Вы тут

Новыя выстава ў НММ прысвечана гісторыі флорасімволікі


Пяшчотная рука Прасвятой Дзевы цягнецца да лілеі, якую падае ёй арханёл... Дзівосныя мальвы, рамонкі і браткі развінаюць шаўковыя пялёсткі на арнаце... Ружы, выразаныя з дрэва, аздабляюць царскія вароты, а вылепленыя з парцаляны, упрыгожваюць сервіз... У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць незвычайная выстава «Невядомае аб вядомым. Пра што кажуць кветкі».


На мове кветак з гледачом гаварылі мастакі ўсіх эпох. Глядач пагружаецца ў мора кветкавых сімвалаў, чытае таемныя пасланні, зашыфраваныя ў творах розных жанраў, можа прасачыць гісторыю флорасімволікі ў розных краінах і культурах. Ёсць шанец убачыць экспанаты з фондаў музея, якія раней не выстаўляліся, напрыклад, арнаты XIX стагоддзя. Яны знаходзяцца ў першай зале, дзе можна палюбавацца і на старажытныя абразы. Пышныя раслінныя гірлянды на іх, намаляваныя, выцесненыя ці выразаныя на рамах, сімвалізуюць рай. Белая лілея ўвасабляе бязгрэшную Дзеву Марыю, ружа ў руцэ маленькага Хрыста нагадвае пра яго будучыя пакуты…

У наступнай зале — карціны мастакоў розных эпох, ад фламандскага жывапісу XVII стагоддзя да Івана Хруцкага і прадстаўнікоў так званай Парыжскай школы Кікоіна, Любіча, Царфіна... «Марная марнасць» — так называўся ў XVIII стагоддзі від нацюрмортаў з кветкамі, які быў алегорыяй хуткаплыннасці жыцця, аднак талент мастака захаваў іх для вечнасці.

Кветкі можна пабачыць і на талерках, распісаных Пікаса ў ягоным непаўторным стылі, і на народных посцілках... Народнаму мастацтву прысвечана асобная зала. Выцінанкі, кашулі, ручнікі, саломка... Асобнае захапленне выклікаюць столінскія цікеткі — калі палешукі прадавалі насенне кветак, малявалі на маленькіх дошчачках, як будзе выглядаць расліна.

У апошняй зале — карціны сучасных мастакоў, Цвіркі, Жолтака, Каткова, Беляніцкага, Ахрэмчыка, Майсеенкі ды іншых майстроў. Для кагось кветкі — сімвал роднай зямлі, для кагось — алегорыя балючай памяці, або палкага кахання... Але першае, што прываблівае тут увагу — жывая кветка, якая на вачах развінае свае пялёсткі... На экране можна пабачыць у паскораных здымках працэс ператварэння бутона ў кветку. Варта пасядзець на лаўцы, сузіраючы адвечнае відовішча, памедытаваць пад ціхую музыку... І нават адчуць водар кветак. 

Выстава працягнецца да 13 лістапада, наведаўшы яе, абыякавым не застаняцеся.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.