Вы тут

Дыхайце глыбей. Псіхолаг распавяла, чым пахнуць каханне, трывога і радасць


Свой пах ёсць у вясны, у дзяцінства і ў старасці. Можа «пахнуць смажаным», і мы не толькі разумеем метафару, але і адчуваем гэты няўлоўны пах трывогі. З кожным здаралася нешта падобнае: раптоўны пах карыцы і мандарына пераносіць нас у калядную атмасферу адыходзячага года, а пах вядомых духоў мінулых гадоў нагадвае аб юнацтве. Пры гэтым з дапамогай нюху мы атрымліваем усяго 2 % інфармацыі, у той час як пры дапамозе зроку — 85 %. Аднак з пяці пачуццяў чалавека нюх — самае хуткае і выразнае. Аб ролі пахаў гаворым з псіхолагам Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Таццянай Бандарэнкай.


— Таццяна Міхайлаўна, нашу памяць на пахі па-іншаму называюць «эфект Пруста». Чым гэта тлумачыцца?

— Аднойчы ў зімовы дзень французскі пісьменнік Марсэль Пруст прыйшоў дадому, і цётка наліла яму кубак ліпавай гарбаты і паставіла сподак з печывам.

«... у тое самае імгненне, калі глыток гарбаты з дробкамі печыва дакрануўся да майго паднябення, я здрыгануўся, уражаны незвычайнасцю таго, што адбываецца ўва мне...». Гэтых уражанняў, якія востра адчуваў Пруст, хапіла, каб напісаць цэлую кнігу на тры тысячы старонак — «У пошуках страчанага часу». У навукова-папулярных публікацыях з'ява ярка афарбаваных эмацыянальных успамінаў, выкліканых вызначаным пахам, смакам ці іх спалучэннем, атрымала назву «Эфект Пруста».

— Чаму мы так рэагуем на пахі?

— Нюх — самая старажытная зона мозгу. З яго дапамогай чалавек атрымлівае не больш за 2 % інфармацыі аб навакольным асяроддзі, а з дапамогай зроку — 85 %. Аднак з пяці пачуццяў чалавека нюх — самае хуткае і выразнае.

Напрыклад, нюхальны імпульс даходзіць да мозга нашмат хутчэй, чым болевы. Гэта адбываецца імгненна, на падсвядомым узроўні. Нерв, які адказвае за перадачу нюхальных сігналаў, злучаны з мозгам наўпрост. Нос — адзіны орган пачуццяў чалавека, які не мае пасрэднікаў!

Калі чалавек удыхае пах, у мозг дасылаецца пэўны сігнал, які потым распаўсюджваецца па ўсім арганізме. Усе гэтыя структуры або ўчасткі галаўнога мозга разам утвараюць лімбічную сістэму, якая адыгрывае важную ролю ў кіраванні нашым настроем, паводзінамі, эмоцыямі, частатой сардэчных скарачэнняў, крывяным ціскам, дыханнем, памяццю, стрэсам і гарманальным балансам.

Навукоўцы, якія даследавалі ўздзеянне пахаў на чалавека, пішуць, што пахі ўплываюць на эмоцыі, апошнія, у свайгу чаргу, — на паводзіны, гэта значыць ад уздзеяння пахаў узнікае ланцуг наступстваў! Атрымліваецца, пах іграе такую вялікую ролю ў памяці, настроі і эмоцыях. Пахі — гэта адначасова і пра біялогію, і пра асабісты досвед кожнага. З даўніх часоў усходнія народы выкарыстоўваюць пахі для павышэння тонусу.

— Ці праўда, што ў кожнага свой пах і па ім мы выбіраем нават каханага чалавека?

— Сучасныя людзі вельмі часта карыстаюцца парфумай, і пачуць іх натуральны пах складана. Аднак у Афрыцы да гэтага часу існуе племя, дзе жонку і мужа выбіраюць толькі па паху. Разводаў не бывае.

Сапраўды, пах чалавечага цела індывідуальны. Колькі ў свеце людзей, столькі і розных непаўторных пахаў. Дзякуючы гэтаму жывёліны знаходзяць след гаспадара. А маленькія дзеці пазнаюць маму па паху рэчаў.

Вядома, што кожны наш эмацыянальны стан выклікае адмысловую хімічную рэакцыю ў арганізме, і гэта ўплывае на пах поту. Пот ад работы і пот ад сексу па хімічным складзе крыху розныя. Пот чалавека, які бяжыць на дапамогу, адрозніваецца ад поту злачынцы, які ўцякае.

— Ці можа пах аказваць лячэбны эфект?

— Да 1880 года існавала толькі 160 натуральных водараў — кветак, травы, садавіны. Цяпер жа сінтэзуюць водары чаго заўгодна — ад нервовага зрыву да шчасця на Сейшэлах.

Зыходзячы з таго, што лімбічная (яна ж эмацыянальная) сістэма непасрэдна звязана з тымі часткамі мозга, якія кантралююць частату сардэчных скарачэнняў, артэрыяльны ціск, дыханне, памяць, узровень стрэсу і гарманальны баланс, даследчыкі лічаць, што пахі могуць мець тэрапеўтычны ўплыў на фізіялагічны і псіхалагічны стан чалавека. У 80-х гадах атрымаў развіццё такі кірунак, як арамакалогія, гэта значыць вывучэнне таго, як пахі ўплываюць на фізіялогію, здароўе чалавека, а цяпер набіраюць абароты такія напрамкі, як ароматэрапія, аромадыягностыка і нават аромапсіхалогія.

Так, шматлікія рэчы выклікаюць у нас эмоцыі, прыемныя і не вельмі — пах бабулінай хаты, пах новых скураных пальчатак, новага аўтамабіля, водар квітнеючай ліпы, жухлай лістоты, стаматалагічнага кабінета, пах валасоў каханага чалавека ...

І ўплывам пахаў на нашу падсвядомасць актыўна карыстаюцца. У прыватнасці, каб прыцягнуць да свайго брэнда, маркетолагі распыляюць адпаведныя водары на новенькія гаджэты, абутак, адзенне, спадзеючыся, што пакупнікі будуць вяртацца зноў і зноў. Бо за кожнай пакупкай стаіць свой пах, які будзе заўсёды нагадваць пра яе. А як жа хочацца вярнуцца ў краму па адмысловыя адчуванні ад новай пакупкі. І гэта працуе!

У офісах Японіі па вентыляцыйнай сістэме распыляюць розныя пахі для лепшай працаздольнасці работнікаў, нават каля кабінетаў стаматолагаў іх выкарыстоўваюць для заспакаення і расслаблення пацыентаў.

Водары, карысныя для здароўя:

  • Пах эўкаліпта дапамагае засяродзіцца, сабрацца з думкамі.
  • Пах аеру супакойвае, павялічвае апетыт і выклікае агіду да курэння.
  • Пах пачулі прыбірае трывогу, дапамагае змагацца з дэпрэсіўным станам, стымулюе фантазію.
  • Пах апельсіна паляпшае настрой, здымае стомленасць, пазбаўляе ад змрочных думак.
  • Пах ружы павышае працаздольнасць, здымае ператамленне і дапамагае змагацца са стрэсам.
  • Пах язміну пазбаўляе ад апатыі, стымулюе арганізм.
  • Пах лаванды — антыдэпрэсант. Дапамагае змагацца са стрэсам і дэпрэсіўным станам.
  • Пах ванілі дапамагае пры лячэнні нервовых зрываў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.