Вы тут

Пагасціць у майстэрнях мастакоў змогуць усе


Беларускі саюз мастакоў днямі прэзентаваў старт новага навучальнага праекта, які дазволіць усім жадаючым зазірнуць у госці да творцаў гэтага аб’яднання. У суботу, 1 кастрычніка на Мастацкім камбінаце (вул. Някрасава 11) наведвальнікі пазнаёмяцца і пранікнуцца атмасферай творчых арт-прастор, убачаць мастакоў за працай (і змогуць нават паспрабаваць сябе ў якасці аўтараў) у іх майстэрнях. 


— Ідэя нашага праекта ў тым, каб раз на год ладзіць дзень адчыненых дзвярэй. Геалакацыю мы пакуль вызначаем на Някрасава, 11 і на Сурганава, 44, дзе знаходзіцца найбольшы збор нашых мастакоў. Сёння Мастацкі камбінат прасціраецца на 6 тысяч квадратных метраў, з якіх 2,5 тысячы займаюць мастакі саюза. Тут сканцэнтравана шмат майстэрняў, і вельмі цікавую гісторыю мае сам будынак. Раней на гэтым месцы была ўскраіна горада. На месцы скверу, які размяшчаецца побач, былі могілкі. У адной з майстэрняў захаваўся фундамент каталіцкай капліцы, яго таксама можна будзе ўбачыць, — распавёў старшыня ГА «Беларускі саюз мастакоў» Глеб Отчык. — А будынак, у якім зараз мы знаходзімся (Някрасава,11), быў першай майстэрняй народнага мастака Георгія Паплаўскага. Яна будавалася пасля вайны з верхнім святлом, па французскай тэхналогіі. І ўсе майстэрні, якія сёння знаходзяцца тут, унікальныя. У іх можна адчуць непаўторны мікраклімат, дзе мастакі ствараюць свае працы штодня. Таму, думаю, людзям будзе цікава зазірнуць у гэтыя памяшканні і адчуць усё ўжывую, а таксама пазнаёміцца з майстрамі сваёй справы. І, магчыма, гэта дасць імпульс і далейшай камунікацыі і развіццю.

Па задуме арганізатараў мерапрыемства, праводзіць такую сустрэчу збіраюцца кожны год у першую суботу кастрычніка. З часам пашырыцца спіс адрасоў, куды людзі змогуць прыходзіць, каб спазнаць «закуліссе» мастацкага працэсу. Бо майстэрні мастакоў размяшчаюцца па ўсім горадзе. Непасрэдна 1 кастрычніка дзверы майстэрняў будуць адчынены з 14 да 18 гадзін. Напярэдадні мерапрыемства наведвальнікам прадаставяць поўную інфармацыю адносна лакацый, дзе будуць чакаць аматараў выяўленчага мастацтва. 

— Такія праграмы вельмі важныя, таму што дазваляюць паказаць, хто такі мастак у сучасным грамадстве, дапамагаюць зразумець яго свет, — адзначыў скульптар Аляксандр Шапо. — Кожны творца і яго майстэрня непаўторныя. Мастакам заўсёды ёсць пра што распавесці. На такіх сустрэчах можа прысутнічаць публіка розных узростаў. І маючы магчымасць наведацца ў закрытую прастору творчага працэсу, варта ёю скарыстацца, таму што гэта дасць новыя ўражанні, эмоцыі, і даведацца штосьці новае.

Дадзены праект, можна сказаць, не зусім проба пяра, паколькі саюз мастакоў мае вопыт правядзення невялікіх экскурсій сумесна з Міністэрствам спорту і турызму для гідаў і экскурсаводаў сталіцы. Фармат такога ўзаемадзеяння апраўдаў сябе, і таму зараз яго хочуць зрабіць даступным для больш шырокіх колаў. Як адзначыў Глеб Отчык, калі ідэя знойдзе водгук, то можна будзе падумаць і пра іншую перыядычнасць сустрэч. Акрамя гэтага, ёсць у планах грамадскага аб’яднання і правядзенне сустрэч з элементамі майстар-класаў у школах, каб распавядаць дзецям пра мастакоў і іх працу. Дарэчы, добрую форму далучэння дзяцей да мастацтва рэалізоўваюць у адной са сталічных школ, дзе мастак вядзе гурток выхаднога дня. І старшыня саюза мастакоў выказаў думку, што было б добра распрацаваць сумесна з Міністэрствам адукацыі праграму, якая б давала магчымасць знаёміць дзяцей з галерэямі, музеямі, тэатрамі і праз сустрэчы з людзьмі, якія там працуюць.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.