Вы тут

Якія рашэнні па радыеактыўных адходах з АЭС прыняла Беларусь


Пры будаўніцтве і эксплуатацыі АЭС неабходна ўлічваць шмат важных аспектаў, у ліку якіх — абыходжанне з адпрацаваным ядзерным палівам і радыеактыўнымі адходамі. У Беларусі, якая рэалізуе сваю першую ядзерную энергетычную праграму, ужо прыняты шэраг неабходных рашэнняў па гэтых пытаннях, ідзе арганізацыйная і тэхнічная праца. Аб далейшых планах і перспектывах распавялі прадстаўнікі Мінэнерга, «Белэнерга», БелАЭС і Дзяржатамнагляду, паведамляе БелТА.​


Радыеактыўныя адходы

Нацыянальная сістэма абыходжання з адходамі ў Беларусі фарміравалася з 1960-х гадоў і працягвае ўдасканальвацца. Яе прыводзяць у адпаведнасць з дакументамі МАГАТЭ з улікам лепшага сусветнага вопыту. «На сёння асноўныя рашэнні ўжо прынятыя. Важнай падзеяй у гэтай галіне стала прыняцце ўказа ад 2 лістапада 2021 года № 427 Аб удасканаленні гэтай сістэмы. Акрамя таго, з 2015 года дзейнічае стратэгія абыходжання з радыеактыўнымі адходамі БелАЭС. А сёлета прынята нацыянальная стратэгія», — адзначыў намеснік дырэктара Дэпартамента па ядзернай энергетыцы — начальнік упраўлення арганізацыі эксплуатацыі АЭС і абыходжання з радыеактыўнымі адходамі Міністэрства энергетыкі Мікалай Міхайлаў.

Паводле яго слоў, асноўныя падыходы, закладзеныя ў стратэгіі, былі станоўча ўспрыняты сусветнай супольнасцю. Беларускі бок прадставіў іх у 2022 годзе ў ходзе абароны нацыянальнага дакладу аб выкананні Аб’яднанай канвенцыі аб бяспецы абыходжання з адпрацаваным палівам і аб бяспецы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі.

У краіне налічваецца больш за 750 арганізацый, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці радыеактыўныя рэчывы, якія пасля страты спажывецкіх якасцяў не падлягаюць далейшаму прымяненню. У цяперашні час радыеактыўныя адходы з гэтых арганізацый перадаюцца на доўгачасовае захоўванне ў спецыялізаванае прадпрыемства «Экарэс». Штогод на дадзенае прадпрыемства з арганізацый Беларусі паступае да 10 т адходаў. Аднак асноўным аб’ектам, які будзе выпрацоўваць такія адкіды (больш за 95% ад агульнай колькасці), у краіне з’яўляецца Беларуская АЭС.

«Паколькі магутнасці спецпрадпрыемства „Экарэс“ не разлічаны на прыём радыеактыўных адходаў з АЭС, паўстала неабходнасць арганізаваць у краіне доўгачасовае захоўванне і пахаванне адходаў шляхам стварэння спецыялізаванай арганізацыі. Пастановай Мінэнерга было створана РУП „Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі“. На першапачатковым этапе дадзенае прадпрыемства будзе выконваць функцыі заказчыка па выкананні комплексу перадпраектных, праектных, пошукавых работ, па будаўніцтве пункта пахавання», — звярнуў увагу Мікалай Міхайлаў.

Месца размяшчэння пункта пакуль не выбрана, абмяркоўваюцца варыянты. «У цяперашні час зацікаўленымі дзяржорганамі рыхтуецца дарожная карта па рэалізацыі праекта па будаўніцтве пункта пахавання радыеактыўных адходаў», — сказаў прадстаўнік Мінэнерга. Першую чаргу аб’екта плануецца ўвесці да 2030 года.

Адпрацоўка магчымых варыянтаў месца размяшчэння аб’екта працягваецца. Пляцоўка павінна адпавядаць шэрагу крытэрыяў. «Ёсць забараняльныя геалагічныя і прыродныя фактары, якія вызначаюць, дзе нельга размяшчаць сховішча, — гэта звязана і з сейсмічнай актыўнасцю, і магчымасцю падтапленняў. Улічваюцца і эканамічныя фактары — аб’ект можа спрацаваць як кропка эканамічнага росту для канкрэтнай тэрыторыі, вакол яго могуць з’явіцца спадарожныя вытворчасці, акрамя таго, ён можа спрыяць развіццю чалавечага патэнцыялу. Важныя і сацыяльныя аспекты. Рашэнне будзе прымацца ўрадавай камісіяй з улікам навуковых падыходаў і разлікаў», — патлумачыла начальнік Дзяржатамнагляду Вольга Лугаўская. Паводле яе слоў, акрамя іншых варыянтаў, разглядаюцца зона адчужэння і пляцоўкі паблізу ад асноўнай крыніцы радыеактыўных адходаў-Беларускай АЭС.

Перад пачаткам будаўнічых работ будуць праведзены грамадскія слуханні.

Адпрацаванае ядзернае паліва

Адпрацаванае ядзернае паліва з БелАЭС будуць вывозіць на перапрацоўку ў Расію з наступным вяртаннем прадуктаў перапрацоўкі ў Беларусь. «Зыходзячы з вынікаў праведзеных даследаванняў і ацэнак, пераважным варыянтам абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам быў прыняты варыянт яго перапрацоўкі ў РФ з вяртаннем у Беларусь адходаў перапрацоўкі, уключаных у шклападобную матрыцу, якія змяшчаюць радыенукліды цэзіевай і стронцыевай фракцыі з выключэннем доўгажывучых радыенуклідаў», — распавяла начальнік упраўлення тэхнічнага суправаджэння АЭС ДВА «Белэнерга» Надзея Зданевіч.

Паводле яе слоў, дадзены падыход быў пакладзены ў аснову міжурадавага пагаднення Беларусі і Расіі аб абыходжанні з ядзерным палівам. У цяперашні час вядзецца актыўная работа па рэалізацыі палажэнняў дакумента. «Распрацаваны праект пастановы Савета Міністраў, якім прадугледжваецца ўстанаўленне ўпаўнаважаных арганізацый у галіне абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, якія мы будзем атрымліваць пасля перапрацоўкі ў Расіі, і парадак прыняцця рашэнняў Міністэрства энергетыкі аб вывазе адпрацаванага ядзернага паліва на перапрацоўку ў Расію», — адзначыла яна.

Як паведаміў начальнік ядзерна-фізічнай лабараторыі аддзела ядзернай бяспекі РУП «БелАЭС» Мікіта Гуц, у развіццё гэтага кірунку на БелАЭС вядуцца работы па разлікова-эксперыментальным абгрунтаванні прынцыповых рашэнняў, якія былі закладзены ў стратэгію па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі ў частцы вяртання ў Беларусь прадуктаў перапрацоўкі. Выканана 3 з 10 прадугледжаных этапаў. Гэтыя работы плануецца цалкам завяршыць да снежня 2024 года.

Пытанні бяспекі

Начальнік Дзяржатамнагляду Вольга Лугаўская падкрэсліла, што ў Беларусі сфарміравана інфраструктура ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Беларусь паспяхова рэалізуе сваю першую ядзерную праграму, і ключавым аб’ектам з’яўляецца Беларуская АЭС. Першы энергаблок БелАЭС цяпер працуе на намінальнай магутнасці, другі знаходзіцца на этапе доследна-прамысловай эксплуатацыі.

«Мы плануем правесці грамадскія слуханні па растлумачэнні падыходаў па выдачы ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю другога энергаблока БелАЭС прыблізна ў сярэдзіне верасня. Урад залічыў нам у абавязак давядзенне да грамадскасці інфармацыі аб тым, якім чынам прымаюцца такія рашэнні», — сказала Вольга Лугаўская.

Мэта грамадскіх слуханняў — давесці да грамадскасці інфармацыю аб ходзе і выніках правядзення Дзяржатамнаглядам экспертызы бяспекі і ацэнкі адпаведнасці суіскальніка ліцэнзійным патрабаванням і ўмовам пры падрыхтоўцы рашэнняў, звязаных з забеспячэннем ядзернай і радыяцыйнай бяспекі Беларускай АЭС.

На грамадскіх слуханнях будуць абмяркоўвацца тэхнічныя і арганізацыйныя аспекты, якія вызначаюць бяспечную эксплуатацыю Беларускай АЭС як цэласнага аб’екта з двума энергаблокамі на працягу 60 гадоў. Таксама будуць закрануты інфраструктурныя пытанні: развіццё дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуская АЭС» у якасці эксплуатуючай арганізацыі, развіццё інфраструктуры абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным палівам, аварыйная гатоўнасць і рэагаванне. Акрамя таго, будзе разглядацца ўзаемадзеянне БелАЭС пасля яе ўводу ў эксплуатацыю з арганізацыямі краіны — пастаўшчыка тэхналогій (РФ), стратэгія ўзаемадзеяння эксплуатуючай арганізацыі з замежнымі і міжнароднымі арганізацыямі ў інтарэсах бяспекі.

«Калі казаць у цэлым пра інфраструктуру ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, то яна мае вельмі шмат элементаў. Новы закон „Аб рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі“ быў прыняты ў мінулым годзе, але ў поўным аб’ёме ўступае ў дзеянне ў кастрычніку цяперашнега года. Гэта базавы дакумент, у які закладзены ўсе інфраструктурныя аспекты, вызначана адказнасць на дзяржаўным узроўні і на ўзроўні арганізацый. У новы закон уключаны і аспекты, якія тычацца абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам і радыеактыўнымі адходамі», — канстатавала Вольга Лугаўская.

Таксама ў краіне дзейнічае сістэма дазвольнай і ліцэнзійнай дзейнасці, якая дазваляе ацэньваць бяспеку аб’ектаў. Акрамя таго, склалася сістэма навукова-тэхнічнай падтрымкі. У яе ўваходзяць розныя арганізацыі, уключаючы даследчыя, навукова-практычныя цэнтры, акадэмічныя інстытуты, нацыянальную камісію па бяспечным выкарыстанні атамнай энергіі пры Савеце Міністраў і экспертаў. Дзяржатамнагляд забяспечвае фарміраванне і арганізуе працу гэтай сістэмы. Арганізацыі навукова-тэхнічнай падтрымкі могуць прыцягваць да экспертызы бяспекі.

Вольга Лугаўская адзначыла, што Беларусь уключана ў глабальны рэжым бяспекі і актыўна ўзаемадзейнічае з міжнароднымі структурамі. Краіна прыняла ўсе магчымыя місіі, якія рэкамендуе МАГАТЭ, і ўлічыла ўсе атрыманыя рэкамендацыі.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.