Вы тут

«Гучы» з кучы


За тры рублі — не. Але за пяць або дзесяць — рэальна... Кажуць, знешні выгляд чалавека (і асабліва жанчыны) прама прапарцыянальны сумам, якія ён (яна) укладвае ў сваю знешнасць, і ў тым ліку ў адзенне. Гэта так, асабліва з узростам. І ўсё ж, калі вы валодаеце добрым густам і ж цвёрдым жаданнем берагчы навакольнае асяроддзе, а сродкамі — не вельмі, тады цалкам магчыма апранацца ў «сэкандзе» і выглядаць хай не шыкоўна, але (прыклаўшы фантазію і вышэйзгаданы мастацкі густ) стыльна і індывідуальна.


Пра тое, як разумна «шопіцца» ў крамах адзення «з другіх рук», мы ўжо пісалі. Сёння наш шлях — на самы ніжні ярус індустрыі продажу адзення «з рук у рукі» — на барахолку. І першае, што прыходзіць у галаву ў гэтай сувязі, — знакамітае «поле цудаў». Падыходзіць такое не ўсім. Прыйдзецца адкінуць грэблівасць, а восенню і зімой — яшчэ і не баяцца холаду і ветру. Ва ўзнагароду ж — непаўторны, скажам так, культурны вопыт і, безумоўна, яркія ўражанні.

Так, «поле цудаў» яшчэ жывое і нават, можна сказаць, квітнее. Адзін з сімвалаў Мінска перш знаходзіўся насупраць гандлёвых павільёнаў рынку «Лебядзіны», за аўтадарогай. Сёння там будуюць новы квартал, частка «Лебядзінага» пераехала ў Табары, але «поле цудаў» аказалася жывучым: змяніла дыслакацыю (цяпер яно размешчана практычна каля МКАД) і зноў збірае сотні пакупнікоў.

Эканомія і/або свядомасць

«Блышыныя рынкі» — сусветная з'ява. Яны вядомыя ў Еўропе з XVІ стагоддзя (найстарэйшы з тых, што дажыў да нашых дзён, — у Францыі). На хвалі экамоды галівудскія зоркі, якія зарабляюць мільёны долараў, любілі выхваляцца ў сетцы тым, што той ці іншы вытанчаны нарад або стыльны аксесуар яны знайшлі на барахолцы. На еўрапейскіх «блышыных рынках» артыстычныя натуры любілі купляць рознага роду дэкор для дома. Здаралася — такія гісторыі, напэўна, чытаў кожны, — там за капейкі набываліся рэчы, якія пасля аказваліся оbjet d'art і рабілі сваіх гаспадароў багатымі. Доўгі час мінскае «поле цудаў» было класічным прадстаўніком гэтага кірунку — там можна было адшукаць і тэлефонны апарат «з савецкага кіно», і старадаўні самавар, і настольны бюст Уладзіміра Ільіча, і старажытны прайгравальнік для пласцінак. Цяпер усё пацяснілі рады сэканд-хэнд-адзення.

Кажуць, багатыя тут не ходзяць. Гэта не зусім дакладна. Заглядваюць на «поле цудаў» і стыльныя дзяўчаты, і нават госці сталіцы (не ведаю, ці можна назваць гэтых людзей багатымі, але, прынамсі, на адзенне з мас-маркета ў іх, напэўна, хапіла б матэрыяльных рэсурсаў). Навошта гэта дадзеным катэгорыям пакупнікоў — пытанне. Вінтажнай «бабулінай брошкі» або шляхетнага капялюшыка мінулага стагоддзя (каб пахваліцца ў Іnstagram абноўкай на манер галівудскай дзівы) тут дакладна не знойдзеш. Але, можа быць, справа ў прынцыпе?

Паводле статыстыкі, калі непасрэдна зараз уся сусветная лёгкая прамысловасць перастане выпускаць новыя адзенне і абутак, таго, што ўжо пашыта, хопіць свету мінімум на паўстагоддзя. Між тым кожны год з'яўляюцца ўсё новыя і новыя модныя калекцыі, іх тыражуюць у дарагіх і танных варыянтах і развозяць па буціках і крамах масмаркета, якія ў пачатку кожнага сезона вызваляюць паліцы ад нераскупленых старых калекцый для новага барахла. Гэтак жа робяць модніцы: пазбаўляюцца старога, каб накупляць новага. Але што адбываецца з гарамі адзення, якое так і не знайшло сваіх гаспадароў? Або перастала падабацца, захаваўшы пры гэтым «таварны выгляд»? Сінтэтычныя тканіны раскладаюцца стагоддзі, ды і сучасныя натуральныя — не сказаць каб хутка, фарбавальнікі выпарваюцца ў паветра, забруджваючы атмасферу. І жаданне парадаваць сябе шопінгам для некаторых пераходзіць з плоскасці матэрыяльнай у дылему маральную... Тут якраз і дапамагае рынак адзення «з рук у рукі». І эканомія, і менш шкоды для навакольнага асяроддзя. Модныя аналітыкі сцвярджаюць, што ідзе «эра сэканд-хэнду» — другаснае спажыванне ўжо ўвайшло ў моду па ўсім свеце, і гэтая мода, хутчэй за ўсё, не сыдзе скора.

Хоць па знешнім выглядзе (які, вядома ж, зманлівы, і ўсё ж...) большасць наведвальнікаў мінскага «поля цудаў» прыехалі сюды не з высокіх маральных меркаванняў, а з жадання сэканоміць асабісты бюджэт.

«Усё па пяць»

Тут лёгка заблукаць у часе — ствараецца поўная ілюзія, што трапіў на рэчавы рынак пачатку 1990-х. Сігналы машын рэзка гасяць фонавы гул галасоў. Тыя ж абветраныя твары і тыя ж размовы прадаўцоў:

«...Дзень пастаю, прадам — і грошы ў кішэні...»

Тая ж прэзентацыя тавару. Паміж радоў ходзяць «зазывалы», выкрыкваюць хрыплай скорагаворкай асартымент і цэны:

— Штаны спартыўныя, плісавыя байкі па 15 рублёў! Новы прывоз тавару!

— Новенькі прывоз куртак па 25 рублёў! Сумачкі па дзясятачцы, кеды-красоўкі — таксама па 10 рублёў!

Такім чынам, цэнавы дыяпазон зразумелы адразу. Ёсць сталы, дзе ўсё па пяць рублёў, ёсць — дзе даражэй.

— Куртачкі, штаны і «гарналыжка» на гэтым століку па 5 рублёў. Шостая пара штаноў у падарунак, — паведамляе юны прадавец.

— Адкуль усё гэта?

— Адкуль я ведаю? У майго начальніка спытайце.

— А гэтыя рэчы неяк дэзынфіцыруюцца?

— Вядома, апрацоўваюцца заўсёды. Таму і пах такі цікавы, — адказвае юнак.

Сапраўды, у паветры, нягледзячы на вецер, адчуваецца ўстойлівы пах санітайзера.

— Па сутнасці, гэта сэканд, толькі менш адсартаваны, — тлумачыць ён.

Даражэйшы тавар часам у кучы, часам — прыгожа раскладзены на прылаўку. Напрыклад, натуральныя футры з нейкіх дагістарычных звяроў (ад 20 да 50 рублёў) развешаныя на стойцы. Падлетак на самакаце выпадкова чапляе плячом стойку.

— Ездзяць тут! — крычыць услед прадаўшчыца, але без асаблівай злосці.

Гаспадыня прылаўка трыкатажных сукенак (адну прадаюць нават за 70 рублёў!) таксама зрабіла спробу нейкага мэрчэндайзінгу. А вось курткі наваленыя на фанерным стале рознакаляровай гарой. У кучы капаюцца чалавек пяць наведвальнікаў. І часам выкопваюць сімпатычныя асобнікі. Мераць рэчы тут магчымасці няма — даводзіцца ўсё падбіраць «на вока».

— Адкуль прывозіце тавар?

— З-за мяжы, — выходзіць з «дзэну» прадавец, што дрэмле на раскладным стуле.

— З Польшчы?

— Чаму гэта? У мяне ўсё — Германія, Бельгія. Такая куртка 65 рублёў, ёсць і па 140.

— А я думала, усё па 20!

— Вунь туды ідзіце, там наогул усё па 5, — раіць дзядзечка, зноў сыходзячы ў сябе.

— Вы б павесілі прыгожа, а то здаецца, што ўсюды аднолькава...

— Каму трэба, і так купіць, — па-філасофску адказвае «будыст».

Міма гары ліфчыкаў, яшчэ больш высокай гары джынсаў і століка хатняга тэкстылю («Пледы, кілімкі, пасцельная бялізна, усё па 20, другая адзінка ў падарунак!») рухаемся далей. Увагу прыцягвае «куток байкера» — штаны і курткі рознай ступені паношанасці прадаюць па 30 рублёў за штуку.

— Так, гэта байкерская экіпіроўка — бачыце, з ахоўнымі кубкамі на каленях, — лёгка падтрымлівае размову пакупнік, які таксама вырашыў пацікавіцца. — Мяркую, у гэтым хтосьці ўжо падаў, прычым нядрэнна, — хлопец паказвае дзірку на тоўстай скуры штаноў на прылаўку.

Дрэнная прыкмета, кажу. Малады чалавек усміхаецца і паціскае плячыма.

— Новая такая экіпіроўка каштуе вельмі дорага, — тлумачыць ён. — Так што многія нашы байкеры экіпіруюцца тут.

Цэлы кут барахолкі адведзены пад дзіцячыя рэчы. Там тоўпяцца матулі, нехта — з каляскамі. Дзеці растуць хутка, а тут «усё па пяць». Памыў — і карыстайся, а парвецца — не шкада.

Што шукаць на «полі цудаў»?

Часам на «полі цудаў» з непрывабнай кучы рознакаляровых ануч можна выкапаць дастаткова якасныя рэчы і заплаціць за іх капейкі. Але капацца ў кучах «ад Гучы», як ужо гаварылася, хоча далёка не кожны. Шапаголік-радыкал здольны сысці з «поля цудаў» са мноствам абновак, некаторыя з якіх, цалкам магчыма, нават увойдуць у лік любімых рэчаў. Грэблівы перфекцыяніст наўрад ці прымусіць сябе дакрануцца да «чужых ануч», што патыхаюць дэзынфекцыяй. Але ў любым выпадку паход на «Рэчавы рынак па гандлі патрыманымі таварамі «Поле цудаў», як афіцыйна называецца месца (аб чым паведамляе шыльда) — гэта сапраўдная прыгода. Што можна параіць, калі вы ўсё ж рашыліся на шопінг там? Не варта шукаць нешта канкрэтнае. Гэта падобна на збор грыбоў або ягад: трымайце вочы раскрытымі і глядзіце, што спадабаецца. Выбірайце ўніверсальныя «базавыя» рэчы — без складанага аздаблення, прэтэнцыёзных дэталяў, махроў, канцэптуальных разрэзаў, бліскавак і вышыўкі. Глядзіце на якасць: за адну і тую ж цану на «полі цудаў» можна набыць і якасную рэч, і сапраўднае барахло. Адмоўцеся ад куплі рэчаў з любымі дэфектамі, нават невялікімі — існуе вялікая верагоднасць, што ліквідаваць гэтыя хібы не атрымаецца. І самае галоўнае: не варта купляць, калі рашэнне вы прымаеце зыходзячы выключна з нізкай цаны тавару. Падумайце, ці сапраўды вам патрэбна гэтая рэч, хай нават за некалькі рублёў?..

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.