Вы тут

Лічбы дня: У Беларусі ўжо 100 электробусаў і 10 тысяч электрамабіляў


Нягледзячы на нясонечнае надвор’е, у пятніцу на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі яблыку не было дзе ўпасці. Ды гэта і нядзіўна: сёлета менавіта тут асталявалася выстава перспектыўнага электратранспарту, у якой бяруць удзел два дзясяткі кампаній.


Адкрыў дзень электратранспарту міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч. Ён адзначыў, што колькасць аматараў экалагічных машын з кожным годам павялічваецца, а гэта яшчэ раз падкрэслівае цікавасць насельніцтва да развіцця электратранспарту. А для развіцця гэтага напрамку ў нашай краіне створаны камфортныя ўмовы, дзейнічаюць стымулюючыя меры. Штогод павялічваецца колькасць электразарадных станцый — іх агульная колькасць па краіне складае 680. «У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта, дзяржаўным аператарам па стварэнні зараднай сеткі вызначана ВА „Беларуснафта“. Ва ўзаемадзеянні з энергазабеспячальнымі арганізацыямі Мінэнерга забяспечана сістэмная работа ў гэтым кірунку», — сказаў Віктар Каранкевіч.

Актыўнае развіццё «Маланкі» (айчынны аператар зарадных станцый) дае свой станоўчы вынік. Міністр энергетыкі адзначыў, што, паводле апошніх даных, колькасць электрамабіляў у Беларусі дасягнула 10 тысяч. Рост за мінулы год — больш чым у два разы.

Растуць і аб’ёмы спажывання электраэнергіі зараднымі станцыямі для электратранспарту: у 2021 годзе дадзены паказчык павялічыўся ў 1,4 раза ў параўнанні з 2020 годам да 10 млн кВт*г. Дадатная дынаміка захоўваецца і сёлета.

Звярнуў увагу Віктар Каранкевіч таксама на тое, што пашыраецца парк грамадскага электратранспарту — на гарадскіх маршрутах сёння курсіруе больш за 100 электробусаў. «Гэта экалагічны, надзейны від транспарту, які забяспечвае высокі ўзровень камфорту для пасажыраў», — падкрэсліў міністр.

Варта адзначыць, што папулярнасць электратранспарту расце і ў цэлым у свеце. Так, у 2021 годзе сусветныя продажы электрамабіляў удвоіліся, агульная колькасць іх склала 16 мільёнаў машын. На думку міністра, гэтаму спрыяюць агульнасусветная тэндэнцыя да дэкарбанізацыі, адмова буйных аўтавытворцаў ад вытворчасці аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання. Па прагнозах Міжнароднага энергетычнага агенцтва, да 2030 года агульная колькасць электрамабіляў у свеце дасягне 200 мільёнаў.

Дзень электратранспарту праводзіцца ўжо трэці год для папулярызацыі электрамабіляў як экалагічнага і эканамічнага віду транспарту, які садзейнічае фарміраванню камфортнага гарадскога асяроддзя. Гэтым разам у выставе бярэ ўдзел больш за 20 кампаній. Тут створана ўнікальная пляцоўка, дзе можна ўбачыць усе віды электратранспарту — ад легкавых і грузавых электрамабіляў, электробусаў да электраматацыклаў і электравеласіпедаў. У склад выставы таксама ўвайшлі новыя ўзоры электрагрузавіка, электрамінівэна айчыннай вытворчасці. Жадаючыя маглі даведацца аб развіцці сеткі зарадных станцый для электрамабіляў і перспектывах яе пашырэння.

Выстава сабрала шырокае кола ўдзельнікаў — прадстаўнікоў прамысловага комплексу, навуковых арганізацый, кампаній — імпарцёраў электрамабіляў. У іх ліку — «БКМ Холдынг», МАЗ, «Амкадор», «Беларуснафта», Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Мотавелазавод, «БелДжы», кампаніі Green cars, Tesla cars, Electro car, MultiMotors, Sidus Auto і іншыя.

Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца Міністэрства энергетыкі сумесна з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам «Вялікі камень» пры садзейнічанні Мінгарвыканкама.

Дарэчы, цікава было і самым маленькім удзельнікам дарожнага руху. Ім давалася магчымасць пасядзець у кабіне легкавых і грузавых электрамабіляў, азнаёміцца з узорамі не толькі электробусаў, але і найноўшых электраматацыклаў і веласіпедаў.

Дарослым наведвальнікам былі прадстаўлены мадэлі мінівэна і электраквадрацыкла айчыннай вытворчасці. Выклікае цікавасць таксама мікраэлектрамабіль для бюджэтных перавозак і многае іншае.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.