Вы тут

Да 2050 года сярэдняя тэмпература ў краіне павысіцца летам на 2-2,3°С


Лясныя пажары, неўраджаі, недахоп чыстай вады — усе гэтыя наступствы засухі ўяўляюць сабой смяротную пагрозу для чалавека. У выніку глабальнага пацяплення на ўсёй тэрыторыі Беларусі назіраецца скарачэнне працягласці выпадзення ападкаў прыкладна на 20 %. Пры гэтым яны становяцца больш інтэнсіўнымі (на 20—30 %), асабліва ў паўднёвых раёнах. Павялічылася і працягласць засушлівых перыядаў. Па прагнозах (з улікам таго, што выкіды парніковых газаў застануцца на існуючым узроўні), да сярэдзіны стагоддзя сярэднегадавая тэмпература ў нашай краіне павысіцца на 1,7 °С, а летам — на 2-2,3 °С. Максімальныя тэмпературы ўздымуцца на 3 °С. Колькасць ападкаў, асабліва ў маі-чэрвені, павялічыцца да 30 мм, пры гэтым сярэдняя працягласць дажджлівых перыядаў зменшыцца, а засушлівых пабольшае, сведчаць эксперты, якія расказалі, што робіцца ў нас для барацьбы з засухай і апустыньваннем зямель.


Фота: pixabay.com

Лічбавыя карты ўстойлівасці да засухі

Канвенцыя ААН па барацьбе з апустыньваннем была прынятая 17 чэрвеня 1994 года. З таго часу гэтая дата стала штогод адзначацца як Дзень барацьбы з апустыньваннем і засухай. Кожны раз узнімаецца пэўная тэма, сёлетняя гучыць так: «Пераадолеем засуху агульнымі намаганнямі». Беларусь далучылася да канвенцыі 17 ліпеня 2021 года.

— Такі дэвіз мае на мэце нагадаць, што засуха — адно з самых смяротных стыхійных бедстваў. Канвенцыя заклікае ставіцца да зямлі як да абмежаванага каштоўнага прыроднага капіталу, удзяляць прыярытэтную ўвагу яе здароўю пасля пандэміі і настойліва дамагацца варочання зямлі на працягу дзесяцігоддзя па аднаўленні экасістэм, якое аб'яўлена ААН летась, — падкрэсліла Людміла Барташэвіч, намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды.

У нацыянальных стратэгічных дакументах Беларусі вызначаны задачы па прадухіленні дэградацыі зямель і іх аднаўленні да 2030 года. Гэта, прынамсі, выкарыстанне глебазберагальных тэхналогій у сельскай гаспадарцы, зернетравяныя севазвароты, мінімальная апрацоўка глебы, арганічнае земляробства, выкарыстанне сістэм дакладнага земляробства.

Дзеля папярэджання дэградацыі зямель і глеб у Беларусі выконваюцца мерапрыемствы нацыянальных планаў дзеянняў, першы з якіх быў рэалізаваны ў 2016—2020 гадах. Летась зацверджаны новы план на 2021—2026 гг., згодна з якім працягнута экалагічная рэабілітацыя тарфянікаў, рэкультывацыя ўнутрыгаспадарчых кар'ераў, лесааднаўленне на згарэлых месцах, лесаразвядзенне на пясках, схілах, якія развяваюцца.

— На працягу пяцігоддзя прадугледжана стварэнне тыпавой лічбавай платформы дакладнага земляробства ў межах распрацоўкі лічбавых карт сельскагаспадарчых зямель. У рэпрэзентатыўных раёнах летась распрацавана шкала групавання глеб Беларусі па ступені ўстойлівасці да засухі і засушлівых з'яў. Праведзена ранжыраванне раёнаў па патэнцыяльных рызыках вядзення раслінаводства падчас засух і засушлівых з'яў, — расказала эксперт.

Працягваецца ў Беларусі і экалагічная рэабілітацыя парушаных тарфянікаў. У Талачынскім раёне Віцебскай вобласці рэкультывавана 53,4 гектара выпрацаваных тарфяных плошчаў. Іх перадалі папярэдняму землекарыстальніку — Талачынскаму лясгасу — пад паўторнае забалочванне і натуральнае лесааднаўленне.

Распачатая ў канцы 2020-га другая фаза праекта ўрада Карэі і Канвенцыі ААН — аднаўленне асушаных тарфянікаў Беларусі — дазволіла правесці забалочванне больш як чатырох тысяч гектараў дэградаваных асушаных тарфянікаў на Гомельшчыне. Паўторна забалочаны асушаныя тарфянікі ў Калінкавіцкім раёне (больш за тысячу гектараў), Хойніцкім (больш за 300 гектараў), распавяла Людміла Барташэвіч.

— Цяпер вядзецца работа па новых раёнах для іх экалагічнай рэабілітацыі. Распрацавана праектная дакументацыя для паўторнага забалочвання тарфяніку Паганянскае 1 плошчай больш за шэсць тысяч гектараў, які знаходзіцца ў Палескім радыяцыйным запаведніку Брагінскага раёна.

Тэмпература — больш, ападкаў — менш

З 1980-х гадоў у Беларусі тэмпература павысілася на 2 °С, а летам — на 2,7 °С, закрануў пытанні сусветнага пацяплення Сяргей Лысенка, дырэктар інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі:

— Агракліматычныя зоны, якія характарызуюцца гадавой сумай актыўных тэмператур, што перавышаюць 10 °С, рухаюцца на поўнач з хуткасцю 12 км у год. А індэкс, які характарызуе водны баланс і разлічваецца як суаднясенне гадавой сумы ападкаў да патэнцыйнай гадавой выпаральнасці, за час пацяплення змяніўся на 20 %. Цяпер практычна ва ўсёй паўднёвай частцы Беларусі выпаральнасць дамінуе над гадавой сумай ападкаў. Такім чынам, у Беларусі адбываецца высушванне клімату краіны.

Калі рост парніковых газаў у свеце працягнецца і павялічыцца ўдвая да канца стагоддзя, то ўжо ў сярэдзіне XXІ стагоддзя сярэднегадавая тэмпература ў нашай краіне павысіцца на 2 °С, а летам — на 2,8 °С. Максімальныя тэмпературы ўздымуцца на 4 °С, а колькасць ападкаў улетку зменшыцца на 8 %. Зімой, як прагназуюць эксперты, колькасць ападкаў павялічыцца на 11-12 %, аднак адбудзецца гэта пераважна за кошт росту дзён з ападкамі малой інтэнсіўнасці і вадкіх ападкаў. У выніку клімат стане больш экстрэмальны.

— У апошнія дзесяцігоддзі назіраюцца інтэнсіўныя хвалі цеплыні, якія ў 1980—1990-я з'яўляліся ў чатыры разы радзей і па сваёй моцы былі на 40 % меншымі. Гэта адбіваецца на стане экасістэм, устойлівасці драўняных парод і сельскагаспадарчых культур і ўплывае на працэс дэградацыі высушвання зямель, — канстатаваў спецыяліст.

Ад тэмпературы залежыць працэс фотасінтэзу. Пры тэмпературным мінімуме фотасінтэз магчымы, пры тэмпературным максімуме адбываецца дэнатурацыя бялку. А ёсць тэмпературны оптымум — розны для пэўных тэрыторый і клімату, і гэты пункт у Беларусі будзе пройдзен праз два дзесяцігоддзі. У выніку нашым экасістэмам, якія штогод паглынаюць з атмасферы каля 30 млн тон СО2, спатрэбіцца больш рэсурсаў для «дыхання», і яны, замест таго каб паглынаць вуглякіслы газ, стануць яго вырабляць. Лішак цяпла і дэфіцыт вільгаці прывядуць да таго, што прадукцыйнасць экасістэм у сярэдзіне стагоддзя стане меншая на 8 млн тон СО2 у год, непакоіцца дырэктар інстытута.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.