Вы тут

Лётчыка Сцяпана Кавалёнка перапахавалі ў Бешанковічах


Лётчыка Сцяпана Кавалёнка з воінскімі ўшанаваннямі перапахавалі на малой радзіме ў Бешанковічах. У цырымоніі прыняла ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.


«Мінула столькі гадоў, а тая страшная вайна дагэтуль нагадвае аб сабе новымі фактамі, гісторыямі, падзеямі. У нашай краіне гэта бяда не абыйшла ні адну сям’ю, таму Беларусь заўсёды застаецца прыхільнікам міралюбівай знешняй палітыкі, выступае гарантам стабільнасці і бяспекі рэгіёнаў, прапаноўвае аб’яднаўчыя ініцыятывы», — сказала Наталля Качанава ў сваім выступленні.

Беларускі лётчык загінуў у паветраным баі 11 лютага 1943 года непадалёку ад пасёлка Кабардзінка. Скончыўшы Адэскую ваенную авіяйцыйную школу, ён быў старшым пілотам знішчальніка І-16. Бой у лютым 43-га, на які Кавалёнак выйшаў разам з яшчэ адным самалётам, стаў для 25-гадовага хлопца апошнім. Дома, у вёсцы Крывое Сяло Бешанковіцкага раёна, у яго засталіся маці і сёстры, яшчэ на дваіх братоў прыйшлі пахаванкі, а ён сам значыўся прапаўшым без звестак.

Летась расійскія пошукавікі непадалёк ад Геленджыка знайшлі рэшткі савецкага знішчальніка І-16 і астанкі пілота. Па нумарных дэталях самалёта ўдалося вызначыць, што баявая машына належала 116-му знішчальнаму палку 295-й знішчальнай авіядывізіі 5-й паветранай арміі, а баец, для якога месцам апошняга прытулку стала расійская зямля, — беларус малодшы лейтэнант Кавалёнак. За мужнасць і адвагу лётчык быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

 

Пры падтрымцы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі на мінулым тыдні ў Геленджыку прайшла цырымонія перадачы праха Сцяпана Кавалёнка беларускаму кіраўніцтву. Па словах старшыні Бешанковіцкага райвыканкама Галіны Унуковіч, якая ўвайшла ў склад дылегацыі ад Беларусі, мерапрыемства было асабліва кранальным, бо да ўдзельнікаў цырымоніі далучыліся беларусы, якія адпачывалі ў горадзе-курорце. Людзі, якія не чакалі сустрэчы з такім кранальным момантам, плакалі, і гэта былі слёзы агульнага болю і агульнай для ўсіх народаў страты. Учора на воінскім мемарыяле #4043 гарадскога пасёлка Бешанковічы адбылася жалобная цырымонія перапахавання з удзелам кіраўніцтва верхніх палат парламента абедзвюх дзяржаў, кіраўніцтва вобласці і раёна, прадстаўнікоў грамадскасці.

 

Выступаючы на цырымоніі, Наталля Качанава зрабіла акцэнт на супрацоўніцтве брацкіх краін і агульнай для нас гістарычнай памяці народаў Беларусі і Расіі. «У краінах так званага калектыўнага Захаду паднімаюць свае галовы рэваншысты. Яны люта змагаюцца з мінулым, забараняюць святкаванне Дня Перамогі, зносяць помнікі тым, хто адстойваў іх жа свабоду і незалежнасць, без сораму і сумлення падтрымліваюць шэсці ў гонар ветэранаў СС», — расказала Наталля Іванаўна, падкрэсліўшы, што ў справе ўвекавечання памяці аб подзвігу савецкага народа наша дзяржава цесна супрацоўнічае да Расіяй, праводзіць сумесныя мерапрыемствы і рэалізуе праекты.

 

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла вялікі ўклад у перапахаванне астанкаў лётчыка старшыні Савета Федэрацыі Валянціны Матвіенкі, якая падтрымала ідэю вяртання героя ў Беларусь і аказала дапамогу ў арганізацыі транспарціроўкі. 

На цырымоніі перапахавання прысутнічала Яўгенія Туркова, яна родам з вёскі Крывое Сяло і добра ведала маці лётчыка — жыла побач, дапамагала. Жанчына расказвае, што маці героя ўсё жыццё чакала сына. Яна праводзіла на фронт траіх сыноў, на дваіх прыйшлі пахаванкі, а пабітая горам маці ўсё жыццё цешылася надзеяй, што Сцёпа вернецца з вайны. А ён столькі гадоў ляжаў невядомы ў расійскай зямлі, гераічна аддаўшы жыццё дзеля агульнай Перамогі. І толькі амаль праз 80 гадоў старшы пілот І-16 вярнуўся дадому...

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.