Вы тут

Ліпеньскі нумар «Полымя» па традыцыі насычаны творамі паэзіі і прозы


Сёмы, ліпеньскі, нумар часопіса «Полымя» па традыцыі насычаны творамі паэзіі і прозы. Выпуск адкрываецца паэтычнай падборкай Віктара Шніпа «Памяць не прапала». І першым у ёй — верш «З намі Янка Купала». «Мы тутэйшымі былі калісьці, / Сёння ж беларусы мы, народ. / І мы помнім, памяць не прапала,/ Што было на нашае зямлі./ Мы жывём, і з намі наш Купала,/ Продкі, што нікуды не ўцяклі». А гэтыя радкі — з другога верша Віктара Шніпа: «Душа трымаецца за сэрца,/ А сэрца — вечна за душу,/ Таму спакойна сэрца б’ецца./ Душу ў сабе, як зніч, нашу». 


«Полымя» завяршае публікацыю рамана-версіі Уладзіміра Гаўрыловіча «Па веры вашай...» Вядомы празаік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Георгій Марчук знаёміць чытача са сваімі, часам афарыстычнымі запісамі, якія аб’яднаны адной назвай: «Мой тэлеграм-канал». «Прызнаюся, напачатку рукапісу хацеў даць назву „Маякі памяці“, але ж паддаўся павевам часу. Маякі памяці — тыя ж тэлеграмы, толькі больш даўгавечныя. Шмат што трымае памяць чалавека, у яе сховішчах ёсць нешта такое, што запала ў сэрца і час ад часу аднекуль здалёк нагадвае пра яркія факты жыцця, якія фарміравалі свядомасць чалавека, яго духоўны рост з дзяцінства да старасці. У гэтых сігналах ёсць і ўласны грэх, можа, і сорам. Але што зробіш, такое жыццё — непрадказальнае. Новая форма тэлеграм-каналаў у нечым прагрэсіўная сваёй аператыўнасцю, адкрытасцю. Трэба ўмець асэнсоўваць прачытанае, пашыраць свае веды, аналізаваць, што праўда, а што падман», — так патлумачвае пісьменнік выбар жанру. 

З новымі вершамі ў ліпеньскім нумары выступае Ігар Пракаповіч. Сярод іншых публікацый вылучаецца апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка «Падарожжа доктара Руселя». 

Вялікай падборкай друкуюцца матэрыялы, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння народнага песняра Беларусі Янкі Купалы. Марыя Плаўская, Валянціна Ціханавецкая выступаюць з артыкулам «Янка Купала і Канстанцыя Буйло». Друкуюцца вершы Канстанцыі Буйло, прысвечаныя Янку Купалу. Доктар гістарычных навук Эмануіл Іофе назваў свой нарыс даволі прыцягальна — «Малавядомыя старонкі біяграфіі Янкі Купалы». Раю не абмінуць гэты тэкст. 

У ліпеньскім нумары «Полымя» выступаюць і крытыкі, літаратуразнаўцы Ганна Кісліцына («Метадалагічныя асновы сучаснага беларускага літаратуразнаўства»), Мікола Мікуліч («Параскідаў я свае вёсны...»: Штрыхі да партрэта Анатоля Іверса«), Валерый Максімовіч («Адраджэнскі пафас творчасці Янкі Купалы пачатку XX ст. у ракурсе праблемы нацыянальнай кансалідацыі»). 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.