Вы тут

«Муры, Том і дырыжаблік» і «Прыгоды дамавічкоў»


Маргарыта Латышкевіч. Муры, Том і дырыжаблік. Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2022.


У горадзе Котсвілі ў дамку з чырвонай цэглы жыве пухнатае сямейства Коткінсаў — мама, тата і двое кацянятаў: Муры і Том. Брат і сястра, як усе дзеці, дужа цікаўныя і любяць таямніцы ды прыгоды. І аднойчы іх напаткала сапраўдная прыгода. Тата пухнацікаў, капітан самага вялікага дырыжабля, невытлумачальным чынам знік разам са сваім паветраным суднам, усёй камандай і каштоўнымі экспанатамі, якія вёз з Егіпта ў Котсвіль на Вялікую выставу. І пакуль паліцыя ладзіць расследаванне, кацяняты бавяцца ў Егіпецкім павільёне выставы. Сярод экспанатаў Том знаходзіць дзівосны слоік, які нагадвае цацку (але гэта зусім не цацка!). А затым кацяняты знаёмяцца са жрыцай багіні-коткі Баст — Сешат і з чараўніком лордам Алертанам, кожны з якіх палюе на чароўнае Вока Месяца. Каму дастанецца містычная каштоўнасць? Чаму нельга будзіць багіню-котку Баст? І дзе, нарэшце, капітан Коткінс з яго экіпажам? Той, хто прачытае казачную аповесць Маргарыты Латышкевіч, атрымае адказ на ўсе пытанні. 

Абазнанасць аўтаркі ў свеце міфалогіі, уменне будаваць сюжэт здольныя стварыць для чытачоў сапраўды займальнае падарожжа ў казачны свет. Яшчэ адна прычына ўзяць у рукі кнігу «Муры, Том і дырыжаблік» — цудоўныя ілюстрацыі мастачкі Дар’і Чарняўскай.

Ягор Конеў. Прыгоды дамавічкоў. Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2022

У нашых продкаў лічылася, што дамавік жыве ў кожнай хаце і ахоўвае яе ад розных напасцяў. Звычайна ён хаваецца ад людскіх вачэй, але калі надараецца небяспека, абавязкова з’явіцца і абароніць гаспадароў. У сяле Зарэчча ў дамку на ўскраіне жывуць двое дамавічкоў — Шушык і Жуля. Кожная са створаных Ягорам Коневым забаўных і дасціпных істот мае свой характар: працалюбівы Шушык сочыць за парадкам, змятае пыл, прыбірае раскіданыя дзецьмі цацкі, а гультаяватая Жуля вечна шукае прыгод на сваю галаву. Жуля не толькі прыроджаная авантурыстка і фантазёрка, але і натура творчая: пляце файныя цацкі з саломы. Яе здольнасці не раз выратуюць дамавічкоў у крытычных сітуацыях, калі трэба праявіць кемлівасць. А Шушык не толькі абачлівы і разважлівы гаспадар, але і з захапленнем вывучае іншыя мовы: гусіную, каціную, сабачую, бо «калі ты разумееш іншых, а яны — цябе, то свет становіцца не страшным месцам, а ўтульным». З кнігі можна даведацца, хто такі Хлеўнік і каго ён баіцца, якім чынам Лесавік зносіць у сваё лясное царства дзяцей. А яшчэ гэтая кніга пра сяброўства, давер, смеласць і ўменне прымаць іншых такімі, якімі яны ёсць. 

Ягору Коневу, які добра ведае беларускі фальклор, удалося стварыць па-сапраўднаму цікавых, жывых і запамінальных герояў. Сведчанне таму — вялікі попыт, якім карыстаецца кніга. Чытачы з нецярпеннем чакаюць працягу аповеда пра Шушыка і Жулю. 

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Аб спорце, сакрэтах замужжа, выхаванні дзяцей, прыгажосці і здаровых звычках ў інтэрв’ю. 

Культура

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак можа быць прыкладам у тым, як ствараць свой лёс.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​