Вы тут

Як выбраць спецыяльнасць у сферы высокіх тэхналогій і не памыліцца?


Сфера высокіх тэхналогій вельмі прыцягальная і для абітурыентаў, і для іх бацькоў. Аналітыкі рынку працы высветлілі асноўныя матывы, з якіх маладыя людзі імкнуцца трапіць у ІT. Самыя галоўныя з іх — высокая запатрабаванасць адпаведных спецыялістаў, велізарны спектр напрамкаў, высокі і стабільны даход, прэстыжнасць, выдатныя перспектывы для кар'ернага росту, цікавая і творчая работа. А з пачаткам пандэміі з'явіўся яшчэ адзін важны бонус — магчымасць эфектыўна працаваць па-за офісам, прычым з любога пункта свету. Калі прааналізаваць прахадныя балы ў беларускіх ВНУ, то можна лёгка пераканацца ў тым, што ў рэйтынгу пераваг абітурыентаў спецыяльнасці ІТ-сферы — стабільна ў лідарах.


Электронная «шпаргалка»

Знайсці ў ІТ-галіне спецыяльнасць «да густу» можа практычна любы чалавек — як «тэхнар», так і «гуманітарый». Кожны год у гэтай сферы з'яўляюцца новыя напрамкі, спецыялізацыі, тэхналогіі, і ў тых, хто хоча ў яе трапіць, разбягаюцца вочы ад разнастайнасці магчымасцяў. Які выбраць універсітэт і факультэт? Ці магчыма атрымаць ІT-cпецыяльнасць у рэгіянальных ВНУ? Ці можна, будучы студэнтам, пачаць супрацоўнічаць з ІТ-кампаніямі? Куды размяркоўваюць выпускнікоў і што іх чакае? Якіх ІТ-спецыялістаў на рынку працы не хапае сёння і якія будуць запатрабаваныя праз чатыры гады? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні абітурыенты, якія выбіраюць сёння будучую прафесію, змогуць знайсці ў электронным даведніку «ІT-абітурыент — 2022». Ён размешчаны ў свабодным доступе на сайце ПВТ: http//www.park.by.

У выданні прадстаўлена актуальная інфармацыя аб факультэтах мінскіх і рэгіянальных ВНУ: планы прыёму на 2022 год, прахадныя балы ў два папярэднія гады, кошт навучання, месцы размеркавання выпускнікоў, парадак выдзялення месца ў інтэрнаце студэнтам, кантактная інфармацыя. Акрамя таго, ён змяшчае апісанне 15 найбольш распаўсюджаных сёння ІТ-прафесій: ад праграміста і бізнес-аналітыка да гейм-дызайнера і спецыяліста па інтэрнэце рэчаў.

На жаль, зрабіць доўгатэрміновы прагноз аб тым, якія менавіта ІТ-спецыялісты будуць на хвалі попыту праз чатыры гады, ніхто не адважваецца. Бывае, што нейкая новая тэхналогія стварае патрэбу ў кадрах на працягу паўгода, але неабходнасць у пэўных спецыялістах можа хутка ўзнікнуць і гэтаксама хутка знікнуць. Аднак падмурак ІТ-галіны па-ранейшаму будуць складаць наступныя прафесіі: праграміст (Software Engіneer), спецыяліст па тэсціраванні праграмнага забеспячэння (Tester), бізнес-аналітык (Busіness Analyst), спецыяліст па забеспячэнні якасці праграмнага забеспячэння (QA Engіneer), інжынер даных (Data Engіneer), эксперт па даных (Data Scіentіst), аналітык даных (Data Analyst), SEO-спецыяліст, тэхнічны пісьменнік (Technіcal Wrіter), вэб-дызайнер (Web Desіgner), 3D-дызайнер (3D Artіst), UX/UІ-дызайнер, гейм-дызайнер (Game Desіgner), ІоT-спецыяліст (Іnternet of Thіngs Specіalіst) і спецыяліст па кібербяспецы (Cyber Securіty Specіalіst).

Аналітыкі і SEO-спецыялісты

— ІТ-прафесіі, як, уласна кажучы, і любыя іншыя, патрабуюць свядомага выбару, наяўнасці пэўных здольнасцяў, разумення таго, чаму ты будзеш навучацца і чым займацца пасля заканчэння вучобы. А вось з гэтым ёсць праблемы, — разважае загадчык кафедры тэлекамунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій Белдзяржуніверсітэта Юрый ВАРАТНІЦКІ.

Напрыклад, ці ўсе разумеюць розніцу паміж інжынерам даных, экспертам па даных і аналітыкам даных?

Інжынер даных (Data Engіneer) — гэта спецыяліст, які распрацоўвае, тэсціруе і падтрымлівае інфраструктуру сістэмы з данымі. Таксама ў яго абавязкі ўваходзіць апрацоўка даных, іх ачыстка і структураванне. Па насычанасці матэматыкай і алгарытмамі работа інжынера даных падобная на работу інжынера-праграміста. Як правіла, такія спецыялісты запатрабаваныя ў вялікіх арганізацыях, якія акумулююць вялікую колькасць розных звестак.

Эксперт па даных (Data Scіentіst) — гэта навуковец, які займаецца зборам вялікай колькасці даных і ўмее знаходзіць у іх лагічныя заканамернасці, пераўтварае даныя ў больш зручны фармат, вырашае бізнес-задачы з выкарыстаннем даных і матэматычнага мадэлявання. Для гэтага яму неабходна ўмець працаваць з рознымі мовамі праграмавання, уключаючы SAS, R і Python, працаваць са статыстыкай, выкарыстоўваць аналітычныя метады, машыннае навучанне (machіne learnіng), глыбокае навучанне (deep learnіng) і тэкставую аналітыку. Ён таксама павінен ведаць метады інтэлектуальнага аналізу даных, праграмы штучнага інтэлекту, а таксама ўмець візуалізаваць даныя, валодаць тэхналогіяй распазнавання выяў.

Аналітык даных (Data Analyst) — спецыяліст, які знаходзіць заканамернасці і сувязі ў вялікіх аб'ёмах даных, каб рабіць прагнозы і прапаноўваць розныя рашэнні. Асноўнымі навыкамі з'яўляюцца выдатнае веданне прадметнай галіны, у межах якой ён аналізуе даныя. На падставе аналізу далей можна прыняць тое ці іншае рашэнне, якое ўплывае на эфектыўнасць бізнесу.

Вельмі запатрабаваныя сёння і SEO-спецыялісты, работа якіх накіравана на знешнюю і ўнутраную аптымізацыю сайта пад пошукавыя запыты. Галоўная задача SEO-спецыяліста — прыцягнуць максімальную колькасць наведвальнікаў на сайт, што прасоўваецца, каб той займаў лідзіруючыя пазіцыі ў пошукавай выдачы. SEO-спецыяліст праводзіць аўдыт, аналіз сайта і яго бачнасці для пошукавых сістэм, аналізуе рэсурсы канкурэнтаў, распрацоўвае і праводзіць мерапрыемствы па ўнутранай і знешняй аптымізацыі сайта, па прасоўванні сайта, праводзіць неабходныя мерапрыемствы па яго паляпшэнні з мэтай прыцягнення кліентаў і павелічэння колькасці наведвальнікаў з ліку пакупнікоў... SEO-спецыяліст павінен ведаць розныя каналы анлайн-маркетынгу, валодаць базавымі ведамі ў кантэнт-маркетынгу, прасоўванні ў сацыяльных медыя і гэтак далей.

Стаўка — на ўнікальнасць

І ўсё ж такі, як выпускніку школы правільна выбраць ІТ-спецыяльнасць? Ці існуе схільнасць да тых ці іншых спецыяльнасцяў?

— Калі падзяліць людзей на два тыпы па складзе мыслення — матэматычны і гуманітарны, то для матэматычнага, вядома, падыдзе распрацоўка. А для гуманітарнага пры добрым веданні англійскай мовы і прыроднай увазе да дробязяў — тэсціраванне, — падкрэслівае намеснік дырэктара па персанале ТАА «Тэхартгруп» Вольга КАЧАНАВА. — Для тых, хто любіць кантактаваць, заўсёды знойдзецца работа ў HR або ў аддзелах продажаў. Для тых, чый канёк — уменне упарадкаваць працэсы, падыдзе праектны менеджмент, бізнес-аналіз. А тыя, хто выдатна піша тэксты, паспяхова вядзе сацыяльныя сеткі ці арганізоўвае мерапрыемствы, заўсёды змогуць знайсці работу ў PR.

«Часта выявіць патэнцыяльныя схільнасці на этапе паступлення няпроста. Ідэальна, калі ў студэнта ёсць магчымасць «прымераць» на сябе розныя напрамкі —- ад тэсціравання да мабільнай распрацоўкі — і выбраць найбольш для сябе прыдатны, — разважае Макар ШНІП, маркетынг-дырэктар ІSsoft Solutіons. — Таму ёсць сэнс прыгледзецца да спецыяльнасцяў, якія маюць у праграме падрыхтоўкі дысцыпліны па большасці ІТ-кірункаў. Пазней паглыбіцца ў абраны кірунак можна будзе і самастойна, з дапамогай дадатковых трэнінгаў і курсаў. З гэтага пункту гледжання можна парэкамендаваць такія спецыяльнасці, як «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання», «Прыкладная інфарматыка», «Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі».

— Лепш за ўсё выбіраць ІТ-спецыяльнасць, зыходзячы з таго, да чаго больш ляжыць душа і што ўжо атрымліваецца добра, — раіць Іван ДЗМІТРЫЕЎСКІХ, кіраўнік напрамку падбору і адаптацыі персаналу СТАА «Сістэмныя тэхналогіі». — Калі падабаецца матэматыка, фізіка, атрымліваецца вырашаць складаныя ўраўненні — смела ідзіце ў распрацоўку. Атрымліваецца шукаць памылкі і знаходзіць недахопы, падабаецца працаваць па інструкцыі ці пісаць іх — у тэсціраванне. Ёсць схільнасць да моў, цікава размаўляць з людзьмі, перакладаць сказанае іншымі на «чалавечую мову» — у бізнес-аналіз. Любіце маляваць і вывучаць, што падабаецца іншым людзям, — у дызайн і г. д.

Дарэчы, калі беларускім ІТ-кампаніям пачалі давяраць высокатэхналагічныя праекты, аказалася, што толькі ведаў у праграмаванні ўжо недастаткова — каб выканаць пастаўленую задачу, трэба адначасова разбірацца ў іншых сферах. Таму калі малады чалавек хоча зазірнуць больш чым на пяць гадоў наперад, то ён павінен падумаць пра спецыяльнасць, якая ў камбінацыі з праграмаваннем зробіць з яго дастаткова ўнікальнага спецыяліста. Прывіць ІТ-кампетэнцыі спецыялісту ў прыродазнаўча-навуковай, тэхнічнай галіне прасцей, чым наадварот.

Загадчык кафедры тэлекамунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ Юрый Варатніцкі прыводзіць наступны прыклад. Гадоў 30-40 таму самастойную каштоўнасць складалі выпускнікі інстытута замежных моў, таму што веданне замежнай мовы было прафесіяй. А цяпер, каб свабодна ўзаемадзейнічаць з навуковай супольнасцю, друкаваць свае артыкулы ў замежных часопісах, валодаць замежнымі мовамі неабходна ўсім. Прафесія перакладчыка стала адным з абавязковых навыкаў. Тое ж самае адбываецца і з праграмаваннем. Не выключана, што зусім хутка праграмаванне, тэсціраванне праграмных прадуктаў увогуле перастануць быць чалавечай прафесіяй. Таму выпускнікоў свайго факультэта яны бачаць сістэмнымі архітэктарамі і бізнес-аналітыкамі, спецыялістамі ў сферы аналізу даных і штучнага інтэлекту, кібербяспекі і кіберфізічных сістэм. У сферы лічбавізацыі ўсё больш запатрабаванымі будуць творчыя здольнасці і тыя прафесіі, якія штучны інтэлект асіліць не зможа.

Наймальнікамі запатрабаваныя спецыялісты, здольныя не проста пісаць код, а комплексна глядзець на праблемы бізнесу і прапаноўваць адпаведныя рашэнні. Для гэтага патрабуецца моцная інжынерная падрыхтоўка, добры фундаментальны бэкграўнд і калі не наяўнасць дадатковай спецыяльнасці, каб стаць унікальным прафесіяналам, то, прынамсі, шырокая эрудыцыя і ўласны пункт гледжання для таго, каб быць эфектыўнымі. Заўсёды будуць цаніцца спецыялісты з жаданнем вывучаць новае і хутка адаптавацца пад усе змены і новыя патрэбы.

Сістэмнасць мыслення

Між іншым, некаторыя наймальнікі лічаць, што тэхнічныя кампетэнцыі сёння адыходзяць на другі план, а на першы выходзяць асобасныя характарыстыкі работнікаў, бо, спалучаючы добрую фундаментальную падрыхтоўку з практыкай, можна ў экспрэс-рэжыме «выхаваць» вельмі добрых спецыялістаў (аднак гэта магчыма толькі пры ўмове іх асабістай зацікаўленасці). Патрэбныя тэхнічныя кампетэнцыі сфарміруюцца ўжо на рабочым месцы: куды больш важна атрымаць матываваных і адказных людзей.

Якія яшчэ важныя якасці, што яны хочуць бачыць у сваіх работніках, называюць работадаўцы? Камунікабельнасць, эмацыянальны інтэлект, уменне слухаць суразмоўніка, дакладна адказваць на пытанні і не расплывацца думкай. Сістэмнасць мыслення: спачатку падумай, потым выбірай інструмент і рабі. Гібкасць у прафесійным развіцці і гатоўнасць пастаянна вучыцца. Матывацыя да развіцця. Уменне працаваць у камандзе: можна набраць шмат «зорак», якія будуць цягнуць воз у розныя бакі і не змогуць зрабіць свой унёсак у агульны вынік.

Звязваючы сваё жыццё з ІТ, трэба разумець, што працаваць прыйдзецца зусім не па той спецыяльнасці, якую ты атрымліваў у ВНУ, а па сумежнай ці ўвогуле па нейкай новай. ІТ-галіна — вельмі рухомая, і работніку трэба быць пастаянна гатовым вывучаць новыя тэхналогіі і нават перакваліфікавацца.

Чакаецца, што да 2026 года кампаніі патрояць выдаткі на ІТ у параўнанні з 2015 годам. Будучы рынак ацэньваюць у 5 трлн долараў ЗША (крыніца — даследаванні ІDC). Адпаведна, попыт на ІТ-спецыялістаў у свеце будзе толькі расці.

«Інфармацыйныя тэхналогіі ўжо змянілі свет. Але тыя цуды, якія яны зробяць у будучыні, сёння немагчыма ўявіць. І калі вы звяжаце жыццё з ІТ, то гэтыя цуды будзеце рабіць вы самі, — звярнуўся да будучых студэнтаў дырэктар ПВТ Усевалад ЯНЧЭЎСКІ. — Спадзяюся, што інфармацыя, сабраная ў даведніку Паркам высокіх тэхналогій, акажацца для вас карыснай. У добры шлях, дарагія сябры».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.