Вы тут

Сакрэты і парады вырошчвання пекінскай капусты


Пекінская капуста зацвітае і дае насенне толькі пры доўгім светлавым дні (гэтак жа як радыска або дайкон). Адсюль напрошваецца відавочная выснова: высаджваць пекінскую капусту трэба або рана вясной, або ў сярэдзіне лета, калі светлавы дзень карацейшы. Таму пекінскую капусту саджаюць двойчы: ранне-вясновая пасадка — 15—20 красавіка. Летне-асенняя — з 20 ліпеня да 10 жніўня.


Пекінскую капусту вырошчваюць рассадным і безрассадным спосабамі. Перавага расады бясспрэчна — паскарэнне росту і скарачэнне перыяду паспявання.

Пры вырошчванні без расады рэкамендуецца выбіраць добра асветлены ўчастак, на якім да гэтага раслі часнок, цыбуля, агуркі, бульба ці морква — найлепшыя папярэднікі гэтай культуры. Спачатку неабходна падрыхтаваць лункі на адлегласці 25—30 сантыметраў адна ад другой (такая ж адлегласць павінна быць і паміж радкамі на градцы). У кожную лунку дадаюць паўлітровы слоік перагною або кампосту + 2 сталовыя лыжкі попелу і багата праліваюць. Насенне сеюць на глыбіню 1-2 сантыметры, пасыпаюць зверху попелам і прыкрываюць укрыўным матэрыялам або плёнкай. Праз 4—7 дзён павінны з'явіцца першыя ўсходы.

Пекінская капуста любіць святло, вільгаць і прахалоду. Аптымальная тэмпература для яе вырошчвання — 15—20 °С. Пры тэмпературы ніжэй за 13 °С і вышэй 25 °С на добры ўраджай можна не разлічваць.

Адзін раз на тыдзень пекінскую капусту шчодра паліваюць цёплай вадой. Культура добра ўспрымае падкормы. Яе можна падкарміць: настоем каровінага гною (1:10); настоем курынага памёту (1:20); настоем травы (1:9). Пад кожную расліну выліваюць 1 літр падкорму. Пры вясновай пасадцы такія падкормкі праводзяць тры разы, а пры летняй — двойчы. Каб качаны лепш завязваліся, можна апырскаць капусту растворам борнай кіслаты: 2 г растварыць у 1 літры гарачай вады і дадаць 9 літраў халоднай.

Хваробы ў пекінскай капусты сустракаюцца рэдка, яна так хутка расце, што проста не паспявае «заразіцца». А вось шкоднікі пекінку любяць. Самыя заўзятыя аматары капусткі — гэта крыжакветныя блошкі і смаўжы. Але познім летам крыжакветных блошак ужо няма ў прыродзе. Не варта высаджваць пекінскую капусту на градкі, дзе раслі іншыя крыжакветныя культуры (радыска, дайкон, гарчыца або любыя капусты). Лічынкі крыжакветнай блошкі зімуюць у глебе, і шкоднік абавязкова аб'явіцца.

Яшчэ адна бяда пекінкі — смаўжы. У пахмурнае дажджлівае лета яны могуць проста з'есці пекінскую капусту за нас. Будзем сумленныя: пазбавіцца ад смаўжоў вельмі складана. І даводзіцца спрабаваць усё: абсыпаць капусту спецыяльнай сумессю (0,5 літра попелу + 2 ст.л. солі + 1 ст.л. сухой гарчыцы + 2 ст.л. молатага вострага чырвонага перцу, раскладваць па градцы лісты лопуху (смаўжы вельмі любяць лопух і абавязкова збяруцца пад лістамі), класці паміж градкамі дошкі (смаўжы збіраюцца пад імі), а потым знішчаць шкоднікаў уручную, праліваць градкі зялёнкай (капля на вядро вады).

Дарослыя расліны пекінскай капусты вызначаюцца ўстойлівасцю да замаразак. Культура вытрымлівае пахаладанні да — 4°С. Таму пекінскую капусту можна смела пакідаць на градцы да сярэдзіны кастрычніка. Калі качан пекінскай капусты становіцца шчыльным, ён гатовы да ўборкі. Пекінская капуста, пасаджаная ў ліпені, можа выдатна захоўвацца да новага года і даўжэй. Захоўваюць пекінскую капусту пры тэмпературы 5—7 °С, абгарнуўшы кожны качан у харчовую плёнку або ў газету, а затым у цэлафанавы пакет. Толькі паперу час ад часу трэба мяняць, каб пазбегнуць загнівання.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.