Вы тут

На І-х Скалабанаўскіх чытаннях прадставілі выданні «Звязды»


17 лістапада ў Нацыянальным архіве Беларусі адбыліся першыя Скалабанаўскія чытанні — канферэнцыя, прымеркаваная да 75-годдзя слыннага архівіста, гісторыка, літаратуразнаўцы Віталя Скалабана, які пайшоў з жыцця адзінаццаць гадоў таму. У прывітальным слове дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк адзначыў, што Віталь Скалабан настолькі маштабны навукоўца, што безумоўна заслугоўвае, каб у ягоны гонар праводзіліся такія навуковыя форумы. Скалабанаўскія чытанні будуць адбывацца кожны год, і зробяцца больш маштабнымі. Намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Аляксей. Цвяткоў нагадаў, што першыя Скалабанаўскія чытанні адбываюцца ў Год гістарычнай памяці, а таксама ў год, калі адзначаецца 100-гадовы юбілей архіўнай службы Беларусі, і гэта вельмі сімвалічна.


— Сённяшнія чытанні таксама можна лічыць часткай юбілейных мерапрыемстваў. Выкарыстоўванне архіўных матэрыялаў сёння, як ніколі, спрыяе выхаванню патрыятызма, у гэтым юбілейным годзе архіўныя ўстановы здзяйсняюць шмат праектаў, якія вырашаюць глабальную задачу пашырэння доступа да дакументаў, і адным з флагманаў у гэтым накірунку з’яўляецца Нацыянальны архіў Беларусі. Супраць дакументальна зафіксаванай інфармацыі няма аргументаў, і гэта з’яўляецца дзейсным інструментам у асветніцкай працы. І Скалабанаўскія чытанні, якія праводзяцца сёння, з’яўляюцца адным з новых фарматаў працы, якую праводзяць архівы.

У дакладах закраналіся розныя бакі дзейнасці Віталя Скалабана. Наталля Калеснік, навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, распавяла пра сумесную працу са слынным архівістам над артыкуламі, якія тычацца перыяду станаўлення БССР. Інэса Дарагуш, загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання Нацыянальнага архіва, распавяла пра ўнікальныя дакументы, якія захоўваюцца ў фондзе Віталя Скалабана, у тым ліку тыя, што тычацца яго бацькі, вядомага краязнаўцы і педагога з Ляхавіч. Рэдактар аддзела культуры рэдакцыі газеты «Звязда» Людміла Рублеўская згадала, як ішла сумесная з Віталём Скалабанам праца над артыкуламі для газеты «Советская Белоруссия» пра Івана Замоціна, Мікалая Казюка, Максіма Танка, пра тое, што можна знайсці ў Скалабанаўскім фондзе № 500 Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва — вынікі росшукаў у фондзе друкаваліся на старонках газеты «Звязда». Толькі Віталь Скалабан з ягонай фенаменальнай памяццю і эрудыцыяй змог увязаць подпіс пад разгромнай рэцэнзіяй на «Сярэбраную табакерку» Змітрака Бядулі «Н.Казюк» з убачаным у нататніку Янкі Купалы запісам з тым жа прозвішчам. У выніку атрымалася правесці цікавае даследванне, дзякуючы якому ў гісторыю беларускай літаратуры было вернутае імя Мікалая Казюка, а таксама сустрэліся раскіданыя па свеце нашчадкі героя. Алена Макаранка, загадчык аддзелам інфармацыйна-пошукавых сістэм Нацыянальнага архіва, распавяла пра лёс цікавага праекта — «Народны архіў Беларусі». Праект узнік па ініцыятыве Віталя Скалабана і газеты «Советская Белоруссия», цяпер у ім шмат цікавых адзінак захоўвання са здадзеных грамадзянамі сямейных збораў. Архівіст Ганна Запартыка распавяла пра росшукі, якія правёў Віталь Скалабан датычна лёсу этнографа, краязнаўца Міколы Каспяровіча. Вядучы навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Ірына Мышкавец падрыхтавала даклад пра тыя адкрыцці, якія зрабіў Віталь Скалабан у багдановічазнаўстве. Менавіта ён высветліў, што псеўданім «Осьмак», якім былі падпісаныя некаторыя публікацыі, належыць Максіму Багдановічу, — на гэтае адкрыццё даследчыка наштурхнула такое ж прозвішча прабабулі Максіма, казачніцы Рузаліі.

Спадчына Віталя Скалабана настолькі разнабаковая і аб’ёмная, што дасць матэрыял яшчэ шмат для якіх даследаванняў — адзначыў Міхаіл Скамарошчанка, начальнік аддзела ідэалагічнага забеспячэння ўпраўлення кадравай палітыкі і ідэалагічнага забеспячэння Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь; старшыня Беларускага таварыства архівістаў.

Многія працы Віталя Скалабана пабачылі свет на старонках выданняў Выдавецкага дома «Звязда», з’явіліся ў выглядзе «звяздоўскіх» кніг. Дакладчыкі неаднаразова згадвалі пра трохтомнік «Купала і Колас, вы нас гадавалі...», дзе сабраныя ўнікальныя матэрыялы пра класікаў — адно са «звяздоўскіх» выданняў Скалабана. Падчас чытанняў удзельнікі маглі пазнаёміцца з выданнямі «Звязды» на адмысловым стэндзе. Там былі як кнігі Віталя Скалабана, так і іншыя навінкі выдавецтва, які можна было набыць.

Наступныя Скалабанаўскія чытанні адбудуцца ў 2023-м годзе.

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.