Вы тут

У «Акадэмкнізе» 14 снежня Іван Кірчук прэзентаваў сваю новую кнігу «Кветка Перуна»


У «Акадэмкнізе» 14 снежня фалькларыст, пісьменнік і музыка Іван Кірчук прэзентаваў сваю новую кнігу «Кветка Перуна». У выданне, над якім даследчык працаваў ажно 40 гадоў, увайшлі музычныя матэрыялы — ноты і аўдыязапісы, сцэнарыі абрадаў, святаў, казак, гульняў і тэатралізаваных прадстаўленняў, якія былі распрацаваны на аснове беларускага фальклору. «Кветка Перуна» ўпрыгожана фотаздымкамі народных абрадаў, зробленымі як самім аўтарам, так і Альфрэдам Мікусам, Уладзімірам Урбановічам і Максімам Шуміліным.


Падчас музычнай імпрэзы Іван Кірчук распавёў наведвальнікам аб старажытных інструментах, а таксама прадэманстраваў іх у дзеянні. Знайшлося месца і эксперыментам: напрыклад, адзін з майстроў зрабіў дудачку з... ножкі для тэлевізара. Аб тым, якімі інструментамі карысталіся нашы продкі, чытайце ў матэрыяле «Звязды».

— За 40 гадоў я сабраў два ўласных музеі, якія складаюцца не толькі з вырабаў беларускіх майстроў, але і з музычных інструментаў з розных краін свету. Тут трэба падзякаваць гурту «Троіца», таму што за 25 гадоў існавання мы праехалі сто міжнародных фестываляў ад Малайзіі да Чылі, — распавёў падчас прэзентацыі Іван Кірчук. — Але сёння я дэманструю вырабы беларускіх майстроў, якія да гэтага часу працягваюць свой творчы шлях. Я прывёз сюды тыя інструменты, якія заўсёды паказваю сваім студэнтам: неабавязкова набываць дарагія рэчы, можна проста ўзяць тое, што пад рукамі.

Калядныя гукі

Музыка распавёў, што раней людзі ігралі на капытах быкоў, кароў і коз. І сапраўды, іх гучанне нагадвае тупат капытоў па заледзянелай дарозе. Продкі таксама «здабывалі» музыку з высушанай шкарлупіны грэцкіх арэхаў. Лічылася, што такія інструменты адганялі нячысцікаў. Часта яны гучалі ў хатах падчас калядаў:

— На арэхах варажылі. Трэба было выцягнуць з мяшка жменю арэхаў і падлічыць колькасць: калі цотны лік — выйдзеш сёлета замуж, а калі не цотны — лепш не спадзявацца. Акрамя таго, лічыцца, што гэта першае дрэва, якое накарміла маленькага Ісуса. У старадаўнія часы па два арэхі давалі дзецям, якія ішлі на вячоркі шукаць сябе пару: калі хлопцу спадабалася дзяўчына, трэба было даць ёй арэх, — падзяліўся Іван Кірчук.

Абярэгі ад злых духаў

Справіцца з негатыўнай энергетыкай, або старажытнымі нячысцікамі дапамагала каса, на якой продкі таксама ігралі, і шархуны — бразготкі, якімі ўпрыгожвалі конскую вупраж.

— Гэты інструмент выступаў у якасці абярэгу: падчас вяселля шархуны вешалі на коней, і тыя адганялі не толькі нячысцікаў, але і ваўкоў, — распавёў музыка.

Подых продкаў

Вельмі папулярным матэрыялам для стварэння інструментаў была гліна. Людзі лічылі, што маленькія гліняныя птушкі-свістулькі перадавалі прывітанне ад далёкіх продкаў, якія вясной прыляталі павітацца ды паглядзець, як жывуць іх нашчадкі.

— Гэтых свістулек з розных краін свету я прывёз даволі шмат. У іх увабраны ўсе стыхіі: з зямлі дасталі, у вадзе сляпілі, у агні абсмалілі, а чалавек, які іграе — удыхае ў іх паветра.

Зрабі сам

Іван Кірчук распавёў, што кожны чалавек пры жаданні можа стварыць музычны інструмент уласнаручна, для гэтага спатрэбіцца толькі чарот — звычайная высушаная трава, у якой неабходна зрабіць дзірачкі.

— Многія з вас памятаюць тэлевізары на ножках: майстар Аляксандр Блахін з Ліды зрабіў такі незвычайны інструмент з ножкі — так што не ўсё трэба выкідваць, — здзівіў наведвальнікаў музыка.

Скрыпка з дзьмухаўцоў 

Існавала і існуе так званая «гусельная дрымота»: калі такі музычны інструмент клалі на цела хворага чалавека, за кошт вібрацый струн чалавек лячыўся. Зараз гэты інструмент таксама распаўсюджаны ў Беларусі:

— Першая песня, якая ў мяне атрымалася з гуслямі, была балада пра цмока. Я запісаў яе ў 1983 годзе ў вёсцы Старыя Юркавічы. Калі я зайшоў у хатку да Ірыны Брагінец, яна сядзела на печцы. Я спытаўся: «Ці ведаеце вы баладу пра цмока?» І яна адразу заспавяла, не дачакаўшыся, уключыў я магнітафон, ці не, — падзяліўся гісторыяй фалькларыст.

На працягу чатырох пакаленняў сям’я Жукоўскіх вырабляла скрыпкі, басы і альты. Іван Кірчук сустрэўся з майстрам Усеваладам Жукоўскім у 1995 годзе:

— Тады ён мне сказаў, што нашы беларускія струнныя інструменты лепшыя за італьянскія. На мой запыт, чаму, ён распавёў, што ў карпусах італьянскіх скрыпак вулканічны попел, а ў нашых — дзьмухаўцы, таму што іх пакрывалі лакам з гэтых кветак.

Напрыканцы сустрэчы музыка адзначыў, што ўсё пачутае падчас імпрэзы можна будзе знайсці на старонках кнігі «Кветка Перуна»:

— У яе ўвайшлі абрады нашых бабуль і дзядоў, той багаты, мудры матэрыял, які, на жаль, не так добра перадаецца. Тут зафіксаваны і нашы першыя экспедыцыі, абрады, батлейка, казкі. Мне вельмі прыемна, што гэтае выданне пабачыла свет: кожная народнасць мае сваю асаблівасць, але ўсе мы жывем на адной планеце, культуры ўзаемадзейнічаюць. Напрыклад, у афрыканскіх узорах ёсць беларускія арнаменты, а самі афрыканцы спяваюць як нашы валачобнікі: адзін запявае, а астатнія падхопліваюць. Такога, пры жаданні, можна заўважыць шмат, трэба толькі звяртаць увагу. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.