 сакавіка 1915 года. Закончыўшы педагагічнае вучылішча, Зульфія працавала ў рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Першая кніга таленавітага маладога аўтара пабачыла свет у 1932 годзе — «Старонкі жыцця». Зульфіі тады было ўсяго 17 гадоў... У 1984 годзе народнай паэтэсе Узбекістана было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. За кнігу вершаў «Радкі памяці» і цыкл твораў «Вясёлка» Зульфія адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР. Пайшла з жыцця паэтэса ў жніўні 1996 года, пакінуўшы багатую творчую спадчыну. На Алеі літаратараў у Ташкенце з 2017 года стаіць бронзавы помнік Зульфіі... Мне нядаўна давялося пабываць у сталіцы Узбекістана — і я на свае вочы бачыў, як шануюць светлае імя вялікай пісьменніцы, чый лёс звязаны і з Беларуссю. 

... У сакавіку 2023 года на традыцыйнай Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы (XXX па ліку! юбілейнай!) краінай — Цэнтральным экспанентам павінен быць Узбекістан. Мо да гэтага часу і ўбачыць свет новая «беларуская» кніга Зульфіі?!. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.